Пошук


13 мая, ва ўспамін Найсвяцейшай Панны Марыі Фацімскай, прапануем малітоўнае разважанне пра адносіны з Марыяй у духу ігнацыянскай размовы.

Аўтар разважання — Эрык Гураш, былы канадскі радыёвядучы, які прыняў каталіцтва. Атрымаў ступень бакалаўра тэалагічных навук у Тэалагічным каледжы Ньюмана ў Эдмантане (Канада). Больш за дзесяць гадоў займаецца парафіяльным служэннем. Ён з’яўляецца сертыфікаваным духоўным кіраўніком, а таксама папулярным прамоўцам, рэкалекцыяністам і сторытэллерам. Эрык і яго жонка жывуць з двума сабакамі ў Рэджайне (Канада).

У «Духоўных практыкаваннях» святога Ігнацыя Лаёлы хаваецца цудоўная пярліна, якая сталася дарам ласкі для майго малітоўнага жыцця. У пачатку «Практыкаванняў» Ігнацый рэкамендуе крэатыўны тып малітвы, які ён акрэсліў размовай. «Размова, уласна кажучы, праводзіцца дакладна так, як адзін сябар размаўляе з другім» (ДП 54).

Часам такая размова спалучае ў сабе серыю з трох размоў: спачатку з Марыяй, потым з Езусам і, урэшце, з Айцом. Я быў вельмі здзіўлены тым, як гэтая простая мадэль адносін адкрыла мне вялікі пасрэдніцкі дар Багародзіцы Марыі.

Спачатку такі падыход здаваўся надзвычай «неэфектыўным» спосабам малітвы.

«Калі канчатковай мэтай з’яўляецца Бог-Айцец, — думаў я, — дык чаму б не звярнуцца да Яго наўпрост?..»

Тым не менш, нягледзячы на свае сумневы, я вырашыў прынамсі паспрабаваць.

Уяўляючы Марыю перад сабой, я пачаў распавядаць Ёй пра патрэбы і жаданні свайго сэрца. На маё здзіўленне, размова ішла вельмі лёгка. На працягу гутаркі Яна дапамагла мне ўбачыць у новым святле сапраўдную прыроду маіх памкненняў. Дзякуючы Яе далікатнай, любячай прысутнасці, падтрымцы і суцяшэнням, я пачаў разумець, наколькі вялікай была Яе любоў да мяне. Нягледзячы на сумневы, я ўсвядоміў, што Багародзіца клапоціцца пра мяне і жадае (нават больш, чым я) паглыбіць мае адносіны са сваім умілаваным Сынам.

Сэрца маё затрымцела, калі Марыя ўзяла мяне за руку і, падняўшыся, загадала ісці за Ёй. Раней у маім рэлігійным жыцці прысутнічала адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, малітва Святым Пісаннем у Літургіі гадзінаў і lectio divina, размова з Езусам па дарозе на працу і з працы, аднак ніколі я не адчуваў сябе настолькі расчуленым і так моцна любімым, як у той момант.

Стоячы перад Панам поруч з Марыяй (мы трымаліся за рукі, на Яе твары свяцілася пяшчотная, падбадзёрлівая ўсмешка), я змог выказацца дарэшты і слухаў Ягоны голас з такой уважлівасцю і засяроджанасцю, на якія не лічыў сябе здольным.

У дзяцінстве, сутыкаючыся з нейкімі цяжкасцямі, я часта звяртаўся да сваёй матулі. Нязменна першай яе рэакцыяй заўсёды было жаданне супакоіць мяне і суцешыць, а потым дапамагчы высветліць, у чым была сапраўдная праблема. Цяпер, калі я пасталеў і стаю перад больш сур’ёзнымі выпрабаваннямі як бацька, муж і катэхізатар, важна памятаць, што Маці майго Пана і Бога заўсёды побач, здольная суцешыць, як ніхто іншы, і дапамагчы прымаць рашэнні з яснай галавой.

Гэты месяц май, традыцыйна прысвечаны Марыі, з’яўляецца выдатным часам, каб звярнуцца да нашай Найсвяцейшай Маці і пагаварыць з Ёй у стылі ігнацыянскай размовы, чэрпаючы з гэтай малітвы добрую раду і мудрасць.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.