Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Парафіяльны фэст у Ваўкавыску: св. Станіслаў Костка — прыклад для сучаснай моладзі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
19.09.2014 14:57

18 верасня на ўспамін святога Станіслава Косткі ў Ваўкавыску адбыўся парафіяльны фэст. Урачыстую Імшу ў касцёле, які носіць імя гэтага святога, узначаліў кс. Ян Кучынскі, вікарый біскупа Гродзенскай дыяцэзіі.

Для вернікаў парафіі гэта вялікае свята. Святы Станіслаў - заступнік не толькі дзяцей і моладзі, але і ўсіх, хто імкнецца да Бога. Ён марыў стаць святаром, але не паспеў, бо памёр вельмі рана, затое адзначаўся вялікай святасцю і мудрасцю, негледзячы на свой малады ўзрост.

На свята сабраліся парафіяне, а таксама вернікі з суседняй парафіі Св. Вацлава і іншых парафій. На ўрачыстасць прыбылі святары з розных куткоў дэканата: кс. Ян Кучынскі, пробашч катэдральнага касцёла ў Гродне, дэкан кс. прэлат Антоній Філіпчык, пробашч парафіі Св. Вацлава ў Ваўкавыску, разам з вікарыем кс. Паўлам Эйсмантам, кс. Валерый Лісоўскі, пробашч з Вярэек, кс. Чэслаў Паўлюкевіч, пробашч з Росі, кс. Павел Астукевіч, пробашч з Індуры, кс. Павел Звежыньскі, пробашч з Варнян, кс. Мар’ян Хаменя CSMA, пробашч з Шыловіч, кс. Людвік Станішэўскі, пробашч з Гнезна, а. Станіслаў Садоўскі OFMConv, пробашч з Поразава, кс. Юрый Свіслацкі, пробашч з Крамяніцы.

На пачатку ўрачыстасці пробашч парафіі кс. Алег Дуль прывітаў сабраных святароў, шматлікіх вернікаў і падзякаваў за магчымасць супольнай малітвы.

Гамілію прамовіў кс. Павел Эйсмонт, вікарый парафіі Св. Вацлава ў Ваўкавыску, які наблізіў вернікам постаць св. Станіслава Косткі, распавёўшы пра нялёгкае жыццё святога і падкрэсліўшы, што моладзь павінна браць прыклад з яго, а таксама праз малітву да святога клапаціцца пра чысціню сваёй душы.

Святая Імша скончылася літаніяй да св. Станіслава Косткі пры Найсвяцейшым Сакрамэнце. Пасля адбылася ўрачыстая працэсія вакол касцёла. Напрыканцы пробашч парафіі падзякаваў усім, хто ўдзельнічаў у святой Імшы, і святарам, якія супольна маліліся і спавядалі ў канфесіяналах.

Вераніка Жаброўская

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.