Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Пад Тваю абарону прыбягаем»: Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел ва ўрачыстасцях актавы малітваў да Маці Божай Вастрабрамскай у Вільні
Іерархі
16.11.2014 20:19

16 лістапада ў Вільні завяршылася актава малітваў да Маці Божай Вастрабрамскай, у якой некалькі разоў цэлебраваліся святыя Імшы на беларускай мове з удзелам вернікаў з Беларусі. У апошні дзень актавы ва ўрачыстасцях прыняў удзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які звярнуўся да некалькіх тысяч вернікаў з акна Вастрабрамскай капліцы.

Беларускі акцэнт сёлетніх урачыстасцяў быў вельмі моцным і заўважальным: у Беларусі цудатворны абраз Маці Божай Вастрабрамскай вельмі добра вядомы і набажэнствы да Яе шырока распаўсюджаны.

Імша ў апошні дзень актавы цэлебравалася ў капліцы, вернікі знаходзіліся на вуліцы перад капліцай.

У гаміліі беларускі іерарх прыгадаў аб тым, што надпіс на сцяне капліцы на лацінскай мове “Sub Tuum praesidium confugimus” – “Пад Тваю абарону прыбягаем” - вельмі добра нагадвае сутнасць гэтага святога месца: ужо многія стагоддзі верны люд прыбягае да Марыі, верачы ў Яе як Маці міласэрнасці, дапамогу. Многія стагоддзі, па словах арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў спяшаюцца сюды, каб прасіць дапамогі Панны Марыі, а сама Вострая Брама насычана духоўнасцю. Увесь дзень з ранку да позняга вечара людзі, якія моляцца, знаходзяцца ў капліцы, на сходах, якія туды вядуць, і на вуліцы.

Мітрапаліт нагадаў прысутным вернікам, што культ Божай Міласэрнасці цесна звязаны з Вострай Брамай. Менавіта ў ёй у 1935 г. першы раз быў выстаўлены для публічнага пакланення абраз Езуса Міласэрнага. З гэтага месца культ Божай Міласэрнасці распаўсюдзіўся на ўвесь свет.

Арцыпастыр узгадаў таксама, што, працуючы ў Вострай Браме на працягу пяці гадоў, бачыў розных людзей, якія з даверам прыходзілі туды, бо знаходзілі там суцяшэнне і духоўную дапамогу. Кожную сераду падчас тыдня ўрачыстасцяў апекі Маці Божай Вастрабрамскай святары з Беларусі
прыязджалі разам з вернікамі ў гэтае месца і маліліся, каб ім, якія не маюць святароў, рэлігійнай свабоды, Марыя выпрасіла ў свайго Сына цуд, як выпрасіла ў Кане Галілейскай; каб здарыўся цуд свабоды веравызнання, шанавання правоў чалавека і яго годнасці.

“Мы маем цуд свабоды рэлігіі, - працягваў арцыбіскуп. - Дарога з Вострай Брамы вядзе проста ў Мінск і потым далей на Маскву. Божая міласэрнасць праз Вострую Браму прыйшла ў нашу Бацькаўшчыну. Пасля трох пакаленняў ганенняў Касцёл атрымаў свабоду, як гэта прадказала Марыя ў Фаціме. Там, на другім канцы Еўропы, Марыя заклікала да малітвы і пакаяння, прадказала пераслед Касцёла і дала надзею на яго адраджэнне. Падкрэсліў гэта і святы Ян Павел ІІ, які ў 1993 г. у Вострай Браме падзякаваў Маці Божай за тое, што пасля многіх гадоў цярпення і выпрабаванняў Літва і прылягаючыя да яе краіны змаглі выйсці з цемры пераследу веры, вымушанага маўчання і недахопу галоўных свабод”.

Іерарх дадаў, што “сёння, цешачыся з дару свабоды і новых магчымасцяў для Касцёла, мы адначасова бачым, што працэс духоўнага адраджэння вельмі складаны, асабліва беручы пад увагу нарастаючыя тэндэнцыі секулярызму і лібералізму, якія з’яўляюцца вялікай пагрозай для нашага духоўнага адраджэння”.

“Сёння з’яўляюцца новыя магчымасці для развіцця эканомікі, але не адзіным хлебам жыве чалавек. У гэтым поспеху за матэрыяльнымі каштоўнасцямі мы часта забываемся і нават са здзіўленнем пытаемся: чаму Касцёл уздымае цяжкія і непапулярныя праблемы маральнага жыцця? Яны ж абмяжоўваюць нашу свабоду! А мы хочам быць свабоднымі і чыніць усё, што нам падабаецца. Усё гэта вядзе да таго, што чалавек жыве так, як быццам Бог не існуе. У выніку чаго наступае палюзаванне маральных нормаў і здаровых звычак. Крыніцай такіх праблем становіцца імкненне да ўлады, багацця, амаральныя прыемнасці, лібералізм і маральны рэлятывізм. У выніку мы з радасцю прымаем некаторыя фрагменты Святога Пісання, як напрыклад Божае Нараджэнне, але не ўспрымаем іншыя, напрыклад забарону разводаў”, - адзначыў арцыпастыр.

Мітрапаліт падкрэсліў, што быць веруючым азначае “жыць верай не толькі ў касцёле, але і за яго парогам”, азначае “быць сведкамі Евангелля”. “Свет патрабуе не толькі прафесараў, але і вызнаўцаў і сведкаў. Евангельскае сведчанне становіцца найбольш бачным знакам нашай прыналежнасці да Хрыста. Сучасны свет патрабуе евангельскай солі і святла. Таму імператыў Хрыста “вы соль зямлі і святло свету” не страціў сваёй актуальнасці і набірае ўсё большае значэнне”, - звярнуў увагу іерарх.

Арцыбіскуп нагадаў, што ў фацімскім пасланні Маці Божая казала: калі будзеце маліцца і навернецеся, усё будзе добра. Па словах Мітрапаліта, “сёння, калі мы наракаем на свет, на палітыкаў, эканамістаў і г.д., трэба распачаць аднаўленне свету ад сябе саміх і паслухаць параду Марыі: калі будзеце маліцца і навернецеся, усё будзе добра”. “Таму малітва і навяртанне з’яўляюцца праграмай аднаўлення свету. Гэта асабліва важна сёння падчас крызісу веры, - заўважыў іерарх. - У часы ваяўнічага атэізму мы выігралі з несвабодай, але ці выіграем са свабодай? Вось пытанне, на якое нам неабходна даць адказ перад цудатворным абразом Маці Божай Вастрабрамскай”.

“Спартсмен выбірае спорт дабравольна, але калі выбярэ, то павінен прытрымлівацца яго правілаў. Мы выбралі хрысціянства і павінны жыць паводле яго прынцыпаў. Гэта заданне, якое стаіць перад намі. Калі мы гэтага не ўчынім, то хто? Калі не сёння, то калі?” – гэтыя пытанні прапанаваў арцыпастыр для разважання вернікам.

Мітрапаліт завяршыў гамілію малітвай: “Табе, Марыя, што ў Вострай свеціш Браме, давяраем сябе і нашы народы. Выпрасі нам у Бога ласку годнага выканання нашай місіі жыцця паводле прынцыпаў Евангелля і іх абароны і вядзі нас дарогай шчасця па зямлі да нябеснай славы!”

(DN), (AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію