2 лістапада, ва ўспамін усіх памерлых вернікаў, адбылася святая Імша на гродзенскіх могілках ("Азот"). Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.
Па словах іерарха, гэта «дзень асаблівы, дзень памяці пра тых, якія нас апярэдзілі на шляху да Дому Айца», і «ў гэты дзень мы запрошаны паразважаць над нашым жыццём, над вечнасцю».
Біскуп адзначыў, што, узгадваючы пра памерлых блізкіх, «мы прагнем падзякаваць ім за ўсё дабро, якое яны рабілі на зямлі, за прыгожы след, які пакінулі ў нашай памяці, за дар іх прысутнасці ў нашым жыцці».
«Як вызнаўцы Хрыста, мы разам з Ім уваходзім ва ўваскрасенне», — сказаў іерарх, дадаўшы, што «менавіта вера ў вечнае жыццё і ва ўваскрасенне памерлых надае сэнс нашым малітвам, якія ўзносім за тых, хто адышоў з гэтага свету».
Па словах гродзенскага ардынарыя, «верачы ў вечнае жыццё, мы таксама верым у таямніцу “еднасці святых”, гэта значыць, у еднасць і абмен звышнатуральнымі дарамі паміж усімі веруючымі ў Хрыста», бо «мы ўсе, жывыя і памерлыя, складаем адзін Касцёл, містычнае Цела Хрыста» — гэта «Касцёл збаўленых, якія ўжо цешацца вечным жыццём у Божым Валадарстве», «Касцёл, які пілігрымуе па зямлі, гэта значыць – мы, якія толькі накіроўваемся да вечнасці», і «Касцёл пакутуючы, які ачышчаецца ў чыстцы».
Іерарх звярнуў увагу, што малітва за памерлых, а асабліва ахвяра святой Імшы ў іх інтэнцыі, – «найбольш эфектыўная і самая лепшая дапамога, якую мы можам аказаць тым, хто ачышчаецца ў чыстцы», а «іншыя адзнакі нашай памяці – жывыя кветкі, запаленыя знічы, прыгожыя надмагіллі – з’яўляюцца толькі знешнім праяўленнем нашай удзячнасці і любові, але памерлым не могуць дапамагчы».
Гэты дзень, як дадаў біскуп, нагадвае таксама, што «і нас смерць не абміне, што і нам калісьці трэба будзе пераступіць гэты парог, за якім нас чакае вечнасць». «Няхай наша жыццё ўжо тут, на зямлі, будзе пачаткам іншага, лепшага жыцця ў нябеснай Айчыне», — пажадаў іерарх удзельнікам Імшы. Пасля Імшы духавенства і шматлікія вернікі Гродна на чале з біскупам прайшлі ў жалобнай працэсіі, падчас якой затрымаліся на 5 стацыях і маліліся за ўсіх памерлых розных жыццёвых станаў.
(AG)
|