Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На новы навучальны год благаславілі дзяцей і моладзь у санктуарыі ў Капцёўцы
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
22.09.2014 17:54

Больш за тысячу пілігрымаў прыйшлі сёлета ў дыяцэзіяльны санктуарый Маці Божай Яснагорскай цярпліва слухаючай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы.

Традыцыйна ў трэцюю нядзелю верасня адбываецца пешая пілігрымка дзяцей і моладзі, настаўнікаў і выхацеляў, выкладчыкаў і катэхетаў з Гродна і ваколіц да санктуарыя Маці Божай Яснагорскай на Узгорку Надзеі ў Капцёўцы (Гродзенская дыяцэзія). Сёлетняя пілігрымка прайшла пад дэвізам «З Марыяй у новы навучальны год». У ёй прыняло ўдзел больш за тысячу вернікаў.

Перад распачаццем шляху пілігрымы прынялі ўдзел у святой Імшы. Пасля Эўхарыстыі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч падзякаваў усім настаўнікам, катэхетам, выхавацелям і сем’ям за выхаванне дзяцей у веры і за перадачу ведаў і жыццёвай мудрасці. Біскуп пажадаў, каб новы школьны і катэхетычны год стаў багатым у плане вопыту і спрыяў узрастанню ў мудрасці і веры.

У пілігрымцы ўдзельнічала шмат дзяцей і моладзі, якіх на на шляху да Маці Божай суправаджалі бацькі, апекуны і катэхеты. Да Узгорка Надзеі ў Капцёўцы пілігрымавалі таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Прывітаў пілігрымаў кусташ санктуарыя кс. Міхал Ластоўскі, пасля чаго распачалася святая Імша з асвячэннем школьных прыладаў.

Варта заўважыць, што дзеці і моладзь прынеслі гэтыя рэчы ў школьных рукзаках.

Урачыстую святую Імшу ў акружэнні святароў цэлебраваў кс. Юрый Марціновіч, дырэктар інфармацыйнага бюро Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі. У гаміліі святар прыгадаў дзецям, што жыццё чалавека, незалежна ад таго, колькі яму гадоў, — гэта пастаянная школа, дзе чалавек увесь час вучыцца і пазнае нешта новае.

«Праз сакрамэнт хросту нас запісалі ў школу Езуса Хрыста. Мы з’яўляемся Яго вучнямі. У гэтай школе вучымся, як трэба любіць Бога і іншага чалавека. Вучымся, як быць чалавекам і хрысціянінам, — адзначыў кс. Юрый Марціновіч. — Школа Хрыста ніколі не скончыцца. Яна працягваецца ўсё жыццё. У ёй ёсць мова любові. Канчатковы іспыт з усяго нашага жыцця мы здаём на Апошнім Судзе, дзе Пан кожнага з нас будзе судзіць па справядлівасці і запросіць на "выпускны баль", які будзе доўжыцца бясконца».

На заканчэнне Імшы кс. Юрый Марціновіч асвяціў заплечнікі і школьныя прылады, якія дзеці прынеслі з сабою ў пілігрымцы. Пасля Імшы адбылася другая частка сустрэчы, на якой былі прэзентаваны парафіяльныя групы, якія прыбылі ў санктуарый. Было шмат спеваў і радасці. Вясёлай забавай сталі інтэграцыйныя танцы. Стварэнню радаснай атмасферы паспрыялі навучэнцы духоўнай семінарыі і моладзь са студэнцкага душпастырства OPEN, якія суправаджалі сустрэчу акампанементам і спевам.

Дзеці і моладзь — удзельнікі пілігрымкі — вярталіся дадому напоўненыя Божай энергіяй: каб здабываць жыццёвую мудрасць, каб вучыцца чалавечнасці, каб быць добрымі хрысціянамі, чаго так патрабуе сучасны свет. Яны вярнуліся заахвочаныя даваць іншым сведчанне: дзяліцца досведам веры і несці Хрыста, а таксама распавядаць пра школу Хрыста, вучнямі якой сталі.

Вераніка Карповіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.