Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У гродзенскай катэдры адбыліся ўводзіны ў паслугу 17 новых канонікаў
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.05.2016 18:04

19 мая, у свята Пана нашага Езуса Хрыста, Найвышэйшага і Вечнага Святара, у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ў Гродне падчас святой Імшы адбылася ўрачыстая інсталяцыя Гродзенскага капітула. У гэты дзень сваё служэнне распачалі канонікі капітула.

Урачыстую святую Імшу з удзелам святароў, манахінь, семінарыстаў і вялікай колькасці вернікаў узначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Іерарх адзначыў, што гэта вялікая падзея для ўсёй дыяцэзіі, паколькі ўпершыню з моманту яе заснавання быў скліканы катэдральны капітул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра Каралевіча.

Біскуп дадаў, што Касцёл жадае выказаць удзячнасць тым святарам, якія паспрыялі ўзрастанню веры на нашых землях і прымалі дзейсны ўдзел у аднаўленні рэлігійнага жыцця і адбудовы святынь.


Падчас Імшы былі ўстаноўлены восем грэміяльных і дзевяць ганаровых канонікаў.

Грэміяльныя канонікі:

  1. Кс. Генрык Яблонскі (дэкан капітула)
  2. Кс. Ян Кучынскі (цырымонімайстр)
  3. Кс. Уладзімір Гуляй (тэолаг)
  4. Кс. Юзаф Бадзевіч (кусташ)
  5. Кс. Антоній Грэмза (сакратар)
  6. Кс. Цэзарый Міх (пэнітэнцыярый)
  7. Кс. Рычард Якубец
  8. Кс. Ян Пузына


Ганаровыя канонікі:

  1. Кс. Юзаф Ганьчыц
  2. Кс. Чэслаў Паўлюкевіч
  3. Кс. Ян Пяцюн
  4. Кс. Станіслаў Пацына
  5. Кс. Алег Дуль
  6. Кс. Аляксандр Сасноўскі
  7. Кс. Віктар Вялівіс
  8. Кс. Людвік Станiшэўскі
  9. Кс. Люцыян Радомскі


Прымаючы пасаду каноніка, кожны з гэтых святароў склаў прысягу і вызнанне веры. Прысяга была звязана з абяцаннем, якое складалі святары перад прэзбітэрскім пасвячэннем. Яна абавязвае канонікаў да шанавання свайго біскупа ардынарыя і паслухмянасці яму, а таксама да стараннага захавання статутаў капітула. Вызнанне веры нагадвала пра абавязак кожнага хрысціяніна даваць сведчанне веры, абавязак абароны добрага імя Касцёла, паглыблення праўдаў веры і жыцця паводле яе прынцыпаў.

Знешнім знакам прыняцця канонікам гэтай функцыі было атрыманне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча знакаў годнасці. Элементам абрадаў інсталяцыі капітула было таксама займанне канонікамі сваіх месцаў.



На заканчэнне дэкан капітула кс. Генрык Яблонскі падзякаваў біскупу Гродзенскаму Аляксандру Кашкевічу і дапаможнаму біскупу Гродзенскай дыяцэзіі Юзафу Станеўскаму за давер, якімі яны адарылі канонікаў, надаючы ім гэтую годнасць. Святар адзначыў таксама, што гэтае ганаровае адрозненне трэба ўспрымаць як заданне, каб далей з яшчэ большым запалам служыць вернікам і даваць добры прыклад веры.

Капітул – гэта калегія святароў, задача якой – правядзенне найбольш урачыстых літургічных падзей у катэдральным або калегіяльным касцёле. Гэты інстытут, згодна са сваёй сутнасцю, увасабляе клопат Касцёла аб справе культу, падтрымлівае біскупскую адміністрацыю.

Катэдральны капітул у Гродне быў заснаваны са згоды Апостальскай Сталіцы ў 2012 годзе. Гродзенскі катэдральны капітул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Казіміра быў заснаваны паводле норм кананічнага права і ўяўляе сабой калегію святароў, задача якой – правядзенне найбольш урачыстых літургічных падзей у катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя.

У сакавіку 2016 года біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч прызначыў 17 канонікаў катэдральнага капітула ў Гродне. З увядзеннем у паслугу канонікаў Гродзенскі катэдральны капітул распачаў сваю працу.


Да асаблівых заданняў, даручаных капітулу біскупам Гродзенскім, адносіцца адказнасць за арганізацыю ў катэдральнай базыліцы канферэнцый, прысвечаных дакументам Папы і Апостальскай Сталіцы, паглыбленне культу Маці Божай і святога каралевіча Казіміра, апекуна Гродзенскай дыяцэзіі, і падтрымка біскупа Гродзенскага парадай, калі да капітула будзе скіравана адпаведная просьба.

Даведка:

Інсталяцыя — тое ж, што і ўвядзенне, распачацце. Такім чынам, інсталяцыя капітула — пачатак працы капітула.

Кс. Юрый Марціновіч
Фота Артура Вільнеўчыца i Максіма Хаванскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.