Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
А. Джон Башабора з Уганды: «Звяртацца да моладзі на яе мове»
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
09.06.2014 13:47

7-8 чэрвеня ў парафіі Найсвяцейшай Троіцы ў Росі адбыліся рэкалекцыі, якія праводзіў a. Джон Башабора з Уганды.

У інтэрв’ю grodnensis.by святар расказаў пра свой шлях да Бога і распазнанне паклікання, перашкоды, з якімі вернікі сутыкаюцца ва Угандзе, «заканадаўства, якое настройвае людзей супраць Бога» і жадае знішчыць інстытут сям’і.
 
Адказваючы на пытанне, на чым Касцёл павінен засяродзіцца ў сваёй дзейнасці, каб як мага больш людзей сталі на шлях духоўнай адновы, святар заклікаў ісці да маладых людзей і размаўляць з імі на іх мове.
 
«Езус ёсць сярод вас..., Езус вас любіць... — гэта іх не пераконвае, яны не ў стане зразумець такога тыпу мовы. Мяркую, што мы павінны як мага больш маладых людзей прыцягваць да дзейнасці на карысць новай евангелізацыі. Аднак найперш мы павінны перайсці на іх мову, іх спосаб экспрэсіі, толькі так мы можам данесці ім праўду аб Хрысце. Таксама думаю, што ўсходнія краіны, якія маюць моцную традыцыю, маюць святароў, якія гатовыя дапамагчы маладым сваёй парадай. У век сучасных камунікацый святар тым больш павінен валодаць неабходнай інфармацыяй, але перш за ўсё ён не можа згубіць здольнасці гаварыць ад шчырага сэрца пра Таго, у Каго ён верыць. Бог найперш прамаўляе да сэрца святара і тады святар з багацця свайго сэрца прамаўляе да іншых сэрцаў. Менавіта гэта прыносіць эфект, гэта спрацоўвае. Калі праз сэрца святара прамаўляе Святы Дух, гэта прыносіць сапраўдны плён. Гэта з’яўляецца нашым найбольшым выклікам на сёння. Вы прамаўляеце да людзей, а Езус змяняе іх жыцці», — сказаў святар.

Да ўсіх прысутных на рэкалекцыях, як і да ўсіх жыхароў Беларусі, а. Башабора звярнуўся ў інтэрв’ю з такім пажаданнем:

«Я хачу памаліцца за тое, каб мы моцна ўсвядомілі, што Бог прысутны сярод нас. Яго можна адчуць у атмасферы ўзаемнай братэрскай любові. Давайце задумаемся над словамі св. Яна апостала, які кажа, што немагчыма любіць Бога, не любячы бліжняга. Калі мы любім адзін аднаго, тады наш прыклад пачынае прыцягваць іншых. Таксама мы павінны зразумець, што не любоў з’яўляецца Богам, але Бог ёсць Любоў. Апошнім часам людзі часта вымаўляюць слова «любоў», маючы на ўвазе яе цялесны аспект. Менавіта такое разуменне знішчае людскую годнасць. Аднак толькі Бог ёсць Любоў і Ён з’яўляецца яе крыніцай. Таму я малюся, каб людзі сталі на шлях Сапраўднай Любові і зразумелі, што Ён ёсць Любоў, і толькі тады, мы зможам палюбіць адзін аднаго».

Айцец Джон Башaбора, святар з Уганды, харызматык, доктар тэалогіі духоўнасці, псіхолаг, нарадзіўся ў 1946 годзе ва Угандзе. У 1972 годзе прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне. Абараніў доктарскую дысертацыю ў галіне містычнага багаслоўя ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме. Пасля вяртання ў родную дыяцэзію заснаваў дзве пачатковыя і дзве сярэднія школы, а таксама два дзіцячыя дамы, у якіх знайшлі прытулак ўжо больш за пяць тысяч сірот. З'яўляецца дыяцэзіяльным каардынатарам Каталіцкага абнаўлення ў Духу Святым і членам Нацыянальнага Таварыства заступніцкай малітвы, якое праводзіць рэкалекцыі і харызматычныя малітоўныя сустрэчы таксама па-за межамі Уганды. Адна з такіх сустрэч нядаўна прайшла на Народным стадыёне ў Варшаве, сабраўшы каля 60 тысяч вернікаў.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.