Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч прымае ўдзел ва ўрачыстасцях на Мальце
Іерархі
20.07.2014 00:30

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прымае ўдзел ва ўрачыстасцях, прысвечаных 1710-годдзю з часу мучаніцкай смерці св. Маргарыты Антыяхійскай, у аднайменнай парафіі ў г. Саннат на востраве Гозо (Мальта). Гэта другі візіт беларускага іерарха ў дадзеную парафію: першы адбыўся ў 2004 г., калі Мітрапаліт узначаліў юбілейныя ўрачыстасці 1700-годдзя нараджэння для неба гэтай вельмі папулярнай на Мальце святой.

Мальта – краіна, якая складаецца з некалькіх астравоў у Міжземным моры, з якіх найбольшыя Мальта і Гозо. Да 1964 г. Мальта была англійскай калоніяй. Большасць жыхароў размаўляе на трох мовах: мальтыйскай, англійскай і італьянскай, на якіх таксама праводзяцца набажэнствы. У краіне пражывае 430 тысяч жыхароў, 93% з якіх складаюць католікі. Мальта адметная вялікай колькасцю прыгожых сярэднявечных касцёлаў, капліц, крыжоў, фігураў святых. Аднак у апошнія часы там усё больш праяўляецца секулярызм: так, зусім нядаўна парламент краіны прыняў закон аб гомасексуальных саюзах, прыраўняў іх да сем’яў і дазволіў усынаўляць дзяцей.

На Мальце існуюць дзве каталіцкія дыяцэзіі – Мальтыйская архідыяцэзія і дыяцэзія Гозо.

Вечарам 18 ліпеня ў межах Навэнны да св. Маргарыты Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч цэлебраваў святую Імшу для адзінокіх людзей. У гаміліі арцыпастыр нагадаў пра тое, што яны сваёй малітвай могуць дапамагаць Касцёлу ў ажыццяўленні справы новай евангелізаццыі.

Імша цэлебравалася на італьянскай мове, чытанні гучалі на мальтыйскай, а гамілія - на англійскай.

Раніцай 19 ліпеня арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча нечакана запрасілі ўзначаліць Імшу ў г. Вікторыя ў парафіі св. Юрыя. На Мальце ўспамін святога Юрыя традыцыйна адзначаюць не 23 красавіка, а ў канцы трэцяга тыдня ліпеня. Культ святога Юрыя вельмі распаўсюджаны ў краіне, яму прысвечана велічная базыліка, у якой штодзень цэлебруецца 12 Імшаў, а ў нядзелю разам з суботняй вечаровай – 15, і дзе служыць 18 святароў. Сёлетнія ўрачыстасці былі ўзбагачаны прысутнасцю рэліквій рукі святога Юрыя, якія былі прывезены з Венецыі.

У гаміліі Мітрапаліт распавёў пра культ святога Юрыя на Усходзе. Кажучы пра мучаніцтва святога, іерарх расказаў пра часы пераследу веры ў былым СССР і пра тое, як людзі яе захавалі дзякуючы народнай пабожнасці. Арцыпастыр узгадаў таксама пра пераслед веры ў сённяшнія часы, адзначыўшы, што хрысціяне штодзённа праліваюць сваю кроў за Езуса. Існуе, па словах арцыбіскупа, і іншы пераслед, калі прымаюцца нязгодныя з Божай воляй законы.

Мітрапаліт заклікаў вернікаў па прыкладу св. Юрыя не паддавацца ўплывам секулярызму. Іерарх звярнуўся з просьбай да святога, каб ён сваёй рукой, рэліквіямі, якія знаходзяцца ў касцёле, благаславіў усіх прысутных, каб яны былі моцнымі верай і хрысціянскім сведчаннем.

Падчас гэтай Эўхарыстыі таксама выкарыстоўваліся розныя мовы: тэксты парадку Імшы - на італьянскай, малітвы Імшы і спевы – на лацінскай, чытанні – на мальтыйскай.

Пасля Імшы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч сустрэўся з ардынарыем дыяцэзіі Гозо біскупам Марыё Грэчам.

Увечары 19 ліпеня Мітрапаліт узначаліў святую Імшу для сем’яў. У гаміліі арцыпасты казаў пра ролю сям’і як галоўнай клеткі кожнага грамадства. Іерарх распавёў пра тое, як сем’і захавалі веру падчас пераследу на Усходзе, заклікаў сем’і быць хатнімі Касцёламі, першай школай евангелізацыі маладога пакалення і яго хрысціянскай фармацыі. Таксама падчас Імшы арцыпастыр удзяліў сакрамэнт канфірмацыі.  

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію