На працягу Вялікага посту, які сёлета распачаўся 14 лютага, на партале Catholic.by штотыдзень у тэкставым фармаце і ў форме відэа публікуецца ігнацыянскі рахунак сумлення, які дапаможа з большым духоўным плёнам перажыць гэты час ласкі і навяртання.
- Уводзіны ТУТ>>>
- Ігнацыянскі рахунак сумлення: Пачуцці ТУТ>>>
- Ігнацыянскі рахунак сумлення: Удзячнасць ТУТ>>>
- Ігнацыянскі рахунак сумлення: Мой самы вялікі страх ТУТ>>>
Мы духоўна вольныя, калі наш духоўны і эмацыйны стан здаровы. Мы духоўна вольныя, калі захоўваем эмацыйную раўнавагу і прагнем быць напоўненымі верай, надзеяй і любоўю. Мы духоўна вольныя, калі не паддаемся негатыўным эмоцыям і спакусам тады, калі нам занадта трывожна, сумна, няпэўна і страшна, каб думаць рацыянальна.
Мы зняволеныя, калі патанаем у млявасці і не маем матывацыі да большай веры, надзеі і любові. Нам не хапае свабоды, калі мы не адчуваем Божай прысутнасці і не можам справіцца з сітуацыяй, таму што або нам усё роўна, або нас ахоплівае паніка. Падчас рахунку сумлення паразважайце над пытаннем: «Калі сёння я дасведчыў адсутнасць свабоды?» Гэта значыць: «Калі ў мяне быў дрэнны настрой? Калі мой недахоп веры, надзеі і любові ўзяў верх? Калі я дазволіў на тое, каб маімі думкамі і ўчынкамі кіравалі моцныя негатыўныя эмоцыі?»
Потым спытайцеся: «У які момант я адчуў найбольшую свабоду?» Гэта значыць: «Калі я быў у добрым настроі? Калі ўва мне панавалі вера, надзея і любоў? Калі я думаў ясна і аб’ектыўна, калі мае думкі былі добрымі і поўнымі любові, і калі прымаў добрыя, поўныя любові рашэнні?»
Спачатку прыгадаю сабе, што Бог ужо чакае мяне, і спытаю сябе: у якім стане да Яго прыходжу? Што я адчуваю?.. Што мяне турбуе ў гэты момант? Хто навокал мяне ці далёка… Каго нашу ў сваім сэрцы… Схіляю галаву перад Богам, які стварыў мяне і глядзіць цяпер з вялікай любоўю.
У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.
- З удзячнасцю ўспамінаю адну-дзве атрыманыя сёння ласкі, вялікія ці маленькія, і дзякую.
- Малітва:
Пане, добры мой Божа, спашлі сваё святло, дай духа веры, надзеі і любові, духа распазнавання, каб заўважыць Тваю прысутнасць у падзеях сённяшняга дня, а таксама ў сваім сэрцы.Праглядаю дзень, пачынаючы з самай раніцы, і пытаюся ў Бога: «У які момант я дасведчыў сёння найбольшы недахоп свабоды?» Інакш кажучы, калі мяне ахапілі страхі, крыўды, схільнасці, залежнасці, трывогі, дэпрэсіўныя думкі? З дапамогай уяўлення вяртаюся ў тую канкрэтную хвіліну. Разам з Богам мы глядзім на гэты момант… Уяўляю, што мы з Ім можам бачыць не толькі знешні бок, быццам фільм, зняты схаванай камерай, але можам паназіраць за маімі ўнутранымі рухамі. Мы глядзім, Бог і я, як маё сэрца да краёў напаўняецца негатыўнымі эмоцыямі, якім я паддаўся. - Размаўляю з Богам пра тое, што бачу. Малюся:
Пане, прабач мне, аздараві мяне. Пакажы мне свой пункт гледжання, сваю перспектыву той складанай сітуацыі, дзе я адчуваю несвабоду…Прагну пачуць, спасцігнуць, што Бог хоча мне сказаць наконт гэтай справы… Слухаю ўважліва… Калі адкрываюцца больш глыбокія пачуцці, распавядаю пра іх Богу… - Зноў гляджу на мінулы дзень і пытаюся: «Дзе быў момант найбольшай свабоды?» Калі мае пачуцці і ўчынкі не былі негатыўнымі? Калі яны былі свабоднымі ад нізкіх і прыземленых думак ці прагнасці? Дзе я найбольш поўна адчуваў, што жыву і знаходжуся ў гармоніі з Богам, нават калі непасрэдна ў той момант гэтага не заўважыў?
- Зноў я ўяўляю, што адсочваю разам з Богам гэтыя поўныя ласкі хвіліны. Мы пражываем іх яшчэ раз у малітве. Мы глядзім не толькі на тое, што адбылося звонку, але і на тое, што адбылося ў глыбіні майго сэрца. Размаўляю аб усім з Богам. Чакаю, каб Бог мог прадставіць Ягоны пункт гледжання. Як Ён гэта бачыць? Святкуем гэты момант ласкі.
- Потым разам з Богам я гляджу наперад, у заўтрашні дзень. Як мне пражыць яго, кіруючыся той свабодай, якую я адчуў у сённяшнія хвіліны ласкі? Якія паставы і дзеянні я абяру, каб пазбегнуць пастак, у якія трапіў падчас сённяшніх момантаў несвабоды?
- Раблю пастановы, да якіх адчуваю сябе закліканым. Прашу Бога аб дапамозе ў захаванні гэтых пастаноў.
Хвала Айцу…
У імя Айца і Сына і Духа Святога. Амэн.