У Мінску прайшла прэс-канферэнцыя Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча з журналістамі |
Беларусь - Мінска-Магілёўская архідыяцэзія |
24.03.2010 14:24 |
24 сакавіка 2010 г. у Мітрапалітальнай курыі ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з прадстаўнікамі СМІ. Тэмай сустрэчы стала святкаванне будучых велікодных урачыстасцяў, мерапрыемствы, запланаваныя ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі на бягучы год, узаемаадносіны паміж Касцёлам і дзяржавай у нашай краіне. У прывітальным слове, звернутым да прадстаўнікоў прэсы, Мітрапаліт Кандрусевіч адзначыў, што падобныя сустрэчы сталі ўжо традыцыйнымі і з’яўляюцца важнымі для грамадства. Разважаючы на тэму ўрачыстасці Вялікадня, якая адбудзецца ў хуткім часе, арцыпастыр звярнуў увагу таксама на сэнс перыяду Вялікага посту, прысвечанага разважанням над Евангеллем, роздумам аб моцы Пана і навяртанні чалавека. Мітрапаліт нагадаў аб рэкалекцыях, якія праводзяцца ў гэты час у касцёлах і спрыяюць навяртанню чалавека да Бога. Іерарх узгадаў таксама аб малітоўным чуванні моладзі, якое праходзіла ў мінскім архікатэдральным касцёле ў ноч з 21 на 22 сакавіка. Мітрапаліт асабліва падкрэсліў актыўнасць маладых беларускіх католікаў. У малітоўным чуванні прынялі ўдзел каля 400 чалавек, а найбольш уражваючай падзеяй, па словах арцыбіскупа Кандрусевіча, стала незвычайная працэсія з дарамі, падчас якой моладзь прынесла да алтара надзвычай адметныя дары — бінт як сімвал таго, што Хрыстус вылечыў свет ад грахоў, і цішыню як спосаб увайсці ў еднасць з Панам. Мітрапаліт Кандрусевіч закрануў таксама праблему бернардынскага комплексу ў цэнтры Мінска, які плануецца ператварыць у гасцінічны комплекс. Іерарх падкрэсліў небяспеку таго, што можа знікнуць духоўная каштоўнасць, якую не атрымаюць у спадчыну новыя пакаленні. Мітрапаліт выказаў занепакоенасць у сувязі з тым, што ў цэнтры нашай сталіцы адбываецца прафанацыя святых месцаў. Журналісты атрымалі магчымасць задаць Мітрапаліту Кандрусевічу свае пытанні. Напрыканцы сустрэчы арцыпастыр шчыра павіншаваў усіх прысутных з надыходзячым вялікім святам. Прэс-канферэнцыя завяршылася пачастункам для ўсіх удзельнікаў сустрэчы. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |