Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Розныя харызматы, адна мэта»: дыяцэзіяльная сустрэча кансэкраваных асобаў прайшла ў Гродне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
03.02.2014 17:11

“Кансэкраваныя асобы – вялікі дар для Касцёла і ўсяго свету”, - сказаў біскуп Аляксандр Кашкевіч, звяртаючыся да законных сясцёр, братоў і айцоў з усёй дыяцэзіі, якія сабраліся 3 лютага ў Гродне. Сустрэча была прымеркавана да Дня кансэкраванага жыцця, які адзначаўся 2 лютага.

На супольнай малітве, якую ўзначаліў гродзенскі ардынарый, прысутнічалі таксама вернікі горада, каб падтрымаць тых, хто ўказвае ім шлях да Хрыста.

Кансэкраваныя асобы розных супольнасцяў жывуць штодзень рознымі харызматамі, кожная супольнасць мае свайго заснавальніка і сваю рэгулу, аднак усіх аб’ядноўвае адна мэта – імкненне да святасці ў жыцці паводле евангельскіх парадаў паслухмянасці, чысціні і ўбоства.

На пачатку сустрэчы кансэкраваныя асобы выслухалі канферэнцыю а. Вальдэмара Слоты CSsR на тэму законнага жыцця. “Мы пакліканы нагадаць свету, што сапраўдным вымярэннем жыцця з’яўляецца вечнасць, - адзначыў святар. – Сучасны чалавек часта забывае пра гэта. Нам трэба быць зачынам асвячэння, чэрпаючы натхненне ў Евангеллі, малітве, як нашы заснавальнікі”.

Па словах святара, кансэкраванае жыццё – гэта найперш Божы дар, бо “ініцыятыва належыць Богу: Ён кліча, адорвае, давярае місію”. Айцец Вальдэмар Слота звярнуў увагу таксама на ролю малітвы – “сапраўднай крыніцы аднаўлення і апостальскай плённасці” - у жыцці кансэкраванай асобы. Падкрэсліваючы значэнне Сусветнага дня кансэкраванага жыцця, устаноўленага Папам Янам Паўлам ІІ у 1997 г., святар заўважыў, што гэты дзень павінен нагадваць кансэкраваным асобам, якія “жывуць у хаатычным, няпэўным, ахопленым рознымі турбуючымі справамі свеце”, што “трэба вярнуцца да крыніцы нашага паклікання”, “аднавіць сваю кансэкрацыю”.

Кансэкраваныя асобы маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам, мелі магчымасць прыступіць да сакрамэнту пакаяння. Самым важным пунктам праграмы сустрэчы была Імша ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Бiскуп Аляксандр Кашкевіч падкрэсліў, што кансэкраванае жыццё – вялікі дар для Касцёла і ўсяго свету, а законнікі дзякуючы сваім малітвам спрыяюць міру ў свеце і міру ў сучасных сем’ях. 


Біскуп падзякаваў усім, хто жыве штодзень евангельскімі парадамі, за “вялікую місійную справу”, якую яны здзяйсняюць “для Касцёла на Гродзеншчыне і ва ўсёй Беларусі”. Іерарх выказаў падзяку сабраным за малітву, працу і за тое, што яны “сваёй асобай абвяшчаюць Евангелле Хрыста”.

“Дзякуючы малітвам і служэнню законных сясцёр, братоў і айцоў развіваецца духоўнае жыццё ў нашай дыяцэзіі і ва ўсім Паўсюдным Касцёле”, - сказаў біскуп і заахвоціў кансэкраваных асобаў не шкадаваць часу на малітву: “Малітва – гэта вялікая праца, вельмі патрэбная. Дзякуючы малітве Касцёл, які ў свеце пераследуецца, тым не менш развіваецца, абвяшчае Евангелле”.

Гродзенскі ардынарый заклікаў удзельнікаў сустрэчы радасна абвяшчаць Добрую Навіну: “Перадавайце Божае слова з радасцю, з любоўю да Бога і да бліжняга”.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.