Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
15-годдзе смерці кс. прэлата Юзафа Грасевіча адзначылі ў Каменцы: «Яго cлужэнне заслугоўвае асаблівай ацэнкі і павагі»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
28.02.2015 22:20

28 лютага ў парафіі Св. Антонія і Аб’яўлення Пана ў Каменцы адбыліся ўрачыстасці ў памяць ксяндза прэлата Юзафа Грасевіча. 1 сакавіка адзначаецца 15-я гадавіна смерці гэтага душпастыра, які ў апошнія гады свайго святарскага служэння быў пробашчам дадзенай парафіі.

Урачыстую Імшу за збаўленне душы спачылага святара ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Імшу канцэлебравалі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, шматлікія святары, у ёй прымалі ўдзел сёстры законныя, мясцовыя парафіяне і тыя, хто пры жыцці ведаў кс. Юзафа Грасевіча.

Kсёндз Грасевіч з’яўляецца сузаснавальнікам манаскай супольнасці Сясцёр Маці Міласэрнасці (Вастрабрамскай), сябраваў з бл. ксяндзом Міхалам Сапоцькам, паспрыяў захаванню ад знішчэння першага цудатворнага абраза Езуса Міласэрнага, напісанага паводле ўказанняў св. Фаўстыны па жаданні самога Хрыста.



 

У гаміліі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў: «Бог дазволіў мне асабіста ведаць гэтага чулага, святога і адданага Касцёлу святара. Я бачыў, як шмат ён маліўся, як шмат увагі прысвячаў пастаяннай фармацыі святароў і закладзенаму ім Таварыству Божай Маці Міласэрнасці. Я зведаў яго давер Езусу Міласэрнаму. Калі здавалася, што ўжо нічога не зменіць сітуацыі Касцёла ў Беларусі, ён верыў і спадзяваўся, нават насуперак надзеі. І не памыліўся».

«Калі б не было святароў фармату ксяндза прэлата Юзафа Грасевіча, то і не было б такога хуткага адраджэння Касцёла ў нашай краіне. Яны захавалі веру ў народзе і падрыхтавалі яго да выкарыстання новых магчымасцяў, якія дае свабода веравызнання.  

Сёння дзякуем Богу за гэтага правідэнцыйнага пастыра. Дзякуем яму самому, за тое, што, нягледзячы на пераслед і цяжкасці святарскага служэння ў часы ганенняў на Касцёл, ён застаўся верны свайму святарскаму пакліканню», — сказаў іерарх.

Поўны тэкст гаміліі>>>

На заканчэнне Імшы біскуп Аляксандр Кашкевіч адзначыў, што ксёндз Юзаф Грасевіч сапраўды быў святаром паводле Божага сэрца, які асаблівым чынам паспрыяў развіццю культу абраза Езуса Міласэрнага. Па словах іерарха, ксёндз прэлат усім сэрцам прагнуў служыць Богу і людзям, не шкадуючы сваіх сіл і часу.



 

Гродзенскі ардынарый падзякаваў усім прысутным за памяць пра гэтага вялікага святара, які так моцна клапаціўся аб аднаўленні духоўнага жыцця ў давераных яму людзях. Таксама біскуп папрасіў аб далейшай малітве за спачылага і выказаў надзею, што служэнне ксяндза Юзафа Грасевіча і ў сённяшнія часы прыносіць плёны, відавочныя ў чалавечых сэрцах.

Пасля Імшы прысутныя памаліліся на месцы пахавання кс. Юзафа Грасевіча каля парафіяльнай святыні.

Ксёндз прэлат Юзаф Грасевіч нарадзіўся ў 1904 годзе на Беласточчыне. У Беластоку скончыў гімназію, а затым паступіў ва ўніверсітэт Стэфана Баторыя ў Вільні на факультэт паланістыкі, пасля заканчэння якога працаваў настаўнікам польскай мовы ў езуіцкай гімназіі.

Пасля двух гадоў працы Юзаф Грасевіч паступае ў духоўную семінарыю. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў з рук біскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага.

Пазней быў рэдактарам каталіцкага штотыднёвіка «Tygodnik Katolicki» і капеланам хрысціянскай моладзі.

Пры жыцці кс. Юзаф Грасевіч сябраваў з благаслаўлёным кс. Міхалам Сапоцькам і стараўся наследаваць прыклад яго жыцця.

Ксёндз Юзаф Грасевіч адышоў па ўзнагароду да Пана 1 сакавіка 2000 г.


Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.