Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
На ровары да Яна Боско: каб адведаць рэліквіі святога, парафіяне з Новай Мышы праехалі 140 км
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
02.09.2013 13:59
З 25 па 31 жніўня па салезіянскіх парафіях Беларусі праходзіла перэгрынацыя рэліквій св. Яна Боско. Для вернікаў іншых парафій адзінай магчымасцю ўшанаваць рэліквіі быў даезд туды, куды прывозілі рэліквіі падчас перэгрынацыі.
 
Менавіта такою магчымасцю скарысталася і невялікая група моладзі з парафіі Перамянення Пана ў Новай Мышы пад кіраўніцтвам свайго пробашча, ксяндза Паўла Урубеля. Карыстаючыся тым, што 29 жніўня рэліквіі прыбывалі ў Дзятлаве, кс. Павел вырашыў арганізаваць невялікую роваровую пілігрымку ў дзятлаўскую парафію Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.
 
У пілігрымцы ўдзельнічалі пробашч парафіі, два семінарысты і чатыры хлопцы з парафіяльнай моладзі. Пілігрымы атрымалі магчымасць ушанаваць рэліквіі св. Яна Боско і папрасіць яго заступніцтва і малітвы. Па дарозе пілігрымы наведалі некалькі касцёлаў і капліц, дзе маліліся ў інтэнцыі вернікаў гэтых святынь і аб навяртанні для тых, хто далёкі ад веры. 30 жніўня пілігрымы вярнуліся ў Новую Мыш: за два дні пілігрымкі яны праехалі больш за 140 кіламетраў.
 
Няважна, што пілігрымка доўжылася два дні і склалася толькі з 7 чалавек. У такіх справах важная не столькі колькасць, але інтэнцыя, з якой гэтыя людзі вырушалі ў дарогу. Хтосьці распачынаў шлях, каб нанова распаліць агонь сваёй веры, іншы — каб маліцца аб веры для людзей нашай краіны…
 
Але самае галоўнае, што яны не пабаяліся сваім жыццём сведчыць аб тым, што на Беларусі ёсць Бог і ў іх гарачых маладых сэрцах жыве Езус!
 
Андрэй Багдановіч


Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.