Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Смаргоні пабудавалі свой Smile-City
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
26.09.2012 12:07

Вельмі незвычайна і крэатыўна прайшлі выхадныя 22–23 верасня ў Каталіцкім моладзевым цэнтры імя cв. Яна Боска ў Смаргоні. У гэтыя дні тут сабраліся дзеці і моладзь на ўрачыстае адкрыццё новага «сезона» ў араторыі.

«Радуйцеся заўсёды ў Пану; і яшчэ кажу: радуйцеся!» (Флп 4, 4). Менавіта гэтыя словы сталі сёлета дэвізам салезіянскай сям’і.

У суботу вечарам каля 80 маладых людзей сабраліся ля алтара Пана, каб папрасіць Яго аб неабходных ласках на гэты год у араторыі. Пасля св. Імшы моладзь была запрошана на «будаўнічую пляцоўку». Моладзевы цэнтр ператварыўся ў Smile-City — горад радасці, у якім усіх віталі вясёлыя жыхары-клоўны.

Дэкарацыі, жвавая музыка і, канешне, радасныя твары і незвычайныя вобразы аніматараў, сясцёр салезіянак і ксяндзоў салезіянаў выклікалі ўмешку нават у самых сур’ёзных. У атмасферы весялосці і захаплення моладзь будавала горад радасці, у якім жывуць толькі сумленныя грамадзяне і добрыя хрысціяне. Кожнай камандзе прапанавалася пабудаваць свой квартал, праходзячы розныя конкурсы і зарабляючы грошы, каб потым у Smile-Маркеце купіць усё неабходнае для будаўніцтва. У канцы вечара моладзь пабудавала Smile-City, у якім трэба будзе «пражыць» гэты новы навучальны год у араторыі.

На другі дзень, 23 верасня, усіх чакаў сюрпрыз — КМЦ атакавалі дзеці! Пасля літургіі на свята прыбегла больш за 150 маленькіх і шустрых чалавечкаў. Гэта было так неспадзявана, але ў той жа момант і радасна, што на некалькі хвілін усе нават крыху разгубіліся. Але дзеці не далі расслабіцца ні на хвілінку. Яны таксама, як і моладзь, займаліся будаўніцтвам.

Праз вясёлыя гульні («Дапамажы бліжняму», «Захоўвай прыроду», «Беражы здароўе», «Паглыбляй веру» і інш), конкурсы, танцы і сцэнку моладзь і дзеці атрымалі прыклад хрысціянскага жыцця ў радасці. На працягу гэтых дзён адчуваўся сямейны дух, выдатны настрой, камандная барацьба і вельмі шмат усмешак. У сэрцы кожнага маладога чалавека і кожнага дзіцяці запаліўся маленькі агенчык радасці, любові і супакою на гэты год у Араторыі св. Яна Боска.

Вераніка Ермак

(VGr)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме