Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святарская супольнасць Гродзенскай дыяцэзіі падзялілася аплаткай у Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
23.12.2016 11:22

22 снежня ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне адбылася аплаткавая сустрэча святароў, якія нясуць служэнне ў Гродзенскай дыяцэзіі. 

У сустрэчы ўдзельнічалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Да супольнага святкавання былі запрошаны і семінарысты.

Сустрэча пачалася малітвай брэвіярыя, канферэнцыяй і адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту. Ад імя ўсіх святароў дыяцэзіі віншаванні з нагоды набліжэння святаў Божага Нараджэння скіраваў да гродзенскага ардынарыя біскуп Юзаф Станеўскі.

Іерарх выказаў удзячнасць біскупу Аляксандру Кашкевічу за тое, што ўжо 25 гадоў ён спакойна вядзе Касцёл на Гродзеншчыне і з айцоўскай любоўю ставіцца да кожнага святара. Дапаможны біскуп дадаў, што большасць святароў, якія сёння служаць у Гродзенскай дыяцэзіі, атрымалі пасвячэнне з рук біскупа Кашкевіча.

Біскуп Станеўскі пажадаў усім святарам, каб Бог нарадзіўся ў кожным сэрцы, каб праз дзяленне аплаткай «у нашай святарскай сям’і заўсёды панавала братэрская згода, мір і еднасць».

Падчас узаемных віншаванняў біскупы дзякавалі святарам за ахвярнае служэнне вернікам і за ўсе душпастырскія акцыі, якія яны рэалізуюць у сваіх парафіяльных супольнасцях.

Гэта быў ужо другі тур аплаткавай сустрэчы. Першы адбыўся днём раней у лідскай парафіі Святой Сям’і.

Кс. Юрый Марціновіч, grodnensis.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.