Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
13 сакавіка — гадавіна абрання Папы Рымскага Францішка
Каляндар
13.03.2016 07:00

Сёлета прыпадае трэцяя гадавіна з моманту абрання Папам Рымскім аргенцінскага кардынала Хорхе Марыо Берголіо. Тры гады пантыфікату — час хоць і кароткі, але ў выпадку з Папам Францішкам дастаткова прадуктыўны. За тры гады быў праведзены шэраг рэформ і змен як у вялікім, так і ў малым. Прыгадаем некаторыя факты з пантыфікату Папы.

266-ы Пантыфік па ліку

Папа Францішак стаў 266-м па ліку Папам Рымскім пасля святога апостала Пятра. Гэты Пантыфік стаў першым, хто выкарыстаў імя заснавальніка жабрацкага і місіянерскага манаскага ордэна. Да гэтага Святыя Айцы 23 разы выбіралі імя Ян, па 16 разоў — імёны Грыгорый і Бэнэдыкт. Такія імёны, як Андрэй, Лука, Юзаф, Пётр, не выбіраў пакуль ніхто.

Таксама Папа Францішак – першы Папа Рымскі з Новага Свету і першы Пантыфік, які з’яўляецца езуітам.

«Даў вялікі імпульс новай евангелізацыі»

«Кардынал Берголіо за 15 гадоў служэння ў Буэнас-Айрэсе даў вялікі імпульс новай евангелізацыі ва ўсіх накірунках. Культура, палітыка, соцыум. А асабліва — дапамога бедным. Новаабраны Пантыфік, я ўпэўнены, жыве ў духу і згодна са словам Евангелля і будзе працягваць вялікае абнаўленне Касцёла пасля Другога Ватыканскага Сабору з дапамогай евангелізацыі і дактрын, мудрасці, простасці і сціпласці, як тое рабілі Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI» (з інтэрв’ю Catholic.by аргенцінскага святара Марыо Бэвераці, які працуе ў Расіі і добра знаёмы з сённяшнім Папам).

У справе евангелізацыі вельмі дарэчы выглядаюць папскія падарожжы: за час свайго пантыфікату Святы Айцец здзейсніў ужо 12 афіцыйных паездак. Толькі за апошнія паўгода Папа наведаў тры кантыненты і дзясятак краін: ЦАР, Уганду, Кенію, Парагвай, Балівію, Эквадор, Кубу, ЗША, Мексіку...

Апублікаваў новую Энцыкліку праз чатыры месяцы пасля канклаву

Першая энцыкліка Папы Францішка «Lumen fidei», прэзентацыя якой адбылася ў Год веры, была апублікавана праз няпоўныя чатыры месяцы пасля канклаву.

Над дакументам «Lumen fidei» (Святло веры) працаваў папярэдні Пантыфік Бэнэдыкт XVI, аднак пасля адрачэння ад улады ён ужо не мог абвясціць тэксту, які з’яўляўся б элементам навучання Каталіцкага Касцёла.

Цікавае па тэме:

Папа Францішак выкарыстаў матэрыялы свайго папярэдніка, дапоўніў іх уласнымі назіраннямі і думкамі — так паўстала «энцыкліка на чатыры рукі».

Папа – майстрар нечаканасцяў

Папа Францішак завітвае ў бяднейшыя раёны Вечнага горада, каб пагутарыць з беднымі, адкрывае прытулак для беспрытульных, перадае прадукты і лекі мігрантам, абмывае ногі «цяжкім падлеткам» у Вялікі чацвер, моліцца з хворымі, ахвяруе патрабуючым атрыманыя падарункі; уводзіць змены ў правілы ватыканскіх пратаколаў, спрашчаючы іх.

І гэта яшчэ не поўны пералік... Папа Францішак можа самастойна пазваніць камусьці са святароў па звычайным тэлефоне і запрасіць на аўдыенцыю. Наведваючы тое ці іншае месца, Пантыфік можа ўнесці змены ў маршрут і зрабіць незаплапаваны прыпынак. Многія да сёння памятаюць, як пасля выбрання на Пятровы Пасад Святы Айцец здзівіў грамадскасць, калі сам заплаціў за начлег у кляштары, у якім спыняўся падчас канклаву.

Тады ж Папа адмовіўся ад прынятых у Ватыкане дадатковых выдаткаў на яго ўтрыманне, паралельна спрашчаючы некаторыя традыцыйныя рэчы – так Пантыфік вырашыў не карыстацца чырвонымі туфлямі, якія традыцыйна насілі Святыя Айцы.

Заклікае да супрацоўніцтва паміж канфесіямі

Гістарычнай стала сустрэча Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла, падчас якой была падпісана сумесная Дэкларацыя, якая закранае, між іншым, пытанні цяжкага становішча хрысціян на Блізкім Усходзе, а таксама ў іншых рэгіёнах.

«У той час, калі знаходзімся на шляху да поўнай еднасці паміж намі, можам ужо зараз развіваць шматлікія формы супрацоўніцтва, каб спрыяць распаўсюджванню Евангелля», — лічыць Святы Айцец.

Паводле слоў Папы, сапраўднага пошуку еднасці паміж хрысціянамі не можа існаваць без поўнага даверу Божай міласэрнасці.

«Перш за ўсё, папросім прабачэння за грэх нашага падзелу, які з’яўляецца адкрытай ранай на Целе Хрыста. Як Біскуп Рыма і Пастыр Каталіцкага Касцёла, хачу папрасіць аб міласэрнасці і прабачэнні за неевангельскія паводзіны з боку католікаў у адносінах да хрысціян іншых Цэркваў.

У той жа час заклікаю ўсіх братоў і сясцёр католікаў прабачыць, калі сёння ці ў мінулым яны пацярпелі ад іншых хрысціян. Мы не можам выкрэсліць таго, што было, але і не жадаем дазволіць, каб цяжар правін мінулага працягваў забруджваць нашыя адносіны. Божая міласэрнасць няхай абновіць нашы адносіны», — пажадаў Папа.

Клапоціцца пра бедных і мір

«Не забывайце пра бедных» — такі заклік Папа Францішак скіраваў да парафій і каталіцкіх супольнасцяў, прысутных у Афрыцы, 28 лістапада 2015 года, наведваючы дабрачынны Дом Міласэрнасці ў сталіцы Уганды Кампале.

«Евангелле прымушае нас выйсці ў напрамку перыферый грамадства і знайсці Хрыста ў пакутуючых і патрабуючых. Пан адназначна кажа, што будзе судзіць нас па гэтым крытэрыі! Сумна, калі нашы супольнасці дазваляюць, каб пажылыя людзі былі выкінуты на ўзбочыну ці забыты! Ганебна, калі моладзь эксплуатуецца ў сучасным рабстве гандлю людзьмі! Калі ўважліва паглядзім на свет, які нас акружае, здаецца, што ў многіх месцах распаўсюджваецца эгаізм і абыякавасць», — адзначыў Пантыфік.

Хоча і далей рэфармаваць Касцёл

«Я думаю, што ёсць і тыя, хто, магчыма, зразумеў усю сутнасць жадання Папы Францішка рэфармаваць усё, што магчыма», — сказаў кардынал Сантас Абрыль-і-Кастэльё.

«Як часта кажа сам Пантыфік, гэта не толькі яго ініцыятыва, але і голас многіх кардыналаў, якія падчас падрыхтоўкі да канклаву звярталі ўвагу на многія тэмы, што неабходна ўзняць, і выказваліся за рэформы ў Рымскай курыі. Такім чынам, рэформа не залежыць толькі ад Папы Францішка, гэта жаданне ўсяго Касцёла. Гаворка ідзе не пра спешку, але пра прыстасаванне да прыроды рэчаў», — сказаў іспанскі кардынал.

Многія рашэнні Папы падвяргаюцца крытыцы, нават з боку вернікаў, што, на думку кіраўніка Прэс-службы Апостальскай Сталіцы а. Фэдэрыко Ламбардзі, тлумачыцца тым, што ва ўмовах сучаснага свету, з яго хуткімі зменамі і сур’ёзнымі выклікамі, Папа Францішак вымушаны «пракладваць шлях у цемры». І гэта Пантыфік робіць з вялікай адвагай і непахіснай верай, дэманструючы сваю блізкасць і асаблівую спагаду да хворых і церпячых.

Для многіх вернікаў Папа Рымскі даўно стаў прыкладам сапраўднага хрысціяніна. Варта адзначыць і той факт, што за тры гады свайго пантыфікату Святы Айцец ужо другі раз намінуецца на Нобелеўскую прэмію міру...

Ілья Лапато паводле матэрыялаў сatholic.by і Ватыканскага радыё  

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.