Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету
Каляндар
20.11.2016 11:48

Нягледзячы на тое, што паняцце Божага Валадарства вядома хрысціянам ад самага пачатку існавання Касцёла, урачыстасць Хрыста Валадара была ўстаноўлена менш ста гадоў таму. 11 снежня 1925 года папа Пій ХІ устанавіў яе энцыклікай Quas Primas, якую выдаў на заканчэнне абвешчанага ім Юбілейнага Года.

Папа Пій ХІ загадаў, каб ва ўсіх каталіцкіх святынях пасля галоўнай Эўхарыстычнай літургіі парафіяльная супольнасць малілася Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам і быў зачытаны Акт прысвячэння чалавецтва Сэрцу Езуса.

Спачатку гэтую ўрачыстасць адзначалі ў апошнюю нядзелю кастрычніка, нягледзячы на рухомыя святы. Пасля сабору літургічная рэформа перанесла дзень гэтай урачыстасці на заканчэнне літургічнага года — апошнюю нядзелю, якая папярэднічае першай нядзелі Адвэнту.

Сваё рашэнне ўстанавіць гэтую ўрачыстасць папа Пій ХІ тлумачыў так: «Ужо здаўна Хрыста паўсюль называлі Каралём — у пераносным значэнні гэтага слова, бо гаворка ішла пра найвышэйшую ступень годнасці, якою Ён апярэджвае ўсе стварэнні. Вось і мы кажам, што Хрыстус валадарыць у розумах людзей не столькі праз глыбіню і ўсеабдымнасць свайго ведання, колькі праз тое, што Ён сам з’яўляецца праўдай, а людзі ад Яго павінны праўду чэрпаць і паслухмяна яе прымаць; кажам таксама, што Хрыстус валадарыць у волі людской, бо толькі ў Ім нескажоная чалавечая воля цалкам і з найвышэйшай паслухмянасцю дапасуецца да найсвяцейшай Божай волі; а таксама таму, што Хрыстус так уплывае сваімі натхненнямі на нашу ўласную волю, што і мы запальваемся да самых высакародных спраў. Зрэшты, мы вызнаем Хрыста Валадаром сэрцаў за Яго “любоў, якая перавышае ўсялякае вучэнне”, і за лагоднасць і ласкавасць, якая прываблівае душу».

Езус з’яўляецца каралём таксама паводле свайго цялеснага нараджэння (з роду Давідавага). І хоць Ён сказаў, што «Валадарства Яго не з гэтага свету», аднак сваю рэальную ўладу Ён праяўляе неаднойчы: выганяючы бесаў, уваскрашаючы памерлых, аздараўляючы хворых або калі суцішае буру.

Урачыстасць Хрыста Валадара дазваляе хрысціянам ушанаваць Збаўцу і Месію, прызначанага праз вякі быць правадыром і кіраўніком Выбранага народа — новага Ізраэля, Касцёла Хрыстовага.

Як і кожнае вялікае свята ў літургічным календары, звязанае з хростам, нагадвае нам пра значэнне нашага хросту і адкуплення праз смерць Збаўцы, так і ўрачыстасць Хрыста Валадара з’яўляецца нагодай усвядоміць, што насамрэч мы не належым да гэтага свету і павінны жыць па іншых законах. Валадарства Божае «сярод нас» рэалізуецца тады, калі мы жывём паводле запаведзяў, якія з’яўляюцца «заканадаўствам» гэтага Валадарства.

У гісторыі хрысціянства няма ніводнага ўспаміну пра тое, што недзе камусьці калісьці ўдалося пабудаваць такую дзяржаву, якая была б «Валадарствам Божым на зямлі», затое ёсць нямала прыкладаў пра тое, як абвяшчэнне гэтага нябачнага Валадарства дапамагала людзям у іх канкрэтнай барацьбе.

Кожны, хто абараняе сваё права жыць паводле Закону Бога, праз гэта абараняе Валадарства Бога. «Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць!» (Мк 11, 9–10) — чытаем у Евангеллі.

Урачыстасць у літургічным календары нагадвае нам пра рэальнасць гэтага Валадарства, каб мы сярод зямной «даліны слёз» не паддаліся сумненню, што дабро і справядлівасць насамрэч магчымыя.

Паводле CREDO
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.