Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша Хрызма ў мінскай архікатэдры: пакліканы быць святарамі заўсёды і ў кожных абставінах
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія
01.04.2010 17:08

1 красавіка 2010 г., у Вялікі чацвер, у мінскай архікатэдры з’ядналіся на малітве святары, законнікі і законніцы, якія працуюць у парафіях Мінскай вобласці. Падчас урачыстай літургіі ў дзень святарства прысутныя душпастыры аднавілі свае абяцанні, складзеныя Богу падчас святарскіх пасвячэнняў.

«Год святарства — гэты святы час — заклікае нас да паглыблення нашай рэфлексіі як над самім святарствам, так і над святарскім служэннем», — так распачаў прамову да святароў у Вялікі чацвер Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўзначаліў цэлебрацыю святой Эўхарыстыі.

Слова арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча да святароў у Вялікі чацвер 2010 года >>>

Арцыпастыр заахвоціў прысутных святароў да разважання над сутнасцю святарскага служэння, якая заключаецца ў складзеных абяцаннях падчас цырымоніі святарскіх пасвячэнняў — падчас «дыялогу любові і свабоды».

Мітрапаліт паслядоўна пералічыў усе пытанні, якія біскуп задае кандыдату да святарства падчас яго пасвячэння, і нагадаў сэнс кожнага з іх.

«Нашае „так“ мы кажам на ўсё жыццё (...) і пакліканы быць святарамі заўсёды і ў кожных абставінах», — падкрэсліў іерарх напачатку, нагадаўшы пра «святарскую сутнасць, пакліканую пад кіраўніцтвам Святога Духа да супрацоўніцтва з біскупам і ў паслухмянасці яму».

Кажучы пра галоўнае заданне святара — «абвяшчэнне Езуса Хрыста як Уцелаўлёнага Слова, укрыжаванага і ўваскрослага, якое з’яўляецца адказам на ўсе патрэбы чалавека», — арцыпастыр звярнуў увагу, што мудры святар «уважлівы да дзеянняў самога Бога», які рыхтуе сэрцы людзей да спаткання з Ім і «вядзе да росквіту кветак навяртання чалавека».

Падчас святарскіх пасвячэнняў кандыдат атрымлівае ад Касцёла даручэнне: цэлебраваць сакрамэнты пабожна і верна. «Гэтыя два словы — пабожна і верна — азначаюць унутраныя і знешнія адносіны да літургічнай цэлебрацыі. Пабожнасць вядзе да веры, да прызнання і пашаны святасці, — нагадаў арцыпастыр. — Вернасць акрэсліваецца пашанай устаноўленых Касцёлам літургічных нормаў і сталасцю ў іх захаванні».

Святар, як нагадаў Мітрапаліт, пакліканы «прысвячаць сябе Богу дзеля збаўлення людзей». «Адзіная слушнасць нашага святарскага служэння і жыцця — гэта Езус Хрыстус. Існаванне святара мае свой пачатак менавіта ў Хрысце, бо Ён ёсць Першасвятар, які адорвае нас сваім святарствам. У Езусе Хрысце, з Ім і праз Яго ажыццяўляецца мэта нашага святарскага служэння», — падкрэсліў іерарх.

«Пакліканне, як і кожная іншая каштоўная рэч, патрабуе няспыннай апекі, абароны і падтрымкі, — звярнуўся арцыпастыр да прысутных святароў, — каб не страціць яго, каб не стала яно ўспамінам, палінялым і не здольным адказваць на выклікі часу. Боская блізкасць — гэта сакрэт, як назаўсёды захаваць зачараванне Хрыстом. (...) Пры ўсім гэтым трэба памятаць, што еднасць з Хрыстом — гэта не наша заслуга, не плод нашай волі, але дзеянне ў нас Божай ласкі».

Па традыцыі ў гэты дзень арцыбіскуп асвяціў алей хворых і кансэкраваў хрызма.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме