Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
V Дыяцэзіяльная сустрэча выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі прайшла ў Тракелях
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
31.08.2015 12:18

29 жніўня ў санктуарыі Маці Божай Каралевы сем’яў у Тракелях адбылася V Дыяцэзіяльная сустрэча выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі. На сустрэчу ў «школу Марыі» прыбыло больш за 120 чалавек з усёй дыяцэзіі, якія ўдзельнічаюць у працэсе навучання маладога пакалення.

Таксама на сустрэчу прыбыў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, каб на парозе новага навучальнага года ўдзяліць пастырскае благаслаўленне і падзякаваць усім настаўнікам, выкладчыкам і выхавацелям за іх ахвярную працу.

Настаўнік – будаўнік лепшых адносін


З канферэнцыяй на тэму «Пакліканне настаўніка ў адносінах да Бога, сябе і грамадства» выступіў кс. Антоні Грэмза, душпастыр выкладчыкаў, настаўнікаў і выхавацеляў Гродзенскай дыяцэзіі. Святар адзначыў, што настаўнік – гэта той, які мае прамы кантакт з маладым чалавекам і аказвае ўплыў на выбар, які ён зробіць.



Ксёндз Антоні Грэмза звярнуў увагу, што радасны падыход да навучання будзе характарызаваць таго, хто хоча і любіць вучыць. «Не павінен працаваць з дзецьмі і моладдзю той, каму праца з маладымі не прыносіць задавальнення», – сказаў святар.

«Каб выхавацель мог станоўча ўздзейнічаць на вучняў, ён павінен умець будаваць найлепшым чынам свае з імі адносіны», – заўважыў святар, дадаўшы, што гэтыя адносіны павінны быць заснаваны на супрацоўніцтве.



Душпастыр настаўнікаў падкрэсліў, што сёння, як ніколі раней, дзецям і моладзі патрэбны добрыя выхавацелі, якімі павінны быць усе настаўнікі, а для таго, каб быць добрым настаўнікам, трэба быць для маладога чалавека і сябрам, каб, карыстаючыся сваім аўтарытэтам, зрабіць шмат добрага ў галіне адукацыі.

Ксёндз Антоні Грэмза ўзгадаў і пра тое, што сёння кожнаму, у тым ліку настаўнікам, патрэбна фармацыя на працягу ўсяго жыцця. Па словах святара, «варта пачаць фармацыю з сябе і дапамагаць чалавеку ў поўным развіцці яго пачуццяў, волі, розуму, фармаванні характару, будзіць у чалавеку волю працаваць над сабою і супрацоўнічаць з іншымі, каб умець пераадолець эгаізм, каб ведаць, як любіць бескарысліва і жыць з любоўю».

Настаўнік – выхавацель новых пакаленняў

Святую Імшу ў межах сустрэчы ўзначаліў біскуп Юзаф Станеўскі, які адзначыў, што перад чарговым навучальным годам настаўнікі дыяцэзіі прыбываюць у Тракелі, у своеасаблівае месца, «школу Марыі» для ўсіх людзей. Па словах іерарха, менавіта ў санктуарыі, дзе можна адчуць цішыню і перажыць хвіліны спакою ад штодзённых спраў, можна і вучыцца ад Марыі сапраўднай малітве. Біскуп дадаў, што на кожным настаўніку ляжыць важная і адказная задача. «Ад вашай штодзённай дзейнасці і выхавання маладых пакаленняў залежыць будучыня народа і Касцёла», – сказаў сабраным іерарх.

Біскуп заўважыў, што праца настаўнікаў відавочная на кожным кроку, пры кожнай сустрэчы з іншым чалавекам, асабліва маладым. Таму іерарх заахвоціў усіх настаўнікаў поўнасцю прысвячаць сябе сваёй працы і мець вялікую цярплівасць у адносінах з дзецьмі і моладдзю. «Зробім усё, каб наша будучыня – дзеці і моладзь – вырасла сапраўднымі хрысціянамі і грамадзянамі», – заклікаў біскуп.

«Няхай школы і вышэйшыя навучальныя ўстановы будуць месцамі перадачы мудрасці і духу», – такое пажаданне выказаў іерарх, а таксама ад імя Касцёла падзякаваў прысутным за адданую і ахвярную працу.



Таксама ў межах сустрэчы адбылася адарацыя Насвяцейшага Сакрамэнту, удзельнікі мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння і працавалі групах, дзелячыся сваім вопытам і метадамі выхавання маладога чалавека. На сустрэчы было падкрэслена некалькі разоў, што сучасны настаўнік павінен быць перш за ўсё адкрытым і сумленным, паказваць якасці, годныя да пераймання, і аптымістычна глядзець у будучыню.

Новы 2015/2016 навучальны год сабраныя даверылі Найсвяцейшай Панне Марыі, Каралеве сем’яў. «Марыя, наша Маці, мы аддаем сябе ў Тваё распараджэнне, каб праз нашае штодзённае пакліканне да навучання і выхавання маглі здзяйсняцца планы Божага Валадарства», – казалі ўдзельнікі сустрэчы.

Кс. Юрый Марціновіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.