Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Клюшчанах адбылася сустрэча, прысвечаная паэту-святару Казіміру Сваяку
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
07.05.2014 16:47

На працягу 8 гадоў адбываюцца сустрэчы парафіянаў клюшчанскага касцёла Гродзенскай дыяцэзіі і камайскага касцёла Віцебскай дыяцэзіі. Сустрэчы праходзяць у лютым і маі, у дзень народзінаў і ў дзень смерці паэта-святара Казіміра Сваяка, які служыў у абедзвюх парафіях у 1915-1916 гг.  Камайскі касцёл – яго першае месца працы, куды святар быў прызначаны вікарыем. У 2015 годзе споўніцца 100 гадоў з дня прыезду кс. Казіміра Сваяка ў камайскую святыню.  

Сёлета сустрэчы праходзілі 23 лютага ў камайскім касцёле і 4 мая – у клюшчанскім. Звычайна адбываецца Імша за святара-паэта, а затым культурная праграма, у якой чытаюцца яго вершы, спяваюцца песні, выступаюць усе жадаючыя.

4 мая пасля Імшы, якую цэлебравалі святары абодвух касцёлаў кс. Анатоль Захарэўскі і кс. Яцэк Хутман, была праведзена прэзентацыя фотаздымкаў з жыцця і дзейнасці кс. Казіміра Сваяка і яго родных, накладзеная на песню з рэпертуара ансамбля “Сябры” на словы Ніла Гілевіча “Шлях да Беларусі”, якую падрыхтвала сваячка паэта Іаланта Валуевіч. Парафіянка з Камаяў Генуэфа Дубіловіч прачытала лірычнае эсэ “Сэрца святара”, суаднесла яго з кананізацыяй Папаў Яна Паўла ІІ і Яна ХХІІІ, з аб’яўленым годам кардынала Казіміра Свёнтка, ушанаваннем памяці святара-паэта Казіміра Сваяка і служэннем сучасных святароў. Увага асабліва звярталася на служэнне пробашча камайскага касцёла кс. Яцэка Хутмана, які шмат робіць для духоўнага і матэрыяльнага адраджэння парафіі, па ініцыятыве якога адбываюцца такія сустрэчы. Таксама прагучала песня “Настаўнік”, выкананая на польскай, рускай і беларускай мовах.

Затым удзельнікі сустрэчы наведалі дом-музей Казіміра Сваяка, яго родную вёску Барані, дзе адбылася агульная малітва за сям’ю паэта: Вяночак да Божай Міласэрнасці, Літанія да Усіх Святых, якою кіравала парафіянка з Камаяў Яніна Cенкевіч. Па прапанове кс. Яцэка Хутмана ўдзельнікі падчас малітвы трымалі ў руках запаленыя свечкі, якія прывёз з сабой святар. Госці мелі магчымасць падсілкавацца абедам, падрыхтаваным землякамі паэта, за сталом спявалі беларускія народныя песні, майскія песні, прысвечаныя Панне Марыі.

Па дарозе дадому дэлегацыя з Камаяў наведала касцёл Святой Тройцы ў Гервятах.
 
Удзельнікі выказваюць удзячнасць арганізатарам свята, ксяндзам Яцэку Хутману і Анатолю Захарэўскаму, землякам Казіміра Сваяка, яго сваячцы Іаланце Валуевіч, якая вядзе вялікую краязнаўчую працу ў сваім раёне, збірае фальклор, піша артыкулы, выдае кнігі, многія свае творы прысвячаючы жыццю і дзейнасці таленавітых, выбітных асобаў, святароў мінулага часу, і была адным з арганізатараў стварэння музея Казіміра Сваяка.

Г. Дубіловіч

 

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.