Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Паведамленне ў справе Дня малітвы і посту за мір у свеце ў духоўнай еднасці са Святым Айцом Францішкам у Гродзенскай дыяцэзіі
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.09.2013 16:07

Паважаныя святары, асобы кансэкраванага жыцця, улюбёныя вернікі Гродзенскай дыяцэзіі!

1 верасня падчас малітвы «Анёл Панскі» на плошчы св. Пятра ў Рыме Святы Айцец скіраваў зварот, каб у вігілію свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, 7 верасня, перажываць Дзень посту і малітвы за мір у Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце. Наш Папа ў сваім звароце сказаў: «Гэты моцны і тэрміновы заклік скіроўваю да ўсяго Каталіцкага Касцёла, але пашыраю яго таксама на ўсіх хрысціян іншых канфесій, мужчын і жанчын кожнай рэлігіі, а таксама на тых братоў і сёстраў, якія няверуючыя: мір з'яўляецца дабром, якое пераадольвае ўсе бар’еры, таму што гэта дабро ўсяго чалавецтва. Паўтараю ўголас: не культура вайны, культура канфлікту будуюць суіснаванне ў народах і паміж народамі, але толькі культура сустрэч і дыялогу з'яўляецца адзіным шляхам, які вядзе да міру. Няхай крык да міру ўзносіцца высока, каб дасягнуў сэрцаў усіх людзей і каб усе склалі зброю і дазволілі, каб кіравала імі жаданне міру».

Дарагія святары, законныя сёстры, вернікі Гродзенскай дыяцэзіі, праз малітву і пост далучымся ж дзейсна да рэалізацыі закліку нашага Папы. Будзем жа салідарнымі з церпячымі і тымі, хто жыве ў страху вайны. Заклікаю ў касцёлах Гродзенскай дыяцэзіі 7 верасня вечарам маліцца падчас святой Імшы і прыняць св. Камунію ў намерах міру, а таксама праз Беззаганнае Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі ў лучнасці са Святым Айцом і ўсім Касцёлам маліцца святы Ружанец аб прымірэнні між народамі. Паводле уласнай магчымасці, таксама прашу захаваць цялесны пост і скласці Богу свае магчымыя  фізічныя ахвяры. Асаблівым чынам звяртаюся да людзей хворых, каб ахвяравалі свае цярпенні за мір у свеце і аддаленне пагрозы вайны.

Даверым справу жаданага міру ў свеце заступніцтву Найсвяцейшай Панны Марыі — Каралевы міру. Няхай нашая малітва і пост змякчаюць сэрцы тых, хто выцягвае руку за зброяй, і няхай пабуджаюць супраціўныя бакі да дыялогу і прабачэння.

Усім з усяго сэрца благаслаўляю

Аляксандр Кашкевіч
Гродзенскі біскуп

2 верасня 2013 г.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.