Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Аляксандр Кашкевіч ва ўрачыстасць Усіх Святых: святыя паказваюць нам, як жыць, каб не змарнаваць жыцця (+фота)
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
01.11.2013 17:56

1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, урачыстая Імша сумa сабрала ў катэдры св. Францішка Ксаверыя вернікаў Гродна. Эўхарыстыю ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч.

Звяртаючыся да прысутных у гаміліі, іерарх нагадаў, што першую кананізацыю, ці абвяшчэнне кагосьці святым, здзейсніў сам Хрыстус, калі, паміраючы на крыжы, паабяцаў разбойніку, які навярнуўся, што будзе з Ім у небе.

У цэлым, адзначыў біскуп, Касцёл абвясціў святымі і благаслаўлёнымі больш за 10 тысяч чалавек. Але, падкрэсліў гродзенскі ардынарый, святымі «з’яўляюцца не толькі тыя, каго Касцёл узнёс да хвалы алтара». Гэтыя святыя «найбольш вядомыя, іх ушаноўваюць у Касцёле і яны маюць свой дзень свята або ўспаміну». Аднак ва ўрачыстасць Усіх Святых, дадаў іерарх, «мы ўзгадваем асабліва тых безыменных святых, невядомых нам».

Гэта, па словах біскупа, усе тыя, «хто ніколі нікім не былі абвешчаны святымі», тыя, «каго не малююць на святых абразках», да каго «мы не прамаўляем літаній і чые фігуры не стаяць у нашых касцёлах». «Мы не ведаем іх, але, нягледзячы на гэта, яны святыя, яны збаўлены, яны разам з Богам у небе», — адзначыў іерарх.

Сярод іх, дадаў біскуп, магчыма, ёсць «нашы бацькі і дзяды», «нашы сваякі», «усе, хто зрабіў шмат дабра, хто прыгожа пражыў сваё жыццё, прысвячаючы яго Богу і бліжнім», і яны «паказваюць нам, як трэба жыць, каб не змарнаваць свайго жыцця».

«Ва ўрачыстасць Усіх Святых больш за тое, колькі ёсць святых, нас павінна цікавіць, як жыць, каб пабольшыць іх колькасць за кошт нас саміх», — звярнуў увагу іерарх.
        
«Святы — гэта такі ж чалавек, як кожны іншы, часта грэшны і слабы, але з той розніцай, што ён сумуе па святасці, — патлумачыў біскуп. — Гэта чалавек, які больш за ўсё ў сваім жыцці спрабуе любіць Бога». Па словах пастыра Гродзеншчыны, «шлях да неба, да святасці нялёгкі, але варта на яго ўступіць і па ім ісці, бо ўзнагарода за гэта незвычайная».

Увечары ў той жа дзень біскуп Кашкевіч узначаліў у гродзенскай катэдры вячэрнюю Імшу. У літургіі ўдзельнічалі шматлікія жыхары горада, якія прыйшлі, каб ушанаваць усіх святых і праз іх заступніцтва прасіць Бога аб патрэбных ласках.

Пасля Імшы прагучалі жалобныя нешпары ў інтэнцыі ўсіх памерлых вернікаў. Затым адбылася працэсія, падчас якой вернікі маліліся за памерлых розных жыццёвых станаў, а таксама за тых, пра каго ніхто не памятае і хто ніадкуль не мае падтрымкі і дапамогі.

Біскуп Гродзенскі заахвоціў вернікаў да пастаяннай малітвы за ўсіх памерлых, бо, па словах іерарха, малітва мае такую моц, што здольная адкрыць ім брамы раю.

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.