Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
1 снежня — Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Прагноз надзеі
Каляндар
01.12.2015 00:00

1 снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Гэта дзень быў ўсталяваны ў 1988 годзе. Тры дзесяцігоддзі грамадства спрабуе перамагчы вірус, які не імгненна, але жорстка забірае жыцці маладых людзей. У міжнароднай супольнасці ёсць вялікая надзея, што 2030 год стане часам перамогі, якую павінны дасягнуць праз адзінства ў змаганні.

Прагнозы надзеі

Як паведамляе блог Discover, прагрэс у вобласці медыцыны і фармацэўтыкі прывёў да таго, што ВІЧ за трыццаць гадоў ператварыўся са смяротна небяспечнай хваробы ў хранічную, развіццём якой можна кіраваць — з таго ж шэрагу, што і дыябет, гіпертэнзія і іншыя сардэчна-сасудзістыя захворванні.

24 лістапада 2015 года была прадстаўлена новая справаздача праграмы ААН па барацьбе з ВІЧ/СНІДам. Адзначаецца, што на канец 2013 года ў свеце было каля 36,9 млн ВІЧ-інфіцыраваных і 70 працэнтаў іх жыве ў Афрыцы больш на поўдзень ад Сахары. Лік новых заражэнняў скараціўся з 2000 года на 35 працэнтаў. Антырэтравірусную тэрапію ў 2015 годзе праходзяць 15,8 млн інфіцыраваных (гэта на 2,2 млн больш у параўнанні з мінулым годам).

Сітуацыя ў Беларусі застаецца складанай. Па дадзеных Міністэрства аховы здароўя на 1 лістапада 2015 года, з ВІЧ-дадатным статусам пражывала 15 тыс. 31 чалавек. Каля 59 % ВІЧ-інфіцыраваных — мужчыны. За ўвесь перыяд назірання (з 1987 года па 1 лістапада 2015 года) у рэспубліцы зарэгістравана 19 тыс. 406 ВІЧ-інфіцыраваных, у тым ліку 5 тыс. 56 хворых на СНІД.

Большасць ВІЧ-інфіцыраваных пражывае ў Гомельскай вобласці.

Нягледзячы на тое, што сусветныя паказчыкі даюць больш аптымістычныя прагнозы, у нашай краіне колькасць інфіцыраваных расце, альбо колькасць інфармацыі пра іх павялічваецца. Напрыклад, лік ВІЧ-дадатных у Мінску за мінулы год вырас у паўтары разы. 

Між тым дырэктар Групы рэгіянальнай падтрымкі ЮНЭЙДС для краін Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі Вінэй Салдана адзначыў дасягненні Беларусі ў барацьбе з ВІЧ/СНІДам: «Я больш чым упэўнены, што тая высокая мэта — ліквідаваць эпідэмію СНІДу — не толькі будзе дасягнута ў краіне, але, хутчэй за ўсё, менавіта Беларусь будзе першай з краін СНД, якая сапраўды пакладзе канец эпідэміі».

Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ігар Гаеўскі ў сваю чаргу адзначыў, што Міністэрства аховы здароўя зацікаўлена ў рэалізацыі стратэгіі ЮНЭЙДС "90-90-90", якая прадугледжвае, што да 2020 года 90% людзей, якія жывуць з ВІЧ, будуць ведаць пра свой ВІЧ-статус.

З боку Касцёла

«Для перамогі над СНІДам неабходна адзінства», — адзначыў Папа Францішак у пасланні, скіраваным да ўдзельнікаў VIII Міжнароднай канферэнцыі па праблеме СНІДу, якая прайшла 19-22 ліпеня 2015 г. у канадскім Ванкуверы.

У пасланні Пантыфік выказаў падтрымку і павагу ўсім, хто прысвяціў сябе ратаванню хворых на СНІД, асабліва праз высокаактыўную антырэтравірусную тэрапію і прафілактычныя дзеянні. Гэтыя меры сведчаць пра "магчымасць пазітыўнага выніку, калі ўсе сектары грамадства яднаюцца для дасягнення супольнай мэты”.

Каталіцкія арганізацыі прымаюць актыўны ўдзел у барацьбе са СНІДам, асабліва ў Трапічнай Афрыцы, якая застаецца эпіцэнтрам вірусу. Больш за 25% структур у свеце, якія дапамагаюць хворым на СНІД, з’яўляюцца каталіцкімі.

У Беларусі дзейнічае Нацыянальны каардынацыйны камітэт па ўзаемадзеянні з Глабальным фондам для барацьбы са СНІДам, туберкулёзам і малярыяй. У склад камітэта ўваходзяць і прадстаўнікі хрысціянскіх канфесій — кс. Уладзіслаў Завальнюк, а таксама дырэктар Міжканфесійнай місіі «Хрысціянскае сацыяльнае служэнне» Мікалай Матрунчык.

Захаванне годнасці кожнага — прагрэс міжнароднай супольнасці


Аніякая хвароба не пазбаўляе чалавека годнасці, якой надзяліў яго Творца, гэтай годнасці не павінна пазбаўляць яго і грамадства, у якім для кожнага павінна быць месца, годнае таго, хто створаны на Божае падабенства.

І, як адзначаецца ў Кампендыі сацыяльнага вучэння Касцёла, менавіта «прызнанне чалавечай годнасці зможа зрабіць магчымым сумеснае і асабістае ўзрастанне ўсіх людзей». Каб садзейнічаць гэтаму ўзрастанню, трэба, у прыватнасці, падтрымліваць найслабейшых. Гэтае правіла дзейнічае не толькі ў межах народа, але і пашыраецца на знешнюю палітыку краін: «у адносінах паміж народамі і дзяржавамі ўмовы справядлівасці і роўнасці служаць перадумовай для сапраўднага прагрэсу міжнароднай супольнасці» (арт.145).

Людзям, якія патрапілі ў пастку смяротных хваробаў, важна ведаць, што за іх змагаюцца. А раз ідзе змаганне — будзе і перамога. Глабальная мэта медыкаў — спыніць эпідэмію СНІДу да 2030 года, якая прапісана ў стратэгіі ЮНЭЙДС, — няхай будзе рэалізавана і няхай гэтая перамога яшчэ больш з'яднае народы ў імя абароны жыцця, а не ў імя зброі і панавання.

Паводле матэрыялаў aids.by, беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

падрыхтавала Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.