Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Паведамленне біскупа Антонія Дзям’янкі на распачацце новага катэхетычнага года
Іерархі
01.09.2013 17:06

Дарагія дыяцэзіяне,
скончыўся час летніх канікул і адпускоў. У верасні мы распачынаем новы навучальны і катэхетычны год. З вялікай надзеяй і адказнасцю падыходзім да чарговага этапу працы па фарміраванні маладога пакалення, якое цяпер яшчэ вучыцца ў школе ці ўніверсітэце, але ў недалёкай будучыні возьме на сябе адказнасць за лёс нашага грамадства.

Працэс навучання і выхавання маладога пакалення важны як для Касцёла, так і для дзяржавы. Таму неабходна, каб усе – бацькі, парафія, школа – усвядомілі сабе неабходнасць гарманічнага і плённага супрацоўніцтва, а таксама адпаведнага падзелу абавязкаў. Вернасць маральным і рэлігійным прынцыпам сярод дзяцей і моладзі – гэта плод добрай і адказнай працы, шчырага клопату бацькоў аб сваім патомстве. Хрысціянскае выхаванне маладога пакалення павінна быць для бацькоў натуральным вынікам паслядоўнай рэалізацыі сужэнскай прысягі, якую яны складалі падчас шлюбу, а таксама абяцанняў, якія яны давалі Богу падчас хросту кожнага дзіцяці. Ва ўсім гэтым выражаецца клопат аб будучыні сям’і, Касцёла і краіны.

На жаль, некаторым бацькам хочацца перакінуць значную частку сваіх абавязкаў на дзяржаву, Касцёл або школу. У выніку такога самавызвалення бацькоў ад іх абавязкаў дзеці і моладзь вырастаюць у перакананні, што іх не жадаюць прымаць, любіць. Ім пачынае здавацца, што іх жыццёвы шлях больш залежыць ад спрыту і хітрасці, чым ад грунтоўнай, шляхетнай і адказнай формы быцця ў грамадстве. Таму важна, каб хрысціянскія бацькі не паддаваліся ментальнасці самавызвалення ад абавязкаў і ўдзельнічалі ў выхаванні сваіх дзяцей.

Многія выхаваўчыя праблемы паглыбляе таксама нізкі матэрыяльны ўзровень некаторых сем’яў. Таму заахвочваю паасобных вернікаў, дабрачынныя супольнасці і фонды дапамагаць сваёй ахвярнасцю дзецям з такіх сем’яў.

Таксама мы павінны ўсе разам выказаць сваё рашучае “не” тым, хто хоча выкарыстаць недасведчанасць маладых людзей, прапаноўваючы ім заглыбіцца ў нерэальны свет праз наркотыкі, курэнне, алкаголь, парнаграфію і агрэсіўныя камп’ютэрныя гульні. Пры гэтым прапаноўваецца бескантрольны доступ да ўсяго, што можа нашкодзіць. Такая з’ява ператвараецца ў сур’ёзную пагрозу для духоўнага, фізічнага і псіхічнага здароўя нашай моладзі.

Просім Найсвяцейшую Панну Марыю, Каралеву Палесся, аб яе асаблівай дапамозе ў рэалізацыі добрага і шляхетнага задання па выхаванні маладога пакалення, каб яно не аслабла і не было згублена праз нядбайнасць. З дапамогай Маці Божай і па Яе прыкладу будзем імкнуцца выхоўваць нашую моладзь.

Заахвочваю таксама ўсіх да супольнай малітвы ў форме Навэнны да благаслаўлёных сясцёр мучаніц з Навагрудка. Праз іх заступніцтва будзем маліць Пана Бога аб усіх неабходных дарах Духа Святога на пачатак новага катэхетычнага года.           

Усім вучням, настаўнікам, катэхетам і выхаваўцам, а таксама ўсім вернікам нашай дыяцэзіі ўдзяляю пастырскае благаслаўленне: у імя Айца і Сына, + і Духа Святога.

+ Антоні Дзям’янка
Біскуп Пінскі

Пінск, 26 жніўня 2013 г.

Шаноўных душпастыраў прашу змясціць тэкст паведамлення на дошцы аб’яваў, а таксама выкарыстаць яго змест у казаннях або ў парафіяльных аб’явах у бліжэйшую нядзелю на кожнай св. Імшы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію