Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
З люду ўзяты і для люду прызначаны: кс. прэлат Юзаф Станеўскi прыняў біскупскае пасвячэнне
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.02.2014 18:54

1 лютага ў гродзенскім катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя ксёндз прэлат Юзаф Станеўскі, шматгадовы рэктар і выхавацель Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, прыняў біскупскае пасвячэнне. Галоўным пасвячаючым быў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, асістуючымі – Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка.

Ва ўрачыстасці ўдзельнічалі Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, усе біскупы Беларусі, Мітрапаліт Віленскі (Літва) арцыбіскуп Гінтарас Грушас, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Сабралося духавенства з усёй краіны, шматлікія вернікі дыяцэзіі, госці з Германіі, Польшчы, Украіны, Грузіі, Расіі, Літвы, святары Праваслаўнай Царквы, якія прадстаўлялі епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, пастар Евангелічна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў. Прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых уладаў і дыпламатычнага корпусу.

Свой сярод сваіх

Усё жыццё біскупа Юзафа Станеўскага было звязана з Гродзеншчынай. Ён нарадзіўся ў Занявічах недалёка ад Гродна, вывучаў філафосію і тэалогію ў гродзенскай семінарыі, дзе пазней быў рэктарам, выконваў розныя функцыі ў мясцовым Касцёле. На працягу гадоў займаўся фармацыяй новых пакаленняў духавенства і дапамагаў многім маладым людзям у адкрыцці шляху да Хрыстовага святарства.

З гэтага часу ён будзе падтрымліваць у пастырскім служэнні біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча як дапаможны біскуп дыяцэзіі. Як сказаў біскуп Кашкевіч у гаміліі падчас Імшы з удзяленнем пасвячэння, “Святы Айцец, намінуючы біскупа Юзафа, сына гродзенскай зямлі, прагне даць нашаму мясцоваму Касцёлу добрага пастыра, які ведае сваю аўчарню, яе клопаты і патрэбы, ведае, чым яна жыве, чаго прагне і чакае”.


Памочнік ў ажыццяўленні служэння навучання, асвячэння і кіравання

У адпаведнасці з абрадам галоўны пасвячаючы просіць прачытаць намінацыйную булу Святога Айца аб прызначэнні выбранага біскупам. У буле, кажучы пра матывы прызначэння, Папа адзначае, між іншым, што біскуп намінат Юзаф Станеўскі „самааддана служыў у справе пакліканняў, дэманструючы  неабходны розум і дар сэрца і разуменне становішча спраў мясцовага Касцёла”. Таксама Пантыфік заахвочвае біскупа наміната: „Мы заклікаем цябе, дарагі сын, каб ты ўсю сваю біскупскую стараннасць аддаў Хрысту, чыё слова і сакрамэнты для вернікаў Гродзенскай дыяцэзіі ў еднасці з біскупам шчыра будзеш абвяшчаць і кіраваць, праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі Вастрабрамскай, Маці Міласэрнасці, і святога Юзафа”.

Cам Хрыстус абіраe, кліча, даручае ганаровую і адказную місію

Пра тое, што сам Хрыстус абірае, кліча і давярае гэтую ганаровую і адначасова адказную місію ў Касцёле – быць пастырам аўчарні – нагадаў прысутным у гаміліі біскуп Аляксандр Кашкевіч: „Служэнне біскупа ў святле веры – гэта штосьці большае, чым толькі кіраванне. Яно мае глыбока сакрамэнтальнае вымярэнне, паколькі ў біскупе, акружаным сваімі святарамі, сярод нас прысутнічае сам наш Пан, Езус Хрыстус, які жыве і дзейнічае ў сваім Касцёле. Служэнне біскупа з’яўляецца ўдзелам у пастырскай місіі Езуса Хрыста, здзяйсняецца ад Яго імя, яснее Яго бляскам і фарміруецца паводле Яго прыкладу. Таму мы верым, што сам Хрыстус як Добры Пастыр выбірае і кліча тых, каму даручае такую ганаровую і адказную задачу”.

Гродзенскі ардынарый адзначыў, што сённяшняму свету, часта абыякаваму да Бога і Касцёла, патрэбны добрыя пастыры: „Вернікам неабходна слова біскупа, неабходна поўная і сапраўдная перадача веры, неабходна яго асабістае сведчанне любові да Збаўцы, неабходны прыклад бездакорнага жыцця. І гэтая неабходнасць тым большая, чым больш сёння становішча Касцёла пазначана няведаннем і рэлігійнай абыякавасцю многіх хрысціян”.

Свайго новага найбліжэйшага супрацоўніка біскуп Аляксандр Кашкевіч заахвоціў так служыць Хрыстоваму Касцёлу, каб люд, з якога ён быў сам узяты і для якога прызначаны, „мог адчуць радасць Евангелля і моц сакрамэнтальнай ласкі”.

Атрыманне Духа Святога, які валадарыць і кіруе

Падчас біскупскага пасвячэння маюць месца ўрачыстыя, відавочныя і вымоўныя знакі, якія спадарожнічаюць гэтаму абраду. Важным момантам было ўскладанне рук на выбранага галоўным пасвячаючым, асістуючымі і ўсімі іншымі біскупамі.  Пры гэтым яму перадаецца моц Духа Святога, які валадарыць і кіруе Касцёлам. Адбыліся таксама малітва пасвячэння, намашчэнне чала і ўручэнне новаму біскупу кнігі Евангелля. Атрымліваючы біскупскі персцень, новапасвячаны пачуў словы заахвочвання разумець гэта як знак вернасці, захоўваць непарушнай веру і сцерагчы ад скажэнняў Божую Абранніцу – Святы Касцёл. Такім чынам адбываецца сімвалічны шлюб біскупа з Касцёлам. Таксама новы іерарх атрымаў мітру і пастарал – сімвал біскупскай улады, які нагадвае пра біблійны пастырскі посах як знак сілы і ўлады, якім пастыр склікаў авечак і абараняў іх ад ваўкоў.

Быць сапраўдным святлом і сапраўднай соллю

Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці ў слове напрыканцы Імшы падзяліўся з прысутнымі, што ўчора яму патэлефанавалі з папскага палаца і, даведаўшыся, што ён едзе ў Гродна на біскупскае пасвячэнне, папрасілі хвіліну пачакаць, а пасля сказалі, што Святы Айцец абдымае новага біскупа разам з біскупам Гродзенскім Аляксандрам і жадае яму ўсяго найлепшага ў новай місіі. “Такім чынам, сёння і я перадаю гэтыя абдымкі Папы, але яны непасрэдна прыйшлі ад самога Пантыфіка”, - дадаў Апостальскі Нунцый.

Па словах арцыбіскупа, найбольш упрыгожвае гэтае свята Божы люд дыяцэзіі. “Гэта вы абаграваеце сэрцы, нават калі на вуліцы холадна, - звярнуўся іерарх да прысутных вернікаў. - Гэта вы – і сэнс, і прычына сённяшняга свята. І гэта для вас быў пасвячаны новы біскуп, для гэтай дыяцэзіі з такой доўгай і багатай гісторыяй”.

Віншуючы біскупа Юзафа Станеўскага, Апостальскі Нунцый звярнуў увагу на словы чытання Евангелля, якія той выбраў для ўрачыстасці: пра соль зямлі і святло свету. “Каб быць соллю – недастаткова толькі называцца соллю, і каб быць святлом – недастаткова толькі называцца святлом”, - адзначыў арцыбіскуп і пажадаў новаму іерарху быць “сапраўдным святлом і сапраўднай соллю”, дадаўшы, што гэта “залежыць ад Божай ласкі, якую мы заклікаем і якую Вы заклікаеце і будзеце заклікаць увесь час”. “Такі вялікі і такі веруючы народ – гэта гонар любога біскупа, і асаблівым чынам гонар біскупаў гэтага народа”, - падкрэсліў прадстаўнік Святога Айца.

“Вы працавалі з маладымі людзьмі, і гэта дапамагло Вашаму сэрцу заставацца маладым”, - дадаў Апостальскі Нунцый, звяртаючыся да новапасвячанага, і пажадаў яму “адвагі і сілы”, “бо ёсць шмат працы і шмат людзей, якія чакаюць”. “Ніколі не забывайцеся пра моладзь, якая дапамагае Вам заставацца маладым. Яны, перадусім Вашы семінарысты, Вас шануюць. Гляньце на іх твары: яны ганарацца, - адзначыў арцыбіскуп. - Бо тата – заўсёды тата, нават калі змяняе свае абавязкі”. Прадстаўнік Папы заклікаў новага біскупа памятаць таксама “пра ўсіх маладых людзей дыяцэзіі” і працягваць “дапамагаць маладым семінарыстам разумець і адчуваць, што іх пакліканне – спрыяць таму, каб нарадзіць цяпло веры ў сэрцах іх аднагодкаў”.

Кажучы пра святароў, Апостальскі Нунцый сказаў біскупу Юзафу Станеўскаму: “Святары маюць патрэбу ў мосце. І Вы павінны быць гэтым мастом. Мы не жывём у замку, навокал якога роў з вадой (…) - мы жывём у доме са шкла. І Ваша пакліканне – ператвараць гэтую рэчаіснасць ва ўсё больш праўдзівую, дзе жывуць гэтыя святары”. “Вы можаце дапамагчы Вашаму ардынарыю быць выцягнутай рукой, скіраванай у бок кожнага святара, - дадаў арцыбіскуп. - І калі хтосьці са святароў працягне ў бок Вашага дома руку, (…) Вы павінны быць тым, хто ў адказ працягне сваю і возьме ў яе ягоную”. “У Вас ёсць для гэтага ўсе якасці, - сказаў прадстаўнік Папы. - Навокал Вас цудоўны народ, каля Вас Ваша маці і сям’я”. Таксама, дадаў арцыбіскуп, "побач прадстаўнікі іншых супольнасцяў і Цэркваў" - прадстаўнікі Праваслаўнай Царквы, лютэранскі пастар, - і прадстаўнікі ўлады, бо “і Касцёл, і дзяржава служаць тым самым людзям”, “гэты народ патрабуе абедзвюх гэтых душаў, і гэтае служэнне адбываецца добра, калі абодва бакі служаць разам”.


„Дзякую, мама, за падтрымку і ўказанні…”

Новапасвячаны біскуп на заканчэнне Імшы ў сваім слове найперш падзякаваў усім, хто падтрымліваў і надалей будзе падтрымліваць яго ў служэнні, выказаў падзяку Богу і людзям, якіх Божы Провід паставіў на яго жыццёвым шляху.

Іерарх падзякаваў сваім бацькам за “прыклад, дар жыцця і веру”, “за штодзённую супольную малітву”, “штодзённы Крыжовы шлях падчас Вялікага посту”, маёвыя і чэрвеньскія набажэнствы пры крыжы незалежна ад надвор’я, Ружанец. Біскуп падзякаваў сваёй маці за “малітоўную падтрымку і духоўныя ўказанні, якія мне паўтарала: “Будзь цярплівы, будзь адкрыты, радасны, затрымайся каля старэйшых, паразмаўляй з моладдзю, пацяшай дзяцей, памятай пра малітву””.

Звяртаючыся да ўсіх дыяцэзіян і людзей добрай волі, біскуп заклікаў іх: “Шануйце і бараніце жыццё, ненароджанае або слабое з прычыны хваробы, калецтва ці старасці. Трывайце ў непарыўнасці сакрамэнтальнага сужэнства, здольнага перадаць дар жыцця праз любоў мужчыны і жанчыны. Падтрымлівайце ў вашых сем’ях супольную малітву, супольны пасілак, майце час на размову з дзецьмі і адвагу тлумачэння моладзі жыццёвых пытанняў. Шануйце святароў і нас, біскупаў, кансэкраваных асобаў, бараніце іх і падтрымлівайце сваіх пастыраў”.


“Моцна трымаць пастарал і весці люд сцежкамі веры”  

Новы біскуп прыняў шматлікія віншаванні ад прысутных. Ад імя прэзбітэрыя дыяцэзіі іерарха павіншаваў кс. прэлат Антоні Ханько. Ад імя супольнасці гродзенскай семінарыі выступіў кс. Уладзімір Гуляй, вікарый біскупа, які пажадаў яму “моцна трымаць у руцэ пастарал” – сімвал улады – і “весці люд сцежкамі веры”. Ад імя кансэкраваных асобаў прамовіла с. Нэрэюша Падзелінская, правінцыялка беларускай правінцыі сясцёр назарэтанак. Да віншаванняў далучыліся а. Аляксандр Хомбак, настаяцель храма св. Лукі пры Гродзенскім абласным шпіталі, які агучыў ліст епіскапа Гродзенскага і Ваўкавыскага Арцемія, пастар Евангелічна-лютэранскай супольнасці ў Гродне Уладзімір Татарнікаў, упраўляючы справамі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Папоў і Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Гродне Андрэй Хадкевіч.

Кс. Юрый Марціновіч, Анастасія Грышан
Фота Аляксандры Шчыглінскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.