Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч здзейсніў кананічную візітацыю Іўеўскага дэканата (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
21.11.2016 08:33

20 лістапада біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч у межах кананічнай візітацыі Іўеўскага дэканата наведаў парафію ў Суботніках, сустрэўся з вернікамі навакольных вёсак Васілевічы і Кудэйшы, а таксама Жамыслаўль.

Раніцай іерарх сустрэўся з вернікамі вёсак Васілевічы і Кудэйшы, якія кожную нядзелю збіраюцца на святую Імшу ў капліцах, створаных на месцы былых клубаў.

Святую Імшу іерарх узначаліў у касцёле Святога Уладзіслава ў Суботніках. Літургію канцэлебравалі кс. Аляксандр Лебядзевіч, які працуе ў гэтай парафіі, і кс. Юрый Марціновіч. Біскуп заклікаў вернікаў цалкам даверыцца Божай міласэрнасці, каб пасля свайго зямнога жыцця кожны мог пачуць словы Езуса: «Будзеш са мною ў раі».

Вернікі з радасцю і хваляваннем чакалі сустрэчы з біскупам: падрыхтавалі цудоўныя словы прывітання дарослыя, моладзь, малітоўная група «Рыцары Беззаганнай», а наймалодшыя парафіяне — дзеці — падарылі сувеніры, зробленыя сваімі рукамі. Прыгожым спевам аздабляў літургію парафіяльны хор.

Пасля Імшы іерарх сустрэўся з суполкай сем’яў «Equipes Notre Dame», касцёльным камітэтам, настаўнікамі мясцовай школы, членамі ружанцовых колаў, а таксама са свецкімі францішканамі.

Пасля Суботнікаў пастыр дыяцэзіі накіраваўся ў вёску Жамыслаўль у капліцу Хрыста Валадара і Маці Божай Фацімскай. Вернікі сустракалі госця з прыгожым караваем, словы прывітання прамовілі дарослыя і моладзь, дзеці падрыхтавалі падарункі, а малітоўная група «Рыцары Беззаганнай» абяцала маліцца за біскупа.

Словы навукі да вернікаў прамовіў кс. Юрый Марціновіч. Святар нагадаў, што і сёння, у ХХІ стагоддзі, людзі па-ранейшаму маюць цудоўнага Караля — Езуса, які прыйшоў на свет не для таго, каб Яму служылі, а каб самому служыць людзям. У гэтым кожны і ва ўсе часы, як адзначыў святар, павінен наследаваць Хрыста.

Пасля літургіі ардынарый сустрэўся з малітоўнымі групамі парафіі. Прысутныя атрымалі пастырскае благаслаўленне, а на ўспамін пра дзень візітацыі — абразкі з выявай Езуса Міласэрнага.

Людміла Пясецкая, (VGr)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.