Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
13 мая — 99-я гадавіна аб’яўленняў Маці Божай у Фаціме
Каляндар
13.05.2016 10:04

13 мая — пачатак аб’яўленняў Маці Божай траім малым пастушкам Люцыі, Жасінце і Францішку ў партугальскай вёсцы Фаціма. Падчас аб’яўленняў, якія працягваліся пяць месяцаў, з 13 мая да 13 кастрычніка 1917 года, Маці Божая прадказала гісторыю чалавецтва ў ХХ стагоддзі, пераслед Касцёла і яго адраджэнне.

У 2017 г. будзе святкавацца юбілей 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў. Спецыяльна да гэтай даты Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі зацвердзіла трохгадовы цыкл падрыхтоўкі да юбілею.

Зыходзячы з фацімскіх аб’яўленняў, 2014 год стаў Годам малітвы, 2015 — Годам навяртання, а сёлетні 2016 — Годам надзеі.

«...Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і дарогай»

1917 год. Да рэвалюцыі ў Расіі заставалася зусім мала часу, адлік ужо ішоў нават не на месяцы, а на дні. А ў Партугаліі, у мясцовасці Кова да Ірыя, недалёка ад Фацімы, клапатлівая Маці Божая настойліва працягвала папярэджваць свет пра бяду, у якую ён можа трапіць, калі не навернецца да Бога.


Пачынаючы з мая 1917 года, Панна Марыя ўжо шмат сказала сучаснаму свету праз траіх пастушкоў. Вось маленькія вытрымкі з Яе пасланняў.

13 мая

«...Штодня маліцеся Ружанец, каб выпрасіць спакой для свету».

13 чэрвеня

«...Маё Беззаганнае Сэрца будзе тваім прытулкам і дарогай, па якой ты дойдзеш да Бога».

13 ліпеня

«...Ахвяруйце за грэшнікаў і часта паўтарайце, асабліва чынячы якую-небудзь ахвяру: „О Езу, гэта з любові да Цябе, за навяртанне грэшнікаў... Прыйду, каб прасіць прысвяціць Расію Майму Беззаганнаму Сэрцу...“».

19 жніўня

«...Маліцеся, моцна маліцеся, бо шмат душаў ідуць у пекла, таму што няма нікога, хто б за іх ахвяраваўся і маліўся».

13 верасня

«...І надалей маліцеся Ружанец, каб выпрасіць заканчэнне вайны...».

І вось надышоў дзень 13 кастрычніка. Яго чакала ўжо ўся Партугалія, бо Маці Божая ў час ранейшых сваіх аб’яўленняў абяцала сказаць, хто Яна. А яшчэ Яна абяцала ўчыніць цуд...

Партугалія чакала. Чакаў свет, той самы, які патанаў у сваіх уласных грахах. Ён, стары і грэшны, сам таго не падазраючы, чакаў, што скажа яму на гэты раз Маці Божая. На месцы аб’яўленняў, нягледзячы на праліўны дождж, сабралася звыш 50 тысяч чалавек, якія ў чаканні Нябеснай Пані супольна маліліся Ружанец.



Яна з’явілася і сказала дзецям: «Я — Каралева святога Ружанца. Прыходжу заахвоціць вернікаў змяніць сваё жыццё, каб яны не засмучалі сваімі грахамі Збавіцеля, які вельмі зневажаецца. Каб маліліся Ружанец, выправіліся і пакаяліся ў сваіх грахах».

А пасля дождж скончыўся, хмары расступіліся, з’явілася зіхоткае, яркае сонца, падобнае да срэбнай вясёлкі, якое, нібы агністае кола, пачало раптам паварочвацца, фарбуючы навакольны свет у розныя колеры вясёлкі: жоўты, ружовы, блакітны, фіялетавы.

Потым яно на хвіліну затрымалася, і зноў пачало паварочвацца, як агромністая вясёлка. Зноў затрымалася, і зноў праз хвіліну пачало свой фантастычны «танец».

Таксама па тэме:

Цудоўнае відовішча працягвалася 10 хвілін. 50 тысяч чалавек бачылі яго, і калі яно знікла, заўважылі раптам, што за гэтыя 10 хвілін іхняе прамоклае наскрозь адзенне цалкам высахла. У 1930 годзе ў сваім пастырскім лісце біскуп Лейрыі напісаў:

«Сведкамі гэтае з’явы, якая не была зафіксавана ніводнаю астранамічнаю лабараторыяй, бо не з’яўлялася прыроднаю з’яваю, былі людзі з розных асяродкаў і класаў, вернікі і атэісты, журналісты галоўных партугальскіх выданняў, а таксама людзі з аддаленых мясцінаў. Усё гэта выключае магчымасць агульнай галюцынацыі».

У час сваіх аб’яўленняў у Фаціме Маці Божая сказала свету вельмі шмат. Маці папярэджвала сваіх дзяцей, асцерагала, навучала... А танец сонца прадэманстраваў людзям, што па волі Божай могуць дзеяцца самыя незвычайныя, цудоўныя, нязвыклай красы з’явы.

Свет можа быць надзвычай прыгожым, ён можа свяціцца ўсімі колерамі вясёлкі, быць радасным і шчаслівым. Свет цалкам знаходзіцца ў руках Бога, які здольны сваёй моцай, дабрынёй і любоўю чыніць для яго цудоўныя рэчы. Толькі людзям дзеля гэтага трэба навярнуцца да Бога...

13 мая 1981 года — замах на Пантыфіка

35 гадоў таму на плошчы св. Пятра ў Ватыкане адбыўся замах на Папу Яна Паўла ІІ. Пантыфік атрымаў тры кулі: у жывот, правы локаць і палец левай рукі. Яшчэ дзвюма кулямі былі паранены людзі побач з Папам. Адна з куль трапіла ў жанчыну, якая ўдзельнічала ў агульнай аўдыенцыі: амерыканку польскага паходжання, народжаную ў Вадавіцах у той жа дзень і год, што і Караль Вайтыла.

«Замах адбыўся амаль у тую ж хвіліну і ў тую самую пару, што і аб'яўленні Маці Божай у Фаціме: у 17.19», — прыгадваў у 1981 годзе прафесар Габрыэль Туроўскі з Кракава, блізкі прыяцель Пантыфіка. Прафесар лічыў, што гэта быў асаблівы знак — Ян Павел ІІ вельмі шанаваў культ Маці Божай Фацімскай.

(ils), паводле кнігі «Фацімская таямніца»
(вытрымкі з часопіса  «Ave Maria», № 10 (36), 1997)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.