Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскае пасланне арцыбiскупа Тадэвуша Кандрусевiча на Юбiлейны Год Мiласэрнасцi
Іерархі
03.12.2015 18:03

Тэкст на польскай мове>>>

Даверыцца Божай міласэрнасці

Міласэрнасць Бога на вякі (пар. Пс 136 (135), 1)

Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, дарагiя вернiкi!

1. У велічную ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, распачынаючы ўстаноўлены Святым Айцом Францiшкам Надзвычайны Юбілейны Год Мiласэрнасцi, сардэчна вiтаю вас гэтымі словамi псальмiста, у якiх выказаны давер да бязмежнага ў сваёй мiласэрнасцi Бога.

Тэалагiчнае абгрунтаванне Юбiлейнага Года знаходзiцца ў Святым Пiсаннi. Яшчэ ў часы Старога Запавету габрэi кожныя 50 гадоў адзначалi юбiлейныя гады (пар. Лев 25, 8-17), падчас якіх людзям дароўвалiся даўгi, зняволеныя атрымлiвалi свабоду i г.д.

Каталiцкi Касцёл габрэйскаму юбiлею надаў духоўны характар, якi заключаецца ў прабачэннi i адпушчэннi грахоў, а таксама ў аднаўленнi сувязi з Богам i блiжнiмi.

Традыцыя святкаваць Юбiлейны Год з'явiлася падчас пантыфiкату Папы Банiфацыя VIII у 1300 г., якi запланаваў яго святкаванне кожныя 100 гадоў. У 1475 г. з мэтай даць магчымасць кожнаму пакаленню людзей адзначыць Юбiлей гэты час быў скарочаны да 25 гадоў. Маючы на ўвазе асаблiвыя нагоды, Папа можа аб’явiць Надзвычайны Юбiлей. Святы Год ужо абвяшчаўся 26 разоў. Апошнiм быў Вялiкi Юбiлей 2000-годдзя хрысцiянства, якi Касцёл адзначаў па iнiцыятыве св. Яна Паўла II. Гэты Юбілей увёў нас у трэцяе тысячагоддзе (пар. https://pl.wikipedia.org/wiki/Rok_Jubileuszowy).

2. Змянялiся часы i абумоўленасці жыцця людзей, але складаныя жыццёвыя сiтуацыi заставалiся i надалей застаюцца. Яны прысутнiчаюць як у матэрыяльнай, так i ў духоўнай сферах жыцця чалавека. Перад выклiкамi кожнай эпохi Касцёл не заставаўся i не застаецца абыякавым. Ён на iх адказвае, выкарыстоўваючы таксама i ласку Юбiлейных Гадоў.

Вядома, якое вялікае значэнне ў жыццi Касцёла i яго аднаўленнi, у тым лiку ў адказе на выклiкi часу, меў Другі Ватыканскi Сабор. Яго вучэнне застаецца актуальным i яшчэ не да канца раскрытым i выкарыстаным. Сам Сабор стаўся вялiкiм актам Божай мiласэрнасцi, бо дзякуючы яму, вяртаючыся да Святога Пісання, як адной з крынiц нашай веры, Касцёл прадставiў сябе не як прыгожы карабель, што красуецца сам па сабе, або як непрыступную крэпасць, але як пiлiгрымуючы ў Нябесны Ерузалем Божы народ (пар. LG 9). У гэтай пiлiгрымцы ён сустракае шмат цяжкасцяў, падобна таму, як iх сустракаў Выбраны народ падчас пераходу з егiпецкай няволi ў Зямлю Абяцаную. I як тады Бог аказваў яму сваю мiласэрнасць, таксама i сёння Ён праз Касцёл працягвае яе праяўляць.

Менавiта таму Святы Айцец Францiшак, адметнасцю служэння якога з'яўляецца мiласэрнасць, Булай «Мisericordiae vultus» — «Аблiчча мiласэрнасцi» — аб’явiў Святы Год Мiласэрнасцi пад дэвiзам «Мiласэрныя, як Айцец». Надзвычайны Юбiлей Мiласэрнасцi пачынаецца сёння, 8 снежня 2015 г., у 50-ю гадавіну завяршэння Другога Ватыканскага Сабору, адкрыццём «Дзвярэй Мiласэрнасцi» (пар. Лк 6, 36) у базылiцы св. Пятра ў Ватыкане i завершыцца iх закрыццём ва ўрачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету, 20 лiстапада 2016 г. (пар. MV 3.5).

Мэтай гэтага выключнага часу з'яўляецца спатканне чалавека з міласэрным Езусам i спазнанне Яго бязмежнай мiласэрнасцi. Цэлебрацыя Святога Года павiнна спрыяць умацаванню веры людзей i іх хрысціянскага сведчання. Год Мiласэрнасцi, які распачынаецца, не павiнен выключыць нiкога, бо Божая мiласэрнасць для ўсiх.

Папская була ўказвае тэму мiласэрнасцi як цэнтр Святога Пiсання i служэння Езуса Хрыста (пар. MV 7-9). Таму Касцёл, знаходзячыся на варце Божага закону, у сваёй мiсii павiнен кiравацца справядлiвасцю ў мiласэрнасцi, якая ёсць першым i абавязковым крокам да дасягнення вышэйшай мэты. Добрая Навiна ўключае ў сябе рэчаiснасць чалавечага жыцця, дынамiку прабачэння i праўду спаткання з Хрыстом. Езус заклiкае да спазнання мiласэрнасцi праз навяртанне да жыцця паводле Божага закону. Таму мiласэрнасць i праўда павiнны сустрэцца. Без такой сустрэчы наша жыццё будзе падобна да аўтамабіля, якi нiколi не спыняецца, нават пры чырвоным святле святлафора, што вядзе да катастрофы. Менавіта таму Папа Францiшак заклiкае людзей, якiя адышлi ад Божай ласкi, каб у мітусні сучаснага свету спыніліся, задумаліся над сваім жыццём, каб Юбiлей стаў для iх добрай нагодай для вяртання да Бога (пар. MV 10-12).

На жаль, сучасная секулярная, самадастаковая i эгаiстычная культура не ўспрымае належным чынам iдэю міласэрнасці і прабачэння. На гэтую праблему звяртаў увагу яшчэ святы Ян Павел II у энцыклiцы «Dives in misericordia» — «Бог вялiкi ў мiласэрнасцi» (пар. DM 14). Яго вучэнне застаецца актуальным i заслугоўвае таго, каб звярнуць на яго ўвагу ў Юбiлейны Год Мiласэрнасцi.

3. Згодна з воляй Святога Айца Францiшка святкаванне Юбiлейнага Году Мiласэрнасцi будзе мець месца не толькi ў Рыме, але i ў паасобных дыяцэзiях, як бачны знак еднасці ўсяго Касцёла (пар. MV 3). З гэтай мэтай у Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii Юбiлейнымi святынямi ўстаноўлены мiнская архiкатэдра Iмя Найсвяцейшай Панны Марыi, магiлёўская катэдра Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi i св. Станiслава, а таксама малая базылiка Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыi ў Будславе. Ва ўсiх гэтых святынях у нядзелю 13 снежня 2015 г. будуць урачыста адчынены Дзверы Мiласэрнасцi (пар. MV 3), якія будуць зачынены 13 лістапада 2016 г. (пар. http://www.im.va/content/ gdm/pl/calendario.html)

Сімвалічна, што ўсе Юбілейныя святыні ў нашай архідыяцэзіі прысвечаны Марыі. І сапраўды, Божая міласэрнасць асаблівым чынам прыйшла ў свет праз Марыю, якая нарадзіла Божага Сына — Міласэрнага Езуса.

Юбілейны Год, які пачынаецца, павінен адзначацца пілігрымкамі, як яго асаблівым знакам, іконай дарогі, якую чалавек праходзіць падчас свайго жыцця. Дайсці да Дзвярэй Міласэрнасці ў Рыме ці ў іншым месцы можна толькі пераадолеўшы адпаведны шлях, каб потым, праходзячы праз іх, дазволіць Божай міласэрнасці нас атуліць з мэтай учыніць міласэрнымі да іншых, як Бог міласэрны да нас (пар. MV 14).

На працягу Юбiлейнага Года ў рымскiх базылiках св. Пятра, св. Яна на Латэране, св. Паўла за мурамi i Маці Божай Вялiкай, а таксама ў вышэй пералiчаных Юбiлейных святынях нашай архiдыяцэзii і ў падобных святынях у іншых дыяцэзіях кожны дзень можна будзе атрымаць поўны адпуст пад звычайнымi ўмовамі. Гэта азначае, што неабходна быць у стане Божай ласкі, прыняць святую Камунію і памаліцца ў інтэнцыі Святога Айца.

У гэтых святынях падчас Вялікага посту таксама можна будзе атрымаць адпушчэнне зарэзерваваных Апостальскай Сталіцай грахоў праз паслугу спецыяльна вызначаных для гэтага святароў — «мiсiянераў мiласэрнасцi», якіх Святы Айцец Францішак накіруе ў розныя куткі свету ў Папяльцовую сераду (пар. MV 18).

Вялікі пост у Юбілейны Год павінен стаць часам асаблівага спазнання Божай міласэрнасці, дапамогай у чым можа стаць медытацыя над кнігай прарока Ісаі (пар. MV 17).

4. Юбiлейны Год Мiласэрнасцi павiнен адзначацца дыспазіцыйнасцю пастыраў, каб служыць вернiкам у сакрамэнце пакаяння. У Божым прабачэнні нельга адмовiць нiкому, хто шкадуе за свае грахi i са шчырым сэрцам прыступае да споведзi, каб паяднацца з Богам, Касцёлам i блiжнiм.

Спаведнiкi павiнны належным чынам падрыхтавацца да гэтага задання, каб дапамагчы людзям зразумець грэх i шлях аўтэнтычнага навяртання, а таксама велiкадушнае прабачэнне нябеснага Айца, якi ўсё аднаўляе. Яны павiнны быць сапраўднымі знакамі Божай мiласэрнасцi. Быць спаведніком — гэта не імправізацыя. Спаведнікамі святары становяцца перадусім тады, калі ў першую чаргу самі як пэнітэнты шукаюць прабачэння. Быць спаведніком азначае мець удзел у самой місіі Хрыста і быць канкрэтным знакам нязменнай Божай любові, якая прабачае і збаўляе (пар. MV 15.17).

Заахвочваю святароў падчас Года Міласэрнасці арганізоўваюць у парафіях місіі, якія спрыяюць аднаўленню і ўмацаванню веры; запрашаць на іх «місіянераў міласэрнасці», каб яны сталі вестунамі радасці і прабачэння (пар. MV 18).

Папа Францiшак шмат увагi прысвячае людзям, якiя знаходзяцца на «жыццёвых перыферыях» сучаснага свету. Ён заклiкае нас адкрыць вочы, каб заўважыць няшчасці свету, раны столькіх нашых братоў i сясцёр, якiя пазбаўлены сваёй годнасцi, каб адчуць сябе пакліканымі iх заклікам аб дапамозе (пар. MV 15).

У Юбілейны Год неабходна памятаць і пра ўчынкi міласэрнасці адносна душы і цела (пар. MV 15). У сваiм славутым Нагорным казаннi ў васьмі благаслаўленнях Езус кажа, што благаслаўлёныя мiласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць (пар. Мц 5, 7). Таму дыяцэзiяльным i парафiяльным дабрачынным таварыствам «Карытас» неабходна звярнуць асаблiвую ўвагу на патрабуючых, каб ў канкрэтных знаках, як гэта чынiў Езус, яны спазналі мiласэрнасць, якая ў складаных жыццёвых сiтуацыях дае iм новую надзею.

У Мiнска-Магiлёўскай архiдыяцэзii апрацаваны дакладны план святкавання Юбiлейнага Года Мiласэрнасцi. Галоўным пунктам яго будзе ўрачыстасць, прысвечаная сярэбранаму юбiлею заснавання Мiнска-Магiлёўскай мiтраполii, святкаванне якой адбудзецца падчас Будслаўскага фэсту 1-2 лiпеня 2016 г. пад дэвiзам «Надзея ў Божай мiласэрнасцi».

5. Мэта нашага жыцця — гэта дасягненне святасцi. У святле Божага Аб'яўлення неабходна памятаць аб тым, што святасць не дасягаецца выключна ахвярай цi знешнiм культам, але таксама паслухмянасцю Богу праз сведчанне любовi да блiжняга. Нездарма Езус кажа, што хоча не ахвяры, а мiласэрнасцi (пар. Мц 9, 13).

Таму мiласэрнасць трэба разумець як справу нашага збаўлення. Касцёл не з'яўляецца фарпостам абсалютнага «не» i ўсялякай забароны. На Божы закон ён глядзiць не толькi праз прызму справядлiвасцi, але i праз прызму любові. Нельга супрацьпастаўляць справядлівасць i праўду мiласэрнасцi. Нездарма Святы Айцец Францiшак кажа, што мiласэрнасць не супярэчыць справядлiвасцi, але выяўляе любоў Бога да грэшніка, прапануючы яму чарговую магчымасць пакаяння, навяртання і веры. Бог не абмяжоўваецца справядлiвасцю і не адкідае яе, але змяшчае яе і пераўзыходзіць ў яшчэ большай падзеі, калі спазнаецца любоў, якая з’яўляецца фундаментам справядлівасці (пар. MV 21).

У сучасным свеце, які становіцца ўсё больш негуманным, хрысцiянскае паклiканне выражаецца ў сведчаннi Божай мiласэрнасцi разам з людзьмi добрай волi, каб будаваць свет, поўны мiру, справядлiвасцi, узаемнай любовi i павагi.

Божая мiласэрнасць, як адзiная надзея свету, як вучыць святы Ян Павел II (пар. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/2002/documents/hf_ jp-ii_hom_ 20020817_shrine-divine-mercy.html), пранікае ў яго i разбурае мур падзелаў. Падобна таму, як Божая мiласэрнасць бязмежная, такой павiнна быць i мiласэрнасць аднаго чалавека да iншага, асаблiва да хворых, бедных, прыгнечаных, мiгрантаў i бежанцаў, усiх, хто жыве на перыферыi жыцця. Неабходна адкрыць свае сэрцы на iх патрэбы, лячыць iх духоўныя i цялесныя хваробы, намашчаць алеем cуцяшэння, спавіваць мiласэрнасцю, лячыць салiдарнасцю i неабходным клопатам (пар. MV 15).

6. Дарагiя браты i сёстры, не паддавайцеся спакусе абыякавасці, якая прыніжае. Не паддавайцеся прызвычаенасці, якая робіць дух нячулым i не дазваляе ўбачыць новае. Не паддавайцеся цынізму, якi нішчыць. Не закрывайце вачэй, каб заўважыць няшчасці гэтага свету, духоўныя i цялесныя раны пазбаўленых чалавечай годнасці людзей з мэтай перамагчы перашкоду абыякавасці, якая прыкрывае крывадушнасць i эгаiзм (пар. MV 15). Няхай прабачэнне стане рэчаіснасцю нашага штодзённага жыцця (пар. MV 19).

Мiласэрнасць — гэта не эмацыйная сентыментальнасць, якая хутка мінае, але канкрэтны, творчы i ўключаючы ў сябе ўсю чалавечую асобу абавязак. Яна павiнна ахапіць наша рэлiгiйнае i грамадскае жыццё, каб будаваць цывілізацыю жыцця і любові.

Сімвалічна, што Юбілейны Год Міласэрнасці пачынаецца ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, якая, дзякуючы сваёй згодзе з Божай воляй, з’яўляецца Каўчэгам Запавету паміж Богам і людзьмі і таксама Мацi мiласэрнасцi (пар. MV 24), апецы якой усіх вас давяраю.

У Юбілейным Годзе, які пачынаецца, жадаю ўсім вам спазнаць бязмежнасць Божай міласэрнасці, даверыцца ёй, ёю жыць, быць яе iнструментамi ў сучасным свеце i ад усяго сэрца благаслаўляю ў iмя Айца, + i Сына, i Святога Духа. Амэн.

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 22 лістапада 2015 г.
Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Cусвету


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

1. II Ватыканскі Сабор. Дагматычная канстытуцыя пра Касцёл «Lumen gentium» (LG).
2. Ян Павел II. Энцыкліка «Dives in misericordiae» (DM).
3. Францішак. Була «Vultus misericordiae» (VM).
4. https://pl.wikipedia.org/wiki/Rok_Jubileuszowy.
5. http://w2.vatican.va/content/john-paul-ii/it/homilies/2002/documents/hf_ jp-ii_hom_20020817_shrine-divine-mercy.html.
6. http://www.im.va/content/ gdm/pl/calendario.html.

P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае Пасланне вернікам 8 снежня 2015 г., ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію