Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прыняў удзел у навуковай канферэнцыі ў Казані |
Іерархі |
26.08.2013 15:30 |
![]() Удзельнікі канферэнцыі наведалі абраз Маці Божай Казанскай, які ў 2004 годзе Праваслаўнай Царкве перадаў папа Ян Павел ІІ. Сёння абраз знаходзіцца ў Казані ў праваслаўнай царкве Узвышэння Святога Крыжа. Удзельнікі канферэнцыі пакланіліся абразу Маці Божай Казанскай, пасля чаго беларускі іерарх разам з ардынарыем дыяцэзіі св. Клеменса ў Саратаве біскупам Клеменсам Пікелем сумесна з суправаджаючымі асобамі былі прынятыя архіепіскапам Казанскім і Татарскім Анастасіем. Іерарх быў вельмі рады бачыць беларускага Мітрапаліта, з якім апошні раз сустракаўся ў 1997 г. Архіепіскап Анастасій паказаў гасцям сваю новую рэзідэнцыю, пасля чаго за гарбатай госці абмеркавалі стан веры ў сучасным свеце і выказалі вялікую занепакоенасць працэсам секулярызацыі. Пры гэтым яны падкрэслілі неабходнасць прыняцця новых захадаў у справе евангелізацыі. Пасля абеда арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выступіў на канферэнцыі з дакладам на тэму «Папа Францішак і новая евангелізацыя для перадачы веры». «Я вельмі рады, што магу прыняць удзел у гэтых урачыстасцях. Узгадваю тыя гады, калі я быў Апостальскім адміністратарам для католікаў лацінскага абраду Еўрапейскай часткі Расіі і таксама наведваў Казань. Памятаю часы, калі зарэгістраваная парафія малілася на кватэры, пасля праводзіла набажэнствы ў маленькай капліцы «Пакуты Хрыстовыя» на Арскім могільніку, — зазначыў беларускі іерарх. — "Мал золотник, да дорог", — гаворыць прымаўка. І калі мы ўсе тады радаваліся таму, што ёсць хоць маленькая, але ўсё-ткі капліца. ![]() Касцёл у Казані. 2013 г. Усім было зразумела, што нялёгка будзе вырашыць пытанні аб перадачы святыні каталіцкай парафіі ў Казані. І таму было знойдзена задавальняючае для ўсіх бакоў рашэнне — з дапамогай дзяржавы пабудаваць новую святыню. Што і было зроблена. І сёння мы адзначаем пятую гадавіну яго асвячэння дэканам Калегіі кардыналаў Анджэла Садана. Цікава, што асвячэнне новай святыні Узвышэння Святога Крыжа ў Казані адбылося роўна праз 150 гадоў пасля асвячэння першай казанскай каталіцкай святыні». Гаворачы пра стан сённяшняга касцёла ў Казані, які святкуе сваё пяцігоддзе, Мітрапаліт Кандрусевіч дадаў, што святыня — гэта перадусім «месца сустрэчы чалавека з Богам для нараджэння і ўмацавання веры». Аналізуючы стан сённяшняй веры, арцыпастыр звярнуў асаблівую ўвагу на неабходнасць у сённяшнім Касцёле правядзення новай евангелізацыі і прывёў у прыклад Пантыфіка Францішка: «У імкненні ўнесці новы імпульс у працэс новай евангелізацыі папа Францішак выкарыстоўвае вельмі просты і ўсім дасяжны стыль казання, якое карыстаецца вялікай папулярнасцю. Ніколі раней агульныя папскія аўдыенцыі не збіралі такой вялікай колькасці людзей, як гэта ёсць зараз. Простая, не абстрактная мова, прыклады з жыцця, чалавечая простасць і пакора, а таксама асаблівая ўвага да рашэння сацыяльных праблем і дапамогі бедным, здабылі яму вялізную папулярнасць і гавораць самі за сябе. Прычым гавораць вельмі пераканаўча», — заключыў іерарх. На завяршэнне першага дня працы канферэнцыі адбылася святая Імша, якую ўзначаліў беларускі іерарх. У сваёй гаміліі арцыпастыр падкрэсліў значэнне касцёла ў новай евангелізацыі, як месца, дзе абвяшчаецца Божае слова, цэлебруюцца святыя сакрамэнты і здзяйсняецца дабрачынная праца. Асаблівым чынам ён падкрэсліў неабходнасць трымацца цэласнасці вучэння Хрыста. У другі дзень канферэнцыі Мітрапаліт прадставіў прысутным даклад «Аналіз Энцыклікі папы Францішка «LUMEN FIDEI». (tk), (jls) |
Фотарэпартаж |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.