Пошук


На працягу Вялікага посту, які сёлета распачынаецца 14 лютага, на партале Catholic.by штотыдзень у тэкставым фармаце і ў форме відэа будзе публікавацца ігнацыянскі рахунак сумлення, які дапаможа з большым духоўным плёнам перажыць гэты час ласкі і навяртання.

Сёлета літургічны год укладзены так, што ледзьве сціхлі калядныя спевы, як вось-вось прагучыць заклік да велікапоснага навяртання, і ўжо падрыхтаваны попел на пасыпанне галоў вернікаў. У 2019 годзе, на Папялец, Папа Францішак параўнаў час Вялікага посту з «будзільнікам для душы», нібы падхопліваючы радок з вядомай беларускай каляднай песні «Не спі, абудзіся!». Але што азначае гэтае абуджэнне? Няўжо яшчэ большую актыўнасць?

Акурат наадварот, па словах Папы, у Вялікім посце важна затрымацца, спыніць звычайную спешку жыцця, звярнуцца да істотнага і нагадаць сабе пра мэту: «Звярніцеся да Мяне, кажа Пан. Да Мяне. Гэта Пан з’яўляецца мэтай нашага падарожжа ў свеце. Кірунак павінен весці да Яго». Менавіта з гэтай прычыны ў якасці духоўнага практыкавання на Вялікі пост мы прапануем «праверыць курс», якім мы рухаемся ў жыцці. Коратка кажучы, зрабіць рахунак сумлення  — ігнацыянскі рахунак сумлення. І не адзін, а прынамсі шэсць, якія будуць закранаць розныя аспекты духоўнага і эмацыйнага жыцця, адносін з Богам, стаўлення да жыцця, планаў на будучыню і г.д.

На першым тыдні Вялікага посту вы зможаце прачытаць (і паслухаць) больш падрабязныя ўводзіны з тлумачэннем сутнасці і метаду ігнацыянскага рахунка сумлення, а таксама таго, у чым ён адрозніваецца ад рахунку сумлення перад споведдзю.

Потым штотыдзень будуць з’яўляцца чарговыя тэматычныя рахункі сумлення, прычым аўдыё-версія кожнага з іх дапаможа менавіта зрабіць яго асабіста, як заахвочвае айцец Марк Цібадо SІ, аўтар кнігі «Reimagining the Ignatian Examen» («Пераасэнсаванне ігнацыянскага рахунку сумлення»), якая стала вельмі папулярнай. На матэрыялы гэтай кнігі мы і будзем абапірацца.

Пераклала, апрацавала і агучыла тэксты Тэрэса Клімовіч.

Святы Ігнацый Лаёла задумаў штодзённы рахунак сумлення (Examen) як вельмі даступную малітву, якой можна маліцца ў любы час, праглядаючы сваё нядаўняе мінулае, каб знайсці Бога і Ягоныя ласкі ва ўсім, што адбываецца. Святы Ігнацый сказаў бы, што такі «іспыт» мае стаць самым важным момантам дня, паколькі можа змяніць любы іншы, наступны, момант жыцця і накіраваць нас да Бога, нашай адзінай і канчатковай мэты.

Абноўлена 16.02.2024 16:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа