Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Зварот біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды 70-й гадавіны мучаніцкай смерці кс. Вітальда Івіцкага
Іерархі
14.01.2013 10:58

Тэкст звароту на польскай мове>>>

«Хто адлучыць нас ад любові Хрыста?
Няшчасце ці прыгнёт, ці пераслед,
ці голад, ці галеча, ці небяспека, ці меч?»
Рым 8, 35

«Па гэтым пазналі мы любоў,
што Ён (Езус) аддаў за нас сваё жыццё.
І мы павінны аддаць жыццё сваё за братоў»
1 Ян 3, 16

22 студзеня 2013 года адзначаецца 70-я гадавіна мучаніцкай смерці кс. прэлата Вітальда Івіцкага, Генеральнага вікарыя Пінскай дыяцэзіі. Ён быў арыштаваны і расстраляны разам з іншымі заложнікамі ў Янаве Палескім, што знаходзіцца каля 50 км ад Пінска.   

Гэтае забойства было помстай гітлераўцаў за вызваленне 18 студзеня 1943 г. з пінскай турмы партызанаў i за смерць двух немцаў, вартаўнікоў вязніцы.

Зняволеных трымалі ў пінскай турме. Ксёндз Вітальд Івіцкі, чакаючы экзекуцыі, выконваў святарскую паслугу сярод вязняў: спавядаў, удзяляў духоўныя парады, дадаваў адвагі. За гэта быў моцна пабіты вартаўнікамі вязніцы, але служэнне сваё не спыніў.

22 студзеня 1943 г. заложнікаў павезлі з Пінска на расстрэл у Янаў Палескі. Аказалася, што сярод прывезеных было на аднаго заложніка больш, чым было пададзена ў спісе на экзекуцыю. Тады афіцэр СС указаў на ксяндза прэлата Вітальда Івіцкага і сказаў: «Ты свабодны». Але святар папрасіў аб памілаванні ўсіх. На гэта афіцэр адказаў: «Не ты будзеш загадваць, бо я тут даю загады». Тады ксёндз прапанаваў, каб замест яго быў вызвалены начальнік чыгуначнай станцыі ў Пінску, бо мае жонку і дзяцей. Афіцэр згадзіўся. Начальнік станцыі застаўся жывы, a кс. Вітальд i іншыя заложнікі былі расстраляны.

Дарагія дыяцэзіяне!   

Тое, што здарылася на месцы пакарання, трэба разглядаць у святле неспасцігальнай чалавечым розумам дзейнасці Божага Провіду. Ксёндз Вітальд добраахвотна аддаў жыццё дзеля ратавання ад смерці бацькі сям’і, як св. Максімільян Кольбэ ў канцэнтрацыйным лагеры ў Асвенціме.

Дарагія, зададзім сабе пытанне: якую жыццёвую дарогу прайшоў кс. прэлат Вітальд Івіцкі? Якую атрымаў духоўную фармацыю, калі перад абліччам смерці не думаў пра сябе і пра выратаванне свайго жыцця, але пра ратаванне бліжняга? Адкуль чэрпаў сілы для гэтага гераічнага чыну, жадаючы наследаваць Хрыста i рэалізаваць Яго праўду: «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх» (Ян 15, 13)?

Ксёндз Вітальд Івіцкі нарадзіўся 10 мая 1884 г. у Вільні. Скончыў духоўную семінарыю i Акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. Будучы маладым святаром, выконваў абавязкі вікарыя ў парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Слуцку, затым у парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мозыры. На працягу 1914–1915 гг. вучыўся ў Рыме, дзе абараніў доктарскую дысертацыю па Кананічным Праве. Пасля вяртання на бацькаўшчыну ў 1918 г. выконваў пастырскія абавязкі ў касцёле св. Станіслава ў Петраградзе, аднак нядоўга, бо ў 1920 г. быў арыштаваны i сядзеў у маскоўскай турме. Вызвалены ў 1922 г., стаў пастырам парафіі ў Нягневічах каля Навагрудка. Затым, пасля стварэння Пінскай дыяцэзіі, біскуп Зыгмунд Лазінскі ў 1925 г. менаваў яго рэктарам Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску, а ў 1926 г. даручыў яму абавязкі пробашча катэдральнай парафіі ў Пінску i Пінскага дэкана. Пасля смерці біскупа Зыгмунта біскуп Казімір Букраба менаваў кс. Івіцкага пробашчам парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Брэсце, a затым, у 1937 г., членам Пінскай катэдральнай капітулы.

У 1939 г. ён стаў Генеральным вікарыем Пінскай дыяцэзіі i займаў гэтую важную пасаду, калі не было біскупаў на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі, аж да смерці. У гэты вельмі цяжкі і складаны перыяд ваенных, палітычных і рэлігійных змаганняў кс. Вітальд Івіцкі адважна кіраваў дыяцэзіяй, дапамагаў яўрэям, вязням i рэпрэсіраваным.

Умілаваныя святары, законныя сёстры і вернікі!

Разважаючы над гісторыяй гэтага святара, які пражыў 59 гадоў, хочацца сказаць пра яго адданае служэнне. Ён вандраваў праз розныя мясцовасці, як Езус, наведваў розныя гарады і мястэчкі падчас сваёй публічнай дзейнасці. Ксёндз Вітальд сведчыў сваю гатоўнасць адносна касцёльнай улады, бо ў яго біяграфіі пералічваецца столькі мясцовасцяў, дзе ён ахвярна служыў вернікам. Бачыў у рашэннях кіраўнікоў волю самога Хрыста, a святарства разумеў i рэалізаваў як служэнне іншым. Гэтая гатоўнасць да служэння дапамагла яму ў цяжкі і важны момант жыцця рашыцца на бескарыслівую i велікадушную ахвяру дзеля ратавання жыцця іншых, а менавіта канкрэтнай асобы.

Сёння мы з гонарам глядзім на развіццё веры ў Вільні, родным горадзе гэтага героя веры, у месцах яго пастырскай працы: Санкт-Пецярбургу, Слуцку, Мозыры, Пінску, Брэсце i дзякуем Богу за адраджэнне там парафій, будаўніцтва або адбудову касцёлаў. Верым, што ў гэтым адраджэнні і ўмацаванні Касцёла ёсць частка працы, поту і крыві кс. прэлата Вітальда Івіцкага. Ён там быў, сваім святарскім служэннем асвячаў народ i нёс Хрыстовую праўду, прапаведуючы яе вуснамі, пацвярджаючы смерцю, натхнёнай звышпрыроднай любоўю.  

Сёння мы просім аб мужных святарах: адданых Богу i людзям; якія кіруюцца верай і любоўю; якія з адвагай выконваюць загады кіраўнікоў;   удзячных Божаму Провіду за давер i запрашэнне ўдзельнічаць у рэалізацыі справы збаўлення.

Няхай святой памяці ксёндз доктар, прэлат, Генеральны вікарый Вітальд Івіцкі надалей клапоціцца пра нашую дыяцэзію, няхай прадстаўляе Богу нашыя малітвы аб пакліканнях да духоўнага стану.

Молімся за расстраляных разам з кс. Вітальдам i за ўсіх ахвяраў Другой сусветнай вайны. Няхай Хрыстус дазволіць ім удзельнічаць у сваёй перамозе над смерцю, каб яны маглі вечна сузіраць тварам у твар Бога, а ў Ім — перамогу любові над насіллем.

Усіх вітаю i благаслаўляю, асабліва сем’і расстраляных 22 студзеня 1943 г. у Янаве Палескім.

+ Антоні Дзям’янка
Пінскі біскуп

Пінск, 10 студзеня 2013 г.

Гэты зварот трэба прачытаць у касцёлах Пінскай дыяцэзіі на ўсіх Імшах у нядзелю 27 студзеня 2013 г.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме

Іерархі

01.07 10:47Біскуп Антоні Дзям’янка ў Будславе: «Не варта рабіць з Марыі “краму” для спаўнення жаданняў»
28.06 12:22Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды благаслаўлення вуглавога каменя пад новы касцёл Насвяцейшага Сэрца Езуса ў Брэсце
24.06 20:47Беларуская дэлегацыя прыняла ўдзел у біскупскім пасвячэнні кс. Віталія Крывіцкага SDB
19.06 09:58Фотафакт. Апостальскі Нунцый Габар Пінтэр наведаў парафію ў Асіповічах
16.06 11:43Мітрапаліт Кандрусевіч прыняў удзел у міжнародным форуме на тэму барацьбы з карупцыяй
12.06 12:30Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды святкавання 400-годдзя асвячэння касцёла ў Ружанах
12.06 08:55Заклік біскупа Аляксандра Яшэўскага да вернікаў Магілёўскага рэгіёна да ўдзелу ў працэсіі Божага Цела
10.06 00:04Адкрыты ліст Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча лаўрэату Нобелеўскай прэміі спадарыні Святлане Алексіевіч
24.05 12:27Мітрапаліт Кандрусевіч прымае ўдзел у пасяджэнні італьянскага епіскапату
16.05 13:52«Уражвае дабрыня мясцовых вернікаў»: Апостальскі Нунцый падсумаваў візіт у Віцебскую дыяцэзію