Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў Львоўскай семінарыі
Іерархі
07.09.2014 11:53

Раніцай 7 верасня 2014 г. у межах свайго візіту ў Львоў на ўрачыстасці, прысвечаныя апекуну Львоўскай архідыяцэзіі бл. Якубу Стрэпу і дыяцэзіяльнаму дню моладзі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў святую Імшу ў Львоўскай духоўнай семінарыі.

Гэтая навучальная ўстанова знаходзіцца ў 9 км ад горада ў маляўнічым лясным масіве.

У гаміліі арцыпастыр засяродзіўся на дэвізе XIII Дыяцэзіяльнай сустрэчы моладзі Львоўскай архідыяцэзіі “Шчаслівыя міласэрныя, бо яны спазнаюць міласэрнасць” (Мц 5, 7), які, як заўважыў іерарх, вельмі добра адпавядае галоўнай думцы другога чытання ХХІІІ Звычайнай нядзелі: “Не будзьце нікому павінныя нічога, апроч узаемнай любові”.

“Міласэрнасць – гэта галоўная прыкмета Бога, - адзначыў Мітрапаліт. - Бог заўсёды міласэрны і заўсёды застаецца верны сваім абяцанням. Нездарма Святы Айцец Францішак кажа, што Бог не стамляецца аказваць нам сваю міласэрнасць, толькі мы стамляемся прасіць аб ёй”.

У якасці прыкладу арцыбіскуп нагадаў пра дыялог паміж Езусам і апосталам Пятром, калі Пётр спытаў Езуса, ці ажно сем разоў прабачаць вінаватаму, а Езус адказаў, што не сем, але 77 - што азначае столькі, колькі неабходна; а таксама пра тое, што Езус з крыжа прасіў свайго Нябеснага Айца: даруй ім, бо не ведаюць, што чыняць.

Міласэрнасць, як адзначыў Мітрапаліт, “можа адкрыць многім вочы на Бога і дапамагчы прыняць Яго”; гэта “адзін з найбольш эфектыўных сродкаў новай евангелізацыі, якая з’яўляецца галоўным заданнем Касцёла на сучасным этапе яго развіцця, калі мы сустракаемся з новым пераследам хрысціянства і новымі выклікамі, у выніку якіх людзі адыходзяць ад Бога”.

“Сучасны чалавек захапляецца Гарры Потэрам, жыве ў віртуальным свеце і забываецца аб вечна жывой праўдзе Божай, аб заўсёды актуальным слове Божым. Фікцыя сплятаецца з рэальным жыццём. Чалавек без духоўнай фармацыі паддаецца ўплыву свету пачуццяў, не задумваючыся аб наступствах, бо хоча вызваліцца ад адказнасці за сучаснасць і будучыню. Таму лічыцца толькі тое, што можна дасягнуць лёгка. Такі шлях вядзе ў нікуды, а мы створаны для жыцця, - дадаў іерарх. - У такой сітуацыі неабходна пакладаць надзею на Божую міласэрнасць. Святы Ян Павел II казаў, што Божая міласэрнасць з’яўляецца адзінай надзеяй свету”.

Узгадваючы часы пераследу веры, Мітрапаліт сказаў: “Нашы бацькі заставаліся вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню і даверыліся Божай міласэрнасці, што дапамагло ім вытрываць у веры”. “Цяпер, у новыя часы, мы перажываем парадокс. З аднаго боку свабода веравызнання, а з іншага – паступаючы секулярызм і ў выніку крызіс веры і адыход ад Бога, - дадаў арцыпастыр. - Сучасны свет знаходзіцца ў вялікім крызісе. Гэта эканамічны крызіс, крызіс сям’і, маральны, дэмаграфічны, палітычны, сацыяльны і іншыя”.

“Секулярнае грамадства наіўна лічыць, што, задавальняючы свае прыватныя і спажывецкія інстынкты, зможа вырашыць усе праблемы і дасягнуць справядлівасці і дабрабыту. Гісторыя сведчыць, што адмаўленне ад Бога і Яго закону не вядзе да шчасця, а наадварот – да бедаў і цярпенняў. Глабальны крызіс сучаснага свету паказвае, што, адыходзячы ад Бога і абіраючы секулярны стыль жыцця, ён абраў памылковы шлях свайго развіцця”, - падкрэсліў іерарх.

“Чалавек шукае выйсця з крызісу і не можа яго знайсці, бо спадзяецца, што вырашыць свае праблемы праз развіццё навукі і тэхалогіі або ў пастанаўленнях розных нацыянальных і міжнародных арганізацый, і г.д. Напэўна, усё гэта добра і патрэбна. Аднак гэтага не дастаткова, бо патрэбны яшчэ і духоўны аспект, - звярнуў увагу Мітрапаліт. - Сучасны чалавек забываецца пра Бога і часта думае: “Нашто мне Бог і Яго закон, які мяне толькі абмяжоўвае?” Аднак так жыць немагчыма, бо гэта вядзе да таго, што чалавек становіцца нявольнікам гэтага матэрыяльнага свету і сваіх грахоўных імкненняў”. Гэта, па словах іерарха, праяўляецца ў “пануючай  наркаманіі, алкагалізме, сексе, свабодным ад усялякіх абавязкаў супольным жыцці мужчыны і жанчыны, адмаўленні ад традыцыйнай мадэлі сям’і, дыктатуры сілы, маскіраванні праўды і многіх іншых паталогіях”.  

Таму, дадаў арцыбіскуп, “чалавек павінен кіравацца маральнымі нормамі, бо прычанай усіх крызісаў найперш ёсць духоўны крызіс і звязаны з ім крызіс веры”. “У імкненні да абсалютнай свабоды без адказнасці чалавек не прымае Божага права, яго змяняе і паслабляе, што вядзе да змены ўстаноўленых Богам нормаў жыцця чалавека і адносін з іншымі. Гэтым самым ён усё ставіць з ног на галаву і жыве як быццам у духоўнай пустыні. Таму Касцёл заклапочаны праблемай умацавання веры, якую павінны вызнаваць не толькі ў касцёле, але ёю жыць, каб паліткарэктнасць не ўвайшла ў наша рэлігійнае жыццё, калі ў працы, на вуліцы, ва ўніверсітэцкай аўдыторыі, падчас адпачынку ці забавы мы кажам, што тут маральныя нормы нас не абавязваюць. Нам трэба памятаць, што мы не маем права змяняць Евангелля, але яно павінна нас зменяць. А для гэтага нам неабходна мець моцную веру”, - адзначыў Мітрапаліт.

Разважаючы над тым, ці магчыма гэта для сучаснага маладога чалавека, іерарх сказаў: “Напэўна, не адзін з нас сёння задае сабе такое пытанне. На яго Касцёл станоўча адказвае: так, магчыма! Неабходна толькі пайсці за Хрыстом, даверыцца Яму і дазволіць Яму перамяніць нас”. Гэта, па словах Мітрапаліта, можа адбыцца на малітве, падчас рэкалекцый, чуванняў, пілігрымак, сустрэчы з іншым чалавекам і г.д.; можа адбыцца пасля многіх гадоў чакання, як у выпадку св. Аўгустына, аб чыім навяртанні яго маці, святая Моніка, малілася 18 гадоў; а можа адбыцца і зусім нечакана, як, напрыклад, у выпадку французскага публіцыста Андрэ Фрассарда, які, будучы няверуючым, выпадкова зайшоў у капліцу ў Парыжы, дзе адбывалася пастаянная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, і з яе выйшаў веруючым.

Арцыбіскуп успомніў і евангельскі аповед аб сустрэчы самарытанскай жанчыны з Езусам каля Якубавай студні – сустрэчы, якая стала “зваротным пунктам у яе жыцці”: “Езус сказаў ёй усю праўду пра яе жыццё, і яна паверыла ў тое, што Ён Сын Божы”.

“Як шмат з нас знаходзяцца ў падобнай да самарытанскай жанчыны сітуацыі, з пустым збанам каля студні нашага жыцця, з надзеяй знайсці адказ на яго сэнс! – адзначыў іерарх. - Сучасны свет прапануе духоўную ваду, каб заспакоіць духоўную прагу. Але ці гэтая вада чыстая, ці пітная, ці не атручаная ядам граху?” Таму, падкрэсліў арцыпастыр, “у нашым жыцці мы павінны выбраць адпаведную студню, каб не апынуцца ў сітуацыі ілюзорнага шчасця, якое можа прывесці да катастрофы, што нярэдка здараецца”.

“Касцёл, наследуючы Міласэрнага Езуса, спяшае, каб быць разам з сучасным чалавекам і даць яму Хрыста як жывую ваду, якая дае жыццё вечнае. Толькі Езус можа зазірнуць у наша сэрца і паказаць праўду аб нас саміх, як гэта Ён ўчыніў для самарытанскай жанчыны, - заўважыў Мітрапаліт. - Сучасны загублены свет адчувае вялікую патрэбу аднаўлення і ўмацавання веры, якая заходзіцца ў небяспецы ў яго секулярнай культуры. Учыніць гэта можна праз спатканне з Езусам, якое адбываецца ў Касцёле, найперш у слове Божым, у сакрамэнтах, катэхізацыі, дабрачыннасці, сведчанні хрысціянскага жыцця і г.д. Касцёл прапануе чалавеку студню з жывой вадой, якая зменіць жыццё чалавека, што неабходна ў наш час, калі агонь веры многіх людзей, асабліва моладзі, прыгас. Яго трэба нанова распаліць. Па-за Касцёлам няма збаўлення, бо Касцёл - гэта сакрамэнт паўсюднага збаўлення”.

Таму, па словах іерарха, сёння “неабходна спытаць сябе: ці сапраўды Касцёл з’яўляецца важным у маім жыцці?”, “гэта месца асабістага спаткання з Хрыстом або толькі нейкая традыцыя час ад часу туды схадзіць?”. “На жаль, мы не заўсёды гэта разумеем і часам нават не хочам разумець. Мы кажам: “Чаго ж я туды пайду? Можна і дома памаліцца”. Можна і трэба. Але ці дастаткова толькі паглядзець на вітрыну, дзе выстаўлена смачная ежа, каб быць сытым? – спытаў арцыбіскуп. - Не. Таксама і тут нам неабходны жывы кантакт з Богам, Яго заўсёды жывое і дзейснае слова, Яго сакрамэнты, асабліва Эўхарыстыя, якая нас абагаўляе”.

Згадваючы, што вельмі часта людзі кажуць, што не маюць часу “нават у нядзелю схадзіць у касцёл, бо заўсёды чымсьці занятыя”, Мітрапаліт распавёў, як адзін святар спытаўся ў хлопчыка, ці ходзіць ён у касцёл у нядзелю. Хлопчык адказаў: “Так, хаджу”. “Ці кожную?” – спытаў святар. - “Так, кожную”. - “А ў які касцёл ты ходзіш?” – далей спытаў святар. На яго вялікае здзіўленне, хлопчык назваў найбольш вядомы ў горадзе супермаркет. “Так, супермаркеты, стадыёны, канцэртныя залы і інш. сталіся новымі касцёламі, але ў іх чалавек не сустракае Бога”, - адзначыў Мітрапаліт.

“Калі нам штосьці баліць, мы хуценька звяртаемся да ўрача. Боль з’яўляецца сігналам таго, што з нашым здароўем нешта не ў парадку, - дадаў арцыпастыр. -Таксама нам неабходна выкарыстаць і хваробу секулярызму: яна павінна падштурхнуць нас шукаць лекаў ад яе. Імі з’яўляюцца Божае слова, сакрамэнты і ўсё служэнне Касцёла. Менавіта яны збудуюць нам платформу, каб мы маглі выйсці з цёмнай студні нявер’я, у якую ўпалі, бо святло не можа быць схаваным на дне студні, але павінна быць паднята ўверх, каб асвятляць іншых – тых, хто верыць, і тых, хто адышоў ад веры”.

Нагадваючы, што святы Ян Павел II на пачатку свайго Пантыфікату звярнуўся да свету са словамі: “Не бойцеся Хрыста, адчыніце Яму межы дзяржаў, культуры, сэрцаў!”, Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гамілію такімі словамі: “Не бойцеся, львоўская моладзь, спаткання з Міласэрным Хрыстом, - Ён нічога не адбірае, а толькі дае, дае веру ў Бога, каб вёў чалавека да шчасця. Гэтага вам ад усяго сэрца жадаю”.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію