Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў у Львове працэсію з рэліквіямі бл. Якуба Стрэпы і Імшу ў катэдральным касцёле (+фота)
Іерархі
06.09.2014 15:53

6 верасня 2014 г. у межах свайго візіту ў Львоў на ўрачыстасці, прысвечаныя бл. Якубу Стрэпу і дыяцэзіяльнаму дню моладзі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч узначаліў працэсію з рэліквіямі бл. Якуба Стрэпы ад касцёла св. Антонія праз цэнтр горада да катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Затым у катэдры іерарх узначаліў святую Імшу.

Працэсія, падчас якой прамаўляўся Ружанец, была прысвечана малітве аб супакоі ва Украіне.

Падчас Імшы ў гаміліі арцыпастыр прыгадаў постаць апекуна Львова бл. Якуба Стрэпы, які нарадзіўся ў першай палове XIV стагоддзя ў Кракаўскай дыяцэзіі. Захоплены харызмай св. Францішка, ён стаў францішканінам, служыў у Кракаве і Львове і выконваў розныя, таксама і кіраўнічыя, функцыі ў супольнасці братоў меншых францішканаў. Якуб Стрэпа адзначаўся місіянерскай актыўнасцю, кемлівасцю і міласэрнасцю. У 1392 г. ён быў прызначаны другім у гісторыі Галіцкім біскупам і перанёс біскупскую сталіцу з Галіча ў Львоў. Паказаў надзвычайную пастырскую руплівасць, арганізоўваў і ўмацоўваў дыяцэзіяльныя структуры, закладаў новыя парафіі, будаваў касцёлы. Памёр ён у Львове ў 1409 г. і паводле свайго запавету быў пахаваны ў львоўскім францішканскім кляштары.

Арцыбіскуп нагадаў, што культ Якуба Стрэпы распаўсюдзіўся вельмі хутка. Яго прадстаўніцтвам Бог чыніў цуды. Калі яго мітрай дакраналіся да галавы чалавека, у якога яна балела, то боль пераставаў. Таму бл. Якуб Стрэпа з’яўляецца апекуном ад болю галавы. Дзякуючы сваім аб’яўленням падчас спрэчак паміж людзьмі ён атрымаў празванне "Анёла і вестуна супакою".

У 1790 г. Папа Пій VI беатыфікаваў Якуба Стрэпу. Яшчэ перад беатыфікацыяй яго рэліквіі былі перанесены ў львоўскую катэдру. Аднак пасля II Сусветнай вайны рэліквіям давялося блукаць з аднаго месца на другое. Львоўскі арцыбіскуп Яўген Базяк, якому атэістычныя ўлады не дазволілі заставацца ў Львове, вывез іх. Яны апынуліся ў Тарнаве, потым у Любачове і нарэшце ў кракаўскай катэдры. Толькі 10 верасня 2009 г. стараннямі сучаснага Мітрапаліта Львоўскага Мечыслава Макшыцкага, які, дарэчы, быў сакратаром двух Папаў - святога Яна Паўла II і Бэнэдыкта XVI - яны вярнуліся ў львоўскую катэдру.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч таксама ўзгадаў, што бл. Якуб Стрэпа быў вялікім прыхільнікам набажэнства да Панны Марыі, якая яму аб’явілася з Немаўляткам Езусам на руках, і да Эўхарыстыі, на якой і засяродзіў увагу беларускі іерарх. Арцыбіскуп прыгадаў аб цудзе памнажэння хлеба, які стаў прадвеснікам устанаўлення Эўхарыстыі, як хлеба вечнага жыцця і сакрамэнту, які “нас перамяняе, каб мы маглі перамяняць свет і чыніць яго больш боскім, гэта азначае тым, які жыве паводле Божага закону”.

Іерарх падкрэсліў, што Эўхарыстыя спрыяе новай евангелізацыі і будуе Касцёл як Народ Божы.

Пры гэтым Мітрапаліт звярнуўся да шматлікіх сабраных вернікаў з пытаннем, ці ўпоўні сучасны чалавек выкарыстоўвае дадзеныя яму Богам і Касцёлам магчымасці для духоўнага росту. Арцыпастыр прыгадаў часы ганенняў на Касцёл, калі ў Львове былі толькі дзве каталіцкія святыні – катэдра і касцёл св. Антонія. У катэдры, як дадаў Мітрапаліт, служыў легендарны святар - францішканін а. Рафал Кярніцкі, які ў 1991 г. стаў біскупам і працэс беатыфікацыі якога нядаўна пачаўся. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч быў асістуючым іерархам падчас яго біскупскага пасвячэння.

“Тады, у часы пераследу веры, людзі адчувалі сапраўдны голад Эўхарыстыі і спяшаліся да гэтых двух касцёлаў, асабліва ў львоўскую катэдру, каб духоўна адрадзіцца. Тут маліліся не толькі католікі лацінскага абраду, але і грэка-католікі”, - адзначыў Мітрапаліт. “Цяпер, у часы секулярызацыі, адыходу ад Бога і маральнага рэлятывізму, касцёламі становяцца гіпермаркеты, стадыёны, канцэртныя залы і г.д. Але там няма Бога, і адсюль узнікаюць многія праблемы, з якімі сутыкаецца сучасны свет і таксама Украіна, асабліва цяпер, калі на яе ўсходзе ідзе братазабойчая вайна. Яна з’яўляецца наступствам незахавання Божага закону, асабліва закону любові да бліжняга, і адмаўлення ад прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці”, - падкрэсліў арцыбіскуп.

Па словах арцыпастыра, “сучасны свет напоўнены крызісамі”; “найчасцей мы кажам аб эканамічным крызісе, рознага роду збройных канфліках, у тым ліку ва Украіне, ці крызісе хваробы Эбола, ад якой няма лекаў, які як снег на галаву зваліўся на чалавецтва”, - “але ёсць і маральныя крызісы, якія вельмі моцна пагражаюць годнасці чалавека як створанага па вобразу і падабенству Божаму”: гэта “крызіс інстытуту сям’і, дэвальвацыя Божага дару жыцця, адыход ад маральных нормаў і хрысціянскіх каштоўнасцяў і інш.”.

“Благаслаўлёны Якуб Стрэпа дае нам прыклад, як выйсці з гэтай складанай сітуацыі, - неабходна вярнуцца да Бога і жыць духам Евангелля, - заўважыў Мітрапаліт. - Калі мы не ведаем, як вярнуцца да Бога, то павінны найперш звярнуцца да Марыі, бо Яна з’яўляецца самым кароткім шляхам да Бога. Мы павінны прымаць актыўны ўдзел у Эўхарыстыі - не час ад часу, але кожную нядзелю і свята, павінны стаць людзьмі Эўхарыстыі. Нам неабходна маліцца аб супакоі, каб Украіна, Кіеўская Русь, з яе багацейшай гісторыяй хрысціянства, змагла вырашыць усе свае праблемы і каб супакой ізноў запанаваў на гэтай Богам выбранай зямлі”.

Мітрапаліт дадаў, што Украіна, як і Беларусь, перажыла і далей перажывае трагічныя наступствы Чарнобыльскай катастрофы. “Але быў яшчэ адзін Чарнобыль – атэістычны, наступствы якога мы перажываем да сённяшняга дня, і яшчэ шмат часу пройдзе, перш чым вылечыцца ад яго, - адзначыў іерарх. - Сёння свет перажывае новы Чарнобыль адыходу ад веры, Чарнобыль секулярызму і маральнага рэлятывізму. На ўсходзе Украіны таксама свой Чарнобыль. Колькі людзей ужо загінула, колькі параненых, колькі засталося без даху над галавой, колькі гарадоў і вёсак разбурана, як аслабела эканоміка? І ўсё ў імя чаго?”

“Дзякуй Богу, учора ў Мінску, адкуль я да вас прыехаў, абодва бакі гэтага супрацьстаяння падпісалі пагадненне аб устрыманні ад баявых дзеянняў. Нам толькі неабходна, каб канфлікт быў вырашаны мірным спосабам, каб украінскі народ мужна нёс гэты крыж сучаснасці”, - сказаў арцыпастыр.
 
“Божа, прадстаўніцтвам Божай Маці – Каралевы міру – і благаслаўлёнага Якуба Стрэпы адары ўкраінскі народ ласкай жыцця паводле закону любові да бліжняга і ласкай сапраўднага і трывалага супакою; абарані Украіну, калыску хросту Усходу, ад Чарнобылю матэрыялістычнага атэізму і Чарнобылю грамадзянскай вайны”, – такім зваротам Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч завяршыў гамілію.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію