Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч пра значэнне візіту ў Беларусь Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка
Іерархі
06.03.2015 13:50

З 12 па 15 сакавіка ў Беларусі будзе знаходзіцца з афіцыйным візітам Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П'етро Паралін. Пра значэнне гэтага візіту расказаў Catholic.by Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Выраз павагі Ватыкана і высокая ацэнка Касцёла ў Беларусі

«Візіт Дзяржаўнага Сакратара Яго Святасці ў нашу краіну — гэта другі падобны візіт за ўсю гісторыю адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі: першы адбыўся 7 гадоў таму, калі краіну наведаў кардынал Тарчызіо Бэртонэ. Да нас прыязджае другая пасля Папы Францішка асоба ў Каталіцкім Касцёле, што само па сабе нагадвае пра важнасць і значэнне гэтага візіту.

Дадзены візіт ажыццяўляецца па запрашэнні дзяржаўных уладаў Беларусі. Гэта выраз павагі дзяржаўных уладаў да Ватыкана і адначасова да Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Візіт такога высокага прадстаўніка Ватыкана — гэта таксама выраз павагі Ватыкана і высокая ацэнка Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, яго адраджэння, развіцця і павагі да нашай краіны.
Магчымасць для высокага прадстаўніка Апостальскай Сталіцы лепш пазнаць жыццё Касцёла ў Беларусі

У межах візіту запланаваны сустрэчы кардынала П'етро Параліна з Прэзідэнтам Краіны, іншымі прадстаўнікамі дзяржаўнай улады, Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла — з біскупамі, моладдзю, вернікамі. Яны дадуць магчымасць высокаму прадстаўніку Апостальскай Сталіцы лепш пазнаць жыццё Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, а таксама адносіны паміж дзяржавай і Касцёлам. Яны развіваюцца, не стаяць на месцы, аднак ёсць і нямала праблем, якія бачны асабліва ў апошнія часы, — спадзяемся, што гэтыя праблемы будуць паволі вырашацца, чаму, магчыма, паспрыяе і візіт кардынала П'етро Параліна», — адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.

Спрыянне рэалізацыі праекту Мінскай тэалагічнай акадэміі імя св. Яна Паўла ІІ

«Зусім нядаўна была зарэгістравана Мінская тэалагічная акадэмія імя св. Яна Паўла ІІ — вышэйшая каталіцкая навучальная ўстанова ў Беларусі. Гэты праект трэба рэалізаваць далей, бо рэгістрацыя дае магчымасць быць юрыдычнай асобай, але патрэбна месца, будынак і г.д. Таму я спадзяюся, што гэты візіт будзе спрыяць і вырашэнню праблем з выдзяленнем зямлі і з рэалізацыяй гэтага праекту», — сказаў арцыпастыр.

Нагадваючы пра запланаваную сустрэчу кардынала П'етро Параліна з каталіцкімі біскупамі Беларусі, Мітрапаліт адзначыў: «Мы хочам паслухаць, што скажа нам прадстаўнік Папы, спадзяемся пачуць указанні ад самога Пантыфіка праз яго Дзяржаўнага Сакратара. У сваю чаргу ён зможа даведацца больш ад нас аб рэальнай сітуацыі Каталіцкага Касцёла, яго праблемах і перспектывах развіцця. Я спадзяюся, што гэты візіт дапаможа далейшаму развіццю Касцёла, адносін паміж Касцёлам і дзяржавай, а таксама экуменічных адносін, асабліва паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой».

Просьба ад вернікаў Беларусі аб візіце Папы

Кажучы аб тым, ці можа візіт Дзяржаўнага Сакратар наблізіць візіт Папы ў Беларусь, Мітрапаліт зазначыў: «Вельмі хацелася б, каб сапраўды так было, бо мы чакаем Папу ў Беларусі ўжо вельмі даўно. Першы раз сустрэўшыся з Папам Францішкам, я сказаў яму: “У нас на Усходзе кажуць: “Бог любіць тройцу”. “Што гэта азначае?” — спытаў Пантыфік. — “Святая Тройца — Бог Айцец, Сын і Дух Святы. Па гэтай аналогіі — таксама “тройца”: мы хацелі, каб да нас прыехаў Папа Ян Павел ІІ — і не дачакаліся гэтага; чакалі, што прыедзе Бэнэдыкт XVI — але і гэтага не адбылося… Сёння надзея на Вашу Святасць!».

«Мы хочам звярнуцца да кардынала П'етро Параліна з тым, каб ён перадаў нашу настойлівую просьбу — ад імя не толькі біскупаў, але і вернікаў, бо вернікі вельмі просяць аб гэтым, — каб Папа Францішак у сваёй праграме запланаваў і візіт у Беларусь».
Кардынал П'етро Паралін сустрэнецца з моладдзю і дзецьмі

Мітрапаліт звярнуў таксама ўвагу на запланаваную сустрэчу кардынала з моладдзю: Дзяржаўны Сакратар наведае Міждыяцэзіяльнае начное велікапоснае чуванне моладзі, якое распачнецца 14 сакавіка ў 19.00 у мінскім касцёле свв. Сымона і Алены. «Велікапоснае чуванне моладзі праводзілася заўсёды, але зараз мы хочам пашырыць яго, каб на ім былі прадстаўнікі не толькі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але і іншых дыяцэзій, — каб кардынал мог бачыць моладзь з усёй Беларусі», — заўважыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Мітрапаліт падкрэсліў і тое, што 15 сакавіка, у нядзелю, у 10.00 кардынал П'етро Паралін будзе цэлебраваць у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі святую Імшу з удзелам дзяцей. «Гэта вельмі важна, бо моладзь і дзеці — будучыня Касцёла, свету і нашай краіны. Карыстаючыся нагодай, я хацеў бы звярнуцца да бацькоў, заахвочваючы, каб яны разам са сваімі дзецьмі былі на гэтай Імшы. Гэта рэдкі выпадак, што другая асоба ў іерархіі Каталіцкага Касцёла, прыбывае да нас. Няхай дзеці ўбачаць кардынала, і няхай ён убачыць дзяцей, якія моляцца», — сказаў Мітрапаліт.

Іерарх звярнуўся і да моладзі з заклікам прыняць удзел у велікапосным чуванні ў мінскім Чырвоным касцёле. Нагадваючы, што будзе магчымасць задаць Дзяржаўнаму Сакратару пытанні, Мітрапаліт заахвоціў маладых вернікаў: «Звярніцеся да кардынала, і ён, як найбліжэйшы супрацоўнік Папы, найлепей распавядзе вам аб справах Касцёла, аб тым, што Папа думае пра Касцёл у Беларусі, пра нашу краіну — напрыклад, у сувязі з тым, што ў апошнія часы Беларусь адыгрывае вельмі вялікую ролю, асабліва ў міратворчых справах з падзеямі ва Украіне.

Гэтае запрашэнне я скіроўваю да моладзі з усёй краіны, усіх дыяцэзій, настойліва звяртаючыся да вас, як гаспадар гэтых урачыстасцяў: прыедзьце, пакажыце, што вы ёсць, што можаце маліцца, умееце маліцца, а таксама ўмееце праз тэатр, розныя прадстаўленні выявіць Евангелле, асабліва ў гэты Год навяртання».
Асвячэнне вуглавога каменя Апостальскай Нунцыятуры

Адным з пунктаў праграмы візіту кардынала ў Беларусь стане асвячэнне вуглавога каменя Апостальскай Нунцыятуры, якая будуецца. У сувязі з гэтым Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч патлумачыў: «Ужо даўно ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Ватыканам; у Беларусі ёсць Апостальскі Нунцый — кажучы свецкай мовай, пасол Ватыкана, — які прадстаўляе самога Папу. Размаўляючы з Нунцыем, мы размаўляем з прадстаўніком Пантыфіка, і для нас як біскупаў надзвычай важна і з’яўляецца вялікім шчасцем такім чынам кантактаваць са Святым Айцом і Апостальскім Пасадам. На жаль, дасюль не было будынка Апостальскай Нунцыятуры — яна знаходзіцца ў звычайным доме, простым памяшканні.

Аднак у апошнія часы справа паспяхова вырашаецца. Дзяржава выдзеліла адпаведную пляцоўку пад будаўніцтва нунцыятуры. Адным з пунктаў праграмы візіту кардынала Пьетро Параліна ў Беларусь будзе асвячэнне яе вуглавога каменя — пры ўзвядзенні кожнага каталіцкага будынка такі камень заўсёды асвячаецца. Такім чынам, Дзяржаўны Сакратар як бы правядзе яго афіцыйную закладку, і мы спадзяемся, што Апостальская Нунцыятура будзе пабудавана ў хуткім часе, каб у Беларусі было сапраўднае прадстаўніцтва Святога Пасаду».

Кардынал П'етро Паралін прыбудзе ў Беларусь якраз у другую гадавіну абрання Папы Францішка


Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч не пакінуў без увагі і тое, што кардынал П'етро Паралін прыбудзе ў Беларусь у другую гадавіну абрання Папы Францішка на Святы Пасад. «Гэта вельмі важна: можна сабе ўявіць, што ў той дзень, калі ў Ватыкане свята — бо дзень абрання Папы заўсёды з’яўляецца ў Апостальскай Сталіцы святам — найбліжэйшы супрацоўнік Пантыфіка будзе знаходзіцца тут. Якую ўвагу Ватыкан, Святы Пасад, сам Папа прысвячае нашай краіне, Касцёлу ў Беларусі, калі скіроўвае сюды свайго набліжэйшага прадстаўніка якраз у такі дзень! Здавалася б, у гэты дзень самы блізкі супрацоўнік Пантыфіка павінен быць побач з ім, аднак ён едзе сюды.

Гэта таксама мае вялікае значэнне для нас — біскупаў і святароў: нам трэба быць там, дзе мы патрэбныя. Кардынал Пьетро Паралін сёння патрэбны тут, у Беларусі, і ён едзе сюды», — дадаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію
16.05 12:13На завяршэнне сімпозіума ў Жодзіне Мітрапаліт Кандрусевіч выступіў з дакладам пра тэалогію фацімскіх аб’яўленняў
03.05 06:19Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Дзень малітваў аб пакліканнях
02.05 16:05Мітрапаліт Кандрусевіч: Прыйшоў час вырашыць пытанне аб рэлігійным выхаванні ў школах
02.05 15:31Мітрапаліт Кандрусевіч: Касцёл негатыўна ставіцца да стварэння каталіцкай партыі
02.05 14:34Мітрапаліт Кандрусевіч: Беларусі патрэбен закон аб рэстытуцыі
02.05 13:51Мітрапаліт Кандрусевіч: Я не ведаю ніводнай краіны, акрамя Беларусі, дзе замежны святар павінен прасіць ва ўладаў дазвол на цэлебрацыю св. Імшы
02.05 12:55Мітрапаліт Кандрусевіч: у Беларусі наспела рэформа дзяржаўна-рэлігійных адносін
01.05 10:52Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр пракаментаваў падпісаную ў Егіпце дэкларацыю паміж Касцёлам і Копцкай Праваслаўнай Царквой