Пошук

Ілюстрацыйнае фота: istockphoto

На працягу Вялікага посту, які сёлета распачаўся 14 лютага, на партале Catholic.by штотыдзень у тэкставым фармаце і ў форме відэа публікуецца ігнацыянскі рахунак сумлення, які дапаможа з большым духоўным плёнам перажыць гэты час ласкі і навяртання.

Езус пытаецца кожнага з нас, тут і цяпер, у рэчаіснасці нашага жыцця: «Кім ты лічыш Мяне? Хто Я для цябе?» Ён слухае нашыя адказы, слухае і нашае пытанне: «А хто я для Цябе, Пане?» Калі мы штосьці значым адно для аднаго, тады штосьці значаць і нашыя адносіны, тады ёсць прагненне сустрэчы і няспынны пошук Бога ва ўсім.

На пачатку малітвы затрымліваюся, запавольваюся і стараюся сцішыць гучнасць сваіх бязладных думак, трывог і клопатаў…  Прашу Пана, каб даў мне адчуць Сваю прысутнасць… Занурваюся ў адчуванне Божай прысутнасці і некалькі імгненняў смакую гэты досвед… Або, калі сёння я нічога не магу адчуць, то іду далей, не дазваляючы часовай сухасці знудзіць мяне. Проста абапіраюся на сваю веру, што Ён тут, нават калі я не адчуваю Ягонай прысутнасці. І пакуль гэтага хопіць…

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.

  1. На пачатку дзякую за адну ці дзве ласкі, вялікія і малыя, якія Бог даў мне сёння…
  2. Пане, дай мне сёння ўбачыць, у якім стане знаходзяцца адносіны паміж Табой і мной апошнім часам?.. Ці мы добра ладзім?.. Спытаю сябе шчыра: я адчуваю сябе блізка ці далёка ад Бога?.. Наколькі якасна я праводжу час з Богам? Можа, занядбоўваю час сустрэчы з Ім? Ці адчуваю, што Бог побач, калі я клічу Яго? Можа, мне з Богам нудна?.. Калі я ўглядаюся ў Божае аблічча, ці адчуваю я радасць? удзячнасць? а можа, сорам? страх? Кажу Богу пра свае пачуцці, пра нашыя адносіны. Прашу Яго паказаць мне, як Ён іх бачыць…
  3. Услухоўваюся ў словы Пісання, дзе гучыць пытанне Езуса: «А вы кім лічыце Мяне?» з Евангелля паводле Лукі (Лк 9, 18–20).

Калі Езус маліўся ў самоце, былі разам з Ім вучні. Ён спытаўся ў іх: «Кім лічаць Мяне людзі?» Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя  — Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос». Тады Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр, адказваючы, сказаў: «Месіяй Божым».

У цішыні і спакоі ўспамінаю пражыты дзень, нібы гляджу ў думках відэа пра тое, што сёння адбывалася ўва мне, са мной, праз мяне… Коратка затрымліваюся на кожнай сцэне майго дня, адказваючы на пытанне: «Дзе быў Езус у гэты момант? як Ён прыйшоў да мяне? праз каго? які пакінуў след?» Ранішняе абуджэнне і першая думка, пасілкі, праца і малітва, сустрэчы, мае ўражанні ад убачанага на экране тэлефона ці тэлевізара…

  1. Пасля прагляду дэталяў я быццам адступаю назад на пару крокаў і ахопліваю позіркам агульную карціну… «Улічваючы ўсё, што адбылося, кім быў Хрыстус для мяне сёння?» Ці быў Ён:

настаўнікам?
сябрам?
суцяшальнікам?
кіраўніком?
маўклівым назіральнікам?
жаніхом?
ратаўніком?
айцом? …

  1. У адказ на Ягонае пытанне: «А кім ты лічыш Мяне?», я кажу Хрысту: «Пане, сёння Ты быў для мяне …».
  2. А потым пытаюся: А хто тады я ў адносінах да Цябе, Пане?» (напрыклад: «Пане, Ты быў настаўнікам, а я — вучнем», або: «Пане, Ты быў маім суцяшальнікам, а я — скрушанай душой, якая мела патрэбу ў Тваім аздараўленні»…)  Пэўны час проста слухаю, ці не пажадае Езус штосьці адказаць мне…
  3. Цяпер звяртаюся думкамі ў дзень заўтрашні. Ці я хачу, ці маю патрэбу ў тым, каб Хрыстус быў са мной заўтра? Ці прагну, каб Ён быў маім Настаўнікам? Сябрам? Збаўцам?

Звярнуся да Хрыста ў заключнай малітве сваімі словамі, запрашаючы Яго ў сваю будучыню, молячы аб ласках, патрэбных мне, каб рухацца наперад і набліжацца да Бога…

Хвала Айцу…

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн. 

Абноўлена 29.03.2024 15:22
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа