Пошук

22.03.2024 14:37   Паводле: КАІ / Catholic.by
Кардынал Крыстаф Шонбарн падчас візіту ў Беларусь у 2016 годзе. Фота Аляксандры Шчыглінскай

Пра сімволіку Пальмовай нядзелі, якая сёлета прыпадае на 24 сакавіка, піша ў кароткім каментары Мітрапаліт Венскі кардынал Крыстаф Шонбарн ОР.

Пачатак Вялікага тыдня. Уезд Езуса ў Ерузалем. Не на кані, але пакорна на восліку. Гэты вобраз глыбока адбіўся ў нашым уяўленні, таксама, як захапіў жыхароў Ерузалема і ў тыя часы. Юдэі з усяго свету пілігрымавалі ў Святы горад на свята Пасхі. Там, напэўна, быў вялікі натоўп. І штогод адно пытанне было нябачным цэнтрам фэсту: ці Месія прыйдзе сёлета? Гэтае чаканне было асабліва моцным у сэрцах людзей падчас юдэйскіх пасхальных святаў.

Пасха, галоўнае юдэйскае свята, было ўспамінам вызвалення з Егіпта, з няволі, ад якой габрэйскі народ на працягу стагоддзяў пакутаваў у Егіпце. Ажно да часу прыйсця Майсея, які вывеў іх адтуль у ноч Пасхі, пасля паспешна спажытай пасхальнай вячэры. Аднак штогод свята Пасхі — гэта не толькі ўспамін той вялікай падзеі з мінулага. Гэта таксама заўсёды свята надзеі на будучыню.

Так адбываецца, таму што абяцаны Месія, Збаўца, павінен аб’явіцца ў Ерузалеме ў дзень Пасхі. Такім чынам, у чаканнях юдэяў Пасха павінна стаць днём канчатковага вызвалення ад усялякага ўціску.

Як добра нам зразумелая гэтая надзея, асабліва сёння, калі мір на Блізкім Усходзе здаецца такім далёкім!

І так моцна гэтае жаданне жыло ў часы Хрыста ў людзях, якія былі пад ярмом уціску рымскай акупацыі! У Ерузалеме панавала вялікая напружанасць. Многія задавалі пытанне, ці Езус з Назарэта — гэта той чаканы Месія. Калі ж Ён уехаў у Ерузалем на маладым восліку, многіх ахапіў энтузіязм. Бо яны ўспрынялі гэты жэст Езуса як выразны знак. У рэшце рэшт, прарокі прадказалі, што Месія пакорна ўедзе ў Ерузалем на восліку ў свята Пасхі.

Вось што коратка можна сказаць пра значэнне гэтай падзеі ў той час. Але што яна азначае сёння? Нядаўна я знайшоў адну мілую падказку на гэтую тэму ў парафіяльным часопісе, якой з задавальненем дзялюся. Я папрасіў святароў Венскай архідыяцэзіі падумаць над тым, як яны бачаць сябе як святароў у Бібліі. Адзін са святароў напісаў у сваім парафіяльным часопісе, што яму на думку прыйшоў вослік з пальмовай нядзелі.

Ён узгадаў словы славутага бразільскага арцыбісупа Элдэра Камары, які сказаў: «Езу, я хачу быць вослікам, на якім ты прыходзіш да людзей».

З усмешкаю ксёндз дадаў, што разумее, што некаторыя лічаць яго крыху ўпартым аслом, але Езус выбраў асла, а не ганарлівага каня, каб прыйсці да людзей.

Двое вучняў павінны былі прывесці асла для Езуса з простай прычыны: «Ён патрэбны Пану». Душпастыр піша, што сам пачуў заклік Езуса: «Ты мне патрэбны». І з таго часу яго радасць у тым, каб быць такім вослікам, які нясе Езуса да людзей. А калі людзі ўсклікаюць у гонар Хрыста, ён ведае, што рухаецца ў добрым кірунку.

«Я хачу быць тым вослікам…» Прыгожы вобраз таго, кім можа быць кожны, хто з Хрыстом кіруецца да людзей.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа