Пошук

Ілюстрацыйная выява: Рinterest

На працягу Вялікага посту, які сёлета распачаўся 14 лютага, на партале Catholic.by штотыдзень у тэкставым фармаце і ў форме відэа публікуецца ігнацыянскі рахунак сумлення, які дапаможа з большым духоўным плёнам перажыць гэты час ласкі і навяртання.

Для святога Ігнацыя ўдзячнасць была адной з найвышэйшых цнотаў.

Фактычна, ён лічыў няўдзячнасць коранем усіх грахоў. І гэта зразумела: па сутнасці, грэх азначае злоўжыванне Божымі дарамі, якія мы атрымалі.

Калі мы сапраўды ўдзячныя за нейкі падарунак, то, вядома, не будзем свядома ім злоўжываць. Сутнасць прапанаванага тут рахунку сумлення ў тым, каб назваць благаслаўленні ў нашым жыцці і падзякаваць Богу за кожнае з іх. Любы момант з’яўляецца адпаведным для праслаўлення і падзякі Богу, але я асабліва раю гэты рахунак сумлення на той час, калі вы ахоплены дэпрэсіўнымі пачуццямі або пачалі ставіцца да сябе занадта крытычна, або калі проста быў дрэнны дзень.

Перад тым, як зрабіць знак крыжа, шукаю цішыню. Прыслухаюся, як сябе адчуваю фізічна… і эмацыйна… Дзе я знаходжуся… Хто побач...

Нагадваю сабе, што ў гэты момант мой Пан і Бог, Брат і Сябра, Абба, Татачка глядзіць на мяне з любоўю і пяшчотай.

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.

  1. Пане, прашу Цябе аб святле для розуму і сэрца. Спашлі Свайго Духа і пакажы мне ўсе Твае дары, якімі Ты няспынна асыпаеш мяне. Дапамажы ўбачыць і прыняць іх…
  2. За што я хачу падзякаваць найбольш?... Што ў гэты момант робіць маё сэрца шчаслівым? Узрушаным?
    Называю гэты дар у прысутнасці Бога. Кажу: «Пане, я так удзячны за дар…» Гэта можа быць нейкая падзея, асоба, перажыванне… «Пане, я дзякую ўсім сэрцам за…»
    Смакую гэты дар. Прынамсі адну хвіліну. Уяўляю твар чалавека, за якога дзякую. Усмешку, жэсты, рысы, якія так люблю. Дзякую Богу…
    Калі найбольшы дар за сёння  — гэта нейкая падзея, сітуацыя, перажываю яе яшчэ раз, нібы паказваю яе Пану Богу і кажу: «Дзякую, Пане, за…»
    Божы дотык у малітве, добры сон, сустрэча з кімсьці, прыгажосць створанага свету, мой дом, досвед любові і клопату іншых…
    Гляджу на гэты дар вачыма душы, нібы разгортваю пакунак з каляровай стужкай. Аж пакуль добрыя эмоцыі не напоўняць душу.
    Пазнаю́ Дарыцеля, які выяўляе сваю любоў. Гэта Ты, Пане, дакрануўся да мяне. Дзякую Табе, Добры Божа...
  3. Цяпер пагляджу на іншыя Божыя дары. Без прыярытэтаў і храналогіі, у любым парадку, як прыходзяць на думку — буду называць кожны з іх і дзякаваць паасобку.
    За дар жыцця  — дзякую Табе, Пане.
    За смачны абед  — дзякую Табе, Пане.
    За здароўе  — дзякую Табе, Пане.
    За родных (нават тых, з якімі мне цяжка)  — дзякую Табе, Пане.
    За суседзяў  — дзякую Табе, Пане.
    За мой талент смяшыць людзей  — дзякую Табе, Пане.
    За мудрую параду  — дзякую Табе, Пане.
    За нечаканую радасць  — дзякую Табе, Пане.
    За сям’ю, дзіцячую ўсмешку…
    За тое, за што ніколі не прыходзіла да галавы падзякаваць…
    Няхай трывае гэты парад падзякі, пакуль не вычарпаецца яго крыніца.
  4. Адгукаючыся на натхненне Духа Святога, які паказвае мне клапатлівую Божую любоў у вялікіх і малых рэчах, дазволю сэрцу дзякаваць і спяваць ад радасці.

Хвала Айцу…

У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.

Абноўлена 01.03.2024 15:42
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа