Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі з Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
06.04.2010 15:24

6 красавіка 2010 г. у мінскай архікатэдры Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Мітрапаліт падкрэсліў важнасць гэтай сустрэчы і адзначыў, што ў выніку мінулых сустрэч з кіраўніком нашай краіны, а таксама са Святым Айцом Бэнэдыктам XVI многія важныя пытанні былі вырашаны.

«Для мяне выключна важнай з’яўляецца магчымасць дыялога з іншымі канфесіямі, асабліва з праваслаўнай, — падкрэсліў Мітрапаліт, словы якога перадае інфармацыйнае агенцтва БелТА. — Мы — браты па веры і маем тыя ж самыя сакрамэнты і сёння павінны разам адказваць на выклікі сучаснасці, многія з якіх з’яўляюцца пагражаючымі. Калі мы разам, нашыя галасы гучаць мацней. Тут няма іншай альтэрнатывы. Гэта наказ Езуса Хрыста: каб усе жылі разам».

Арцыбіскуп Кандрусевіч дадаў, што і ў далейшым будзе імкнуцца развіваць адносіны з іншымі канфесіямі. «Мы бачым, як у многіх краінах Захаду парламенцкай большасцю падтрымліваюцца гомасексуальныя саюзы. Падтрымліваюцца аборты, эўтаназія. А жыццё — гэта самы вялікі дар, які атрымаў чалавек, і ён не павінен выступаць супраць Бога. І ў гэтым пытанні мы адзіныя з Праваслаўнай Царквой», — сцвердзіў арцыпастыр.

Іерарх асабліва падкрэсліў той радасны факт, што ў нашай краіне ўсталяваліся добрыя адносіны паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой. Па словах Мітрапаліта, многія людзі ў іншых краінах здзіўлены тым, «як атрымліваецца ў Беларусі захаваць такі баланс паміж усімі канфесіямі». Арцыбіскуп Кандрусевіч падкрэсліў, што па беларускім тэлебачанні вядуцца трансляцыі святочных набажэнстваў як з каталіцкіх, так і з праваслаўных святыняў, што прадстаўнікі абедзвюх канфесій прысутнічаюць на канферэнцыях і іншых мерапрыемствах, якія праводзяцца абедзвюма Цэрквамі. Па словах Мітрапаліта, «гэта вынік не толькі нашых добрых адносінаў, але і сведчанне міру, таго, што мы імкнёмся да адзінства». Шлях да поўнага адзінства, як  дадаў арцыпастыр, пачынаецца з першага маленькага кроку, а намі ўжо зроблены вялікі крок.

Іерарх выказаў падзяку, што дзяржава ў нашай краіне падтрымлівае гэтае імкненне да адзінства, ад якога «будзе залежаць будучыня хрысціянства і будучыня нашай краіны, якая павінна будавацца на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў».

У сваю чаргу, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў аб сваёй гатоўнасці падтрымліваць развіццё ўзаемаадносінаў паміж Праваслаўнай Царквой і Рыма-каталіцкім Касцёлам у Беларусі.

Падчас размовы з журналістамі перад сустрэчай Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў, што сёння вядзецца інтэнсіўная праца над пагадненнем паміж Беларуссю і Апостальскай Сталіцай, і выказаў пажаданне, каб гэтае пагадненне было падпісана ў бягучым годзе. Па словах іерарха, падчас сустрэчы таксама плануецца абмеркаваць пытанні, якія датычаць дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, праблему бернардынскага комплексу ў Мінску і пытанне выдзялення зямлі для будаўніцтва новых касцёлаў.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме