Пошук

03.01.2025 09:32   Catholic.by
Фота Эрыка Савянка

У дзень нараджэння арцыбіскупa эмэрыта Тадэвуша Кандрусевіча, якому 3 студзеня 2025 года спаўлняецца 79 гадоў, прапануем вашай увазе разважанне іерарха на юбілейны год надзеі 2025.

Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч
БЫЦЬ ПІЛІГРЫМАМІ НАДЗЕІ
Слова на юбілейны год надзеі 2025

Дарагія браты і сёстры,

9 мая 2024 года, ва ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана, булай Spes non Confundit — «Надзея не расчаруе» — Папа Францішак абвясціў 2025 год Юбілейным годам надзеі з дэвізам «Пілігрымы надзеі».

Гэты год ласкі распачаўся адкрыццём Святых дзвярэй у базыліцы святога Пятра ў Ватыкане ў вігілію Божага Нараджэння 24 снежня 2024 года і завершыцца на свята Аб’яўлення Пана 6 студзеня 2026 года. Ва ўсіх дыяцэзіях свету ва ўрачыстасць Святой Сям’і таксама былі адкрытыя юбілейныя касцёлы.

Традыцыя юбілейных гадоў выводзіцца з Бібліі. У кнізе Левіт чытаем: «Асвяціце пяцідзясяты год і абвясціце ў зямлі вызваленне ўсім яе жыхарам. Гэта будзе для вас юбілей. Кожны вернецца да сваёй уласнасці, і кожны вернецца ў сваю сям’ю» (Лев 25, 10).

Першы юбілейны год у Каталіцкім Касцёле быў абвешчаны ў 1300 годзе Папам Баніфацыем VIII. Напачатку яны адбваліся кожныя 50 гадоў, а з XV стагоддзя праводзіцца кожныя 25.

Час ад часу Папа аб’яўляе надзвычайны юбілейны год. Апошнім з іх быў надзвычайны юбілей Міласэрнасці ў 2016 годзе.

У межах святкавання Юбілейнага года Папа Францішак запрашае нас быць пілігрымамі надзеі, незалежна ад таго, падарожнічаем мы ў Рым ці ў дыяцэзіяльныя юбілейныя касцёлы. Святы год з’яўляецца часам ласкі, якая праяўляецца ў надзеі. Яе крыніцай з’яўляецца бязмежная любоў Сэрца Езуса. Яна напаўняе нашае жыццё боскім святлом і вядзе да вечнага шчасця.

Падчас пераходу выбранага народа з егіпецкай няволі ў зямлю абяцаную Бог паказваў яму дарогу: удзень у воблачным слупе, а ўначы — у вогненным (пар. Зых 13, 21). Гэты вобраз падарожжа здзяйсняецца ў жыцці веруючых у Хрыста, якія з надзеяй пілігрымуюць у дом нябеснага Айца. Таму Касцёл заклікае нас да пілігрымкі надзеі і духоўнага падарожжа, каб лепш пазнаць Бога і аднавіць у сабе Яго вобраз, паводле якога мы створаны (пар. Быц 1, 27).

Юбілей — гэта спрыяльны час для таго, каб аднавіць адносіны з Богам, адно з адным і з усім стварэннем з мэтай перазагрузіць нашае духоўнае жыццё. Ён павінен стаць момантам асабістай сустрэчы з Езусам (пар. SnC 1), каб зрабіць нас знакамі надзеі ў Касцёле і грамадстве.

Надзея з’яўляецца вельмі патрэбнай чалавецтву цнотай.

Яна не падманвае і не расчароўвае, бо грунтуецца на ўпэўненасці, што нішто і ніхто ніколі не можа адлучыць нас ад Божай любові, — кажа святы апостал Павел (Рым 8, 35–39).

Езус дорыць нам надзею, якой не можа даць свет і якая непадкатрольная ні часу, ані абставінам. Яна не з’яўляецца теорыяй, але дасягальная кожнаму, хто дазваляе Хрысту быць яго дарожным знакам і святлом жыцця.

У сувязі з гэтым узнікае пытанне: колькі часу мы прысвячаем разважанням і малітве аб Божай любові і надзеі, прысутнай у Езусе Хрысце? ці нашыя позіркі скіраваныя на Яго? ці Ён са сваім евангельскім радыкалізмам знаходзіцца ў цэнтры нашага жыцця?

Таму лагічна ў юбілейным годзе скіраваць больш увагі на Езуса, перадусім праз малітву падзякі за атрыманыя ад Бога дары і Яго бязмежную любоў да нас.

У буле «Надзея не расчаруе» Папа выкарыстоўвае прыгожае параўнанне: «Мяне любяць, значыць, я існую» (пар. SnC 21). Сапраўды, Божая любоў падтрымлівае нас у існаванні і не можа быць адабраная ад нас.

Бог заўсёды прабывае з намі і адорвае сваімі дарамі. Таму Папа заклікае больш увагі звярнуць на дабро, якое ёсць у свеце, у нашых сем’ях і парафіях, каб не паддацца спакусе паверыць, што зло перамагае, і каб знакі часу перамяніць у знакі надзеі (пар. SnC 7).

Юбілейны год таксама з’яўляецца спрыяльным часам для пераасэнсавання нашага жыцця, навяртання і паяднання з Богам, Касцёлам і людзьмі. Божая міласэрнасць шчодра праяўляецца ў сакрамэнце паяднання і адпустах, якія можам атрымаць, наведваючы рымскія юбілейныя базылікі або юбілейныя касцёлы ў нашай краіне, сярод якіх Нацыянальны санктуарый у Будславе — маці ўсіх Марыйных санктуарыяў у нашай Айчыне.

Сакрамэнтальнае паяднанне і адпусты — гэта не толькі магчымасць змяніць нашае жыццё, але рашучы крок на шляху веры. У ім мы дазваляем Хрысту знішчыць нашыя грахі, вылечыць раны сэрцаў, падняць нас і абняць з мэтай спазнаць Яго далікатнае і спагадлівае аблічча (пар. SnC 23).

Сакрамэнт паяднання і адпусты не зменяць нашага мінулага, але могуць змяніць будучыню.

Мы таксама пакліканыя быць знакамі надзеі для тых нашых братоў і сясцёр, якія перажываюць жыццёвыя складанасці і цяжкасці (пар. SnC 10), што асабліва важна для моладзі. Па прычыне адсутнасці перспектыў на будучыню, яна падае духам і шукае шляхоў уцёку ад суровай рэчаіснасці. У юбілейны год неабходна наблізіцца да яе і дапамагчы ёй (пар. SnC 12).

Касцёл заахвочвае нас да ўчынкаў міласэрнасці, што патрабуе не толькі ўнутранай трансфармацыі, але і канкрэтных дзеянняў у адносінах да іншых (пар. SnC 15). Неабходна прасіць прабачэння ў тых, каго мы пакрыўдзілі, дараваць правіны іншым і дапамагаць малазабяспечаным і патрабуючым.

«Юбілены год як час надзеі запрашае нас нанава адкрыць радасць сустрэчы з Богам, заклікае да духоўнага аднаўлення і абавязвае да перамены свету на лепшы», — сказаў Папа Францішак падчас Імшы Пастэркі ў базыліцы святога Пятра ў Ватыкане.

Сімвалічна, што 2025 юбілейны год супадае з 1700-годдзем Першага Нікейскага Сабору. На ім было абаронена адзінства Касцёла, якому пагражала ерась непрызнання боскасці Хрыста. Сабор аб’явіў праўду веры аб адзінасутнасці Бога Айца і Бога Сына і ўхваліў Сімвал веры, які мы прамаўляем кожную нядзелю падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі (пар. SnC 17).

Нікейскі Сабор стаў значнай падзеяй у гісторыі Касцёла і ўяўляе сабой заклік да ўсіх Цэркваў і касцёльных супольнасцяў імкнуцца да бачнага адзінства (пар. SnC 11). Сёння гэты заклік гучыць з новай сілай у кантэксце падзеленага хрысціянства і раздзіранага канфліктамі свету. Неабходна супольна адказваць на небяспечныя выклікі часу, бо ад гэтага будзе залежаць лёс хрысціянства.

Пасхальная таямніца Хрыста — гэта падмурак нашай веры і надзеі.

Дзякуючы ёй мы можам глядзець на плынь часу з упэўненасцю, што свет не асуджаны на тупік ці цёмную бездань, але скіраваны да сустрэчы з Панам славы (пар. SnC 19). Таму наша надзея, будучы Божым дарам, не мае нічога агульнага з простым чалавечым аптымізмам або эфемерным чаканнем зямных выгодаў.

Папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Spe salvi«Мы збаўлены праз надзею» — падкрэслівае, што дзякуючы збаўленню ў Езусе Хрысце мы атрымліваем надзею, моцай якой можам выйсці насустрач жыццёвым праблемам (пар. SS 1). Падобна таму, як цемра ночы не можа перамагчы святла сонца, таксама і жыццёвыя праблемы не могуць перамагчы надзеі.

Хрысціянская надзея з’яўляецца нятленнай, неўвядальнай і незнішчальнай. Яна падтрымлівае нас на шляхах нашага жыцця, нават у самыя змрочныя моманты. Адкрывае нашыя вочы на будучыя магчымасці і прымушае бачыць дабро ў часы, калі здаецца, што зло перамагае. Заклікае марыць аб новым чалавецтве. Падбадзёрвае ў намаганнях будаваць братэрскі і мірны свет, нават, калі гэта падаецца не вартым нашых намаганняў, — вучыць Папа.

Паводле аўтара Паслання да Габрэяў, надзея з’яўляецца якарам душы (пар. Гбр 6, 19). Як якар ратуе карабель падчас буры на моры, так і надзея ратуе нас сярод узбураных амаральных хваляў сучаснасці. Яны могуць кідаць нас з боку ў бок, але дзякуючы надзеі не могуць загубіць. Мы замацаваныя ў надзеі ласкі, якая робіць нас жывымі ў Хрысце, перамагаючы грэх, страх і смерць (пар. SnC 25). Таму хрысціянская надзея — гэта не наіўнае спадзяванне на лепшае, але ўпэўненасць у тым, што Бог ніколі не пакідае нас адных і дапамагае нам.

Такім чынам зразуметая надзея павінна быць неад’емным элементам жыцця кожнага хрысціяніна. Гэта важна ў сучаснай рэчаіснасці разгубленасці, страху, расчаравання і крызісу Касцёла і свету, калі ўсё цяжэй распазнаць праўду і ісці шляхам збаўлення.

Небяспечныя выклікі сучаснасці патрабуюць канкрэтных рашэнняў, асабліва вызвалення ад свецкай, пазбаўленай духа Евангелля, духоўнасці, якая сэнс чалавечага жыцця зводзіць да задавальнення цялесных патрэбаў, жаданняў і грахоўных памкненняў, што вядзе да эгаізму і інструментальнага абыходжання з іншымі, нават з Богам. Між тым надзея, якую дае нам Езус, непадуладная часу і ўмовам жыцця. Дзякуючы ёй мы можам ісці наперад.

У часы выпрабавання духоўнай цемрай і разгубленасці наc могуць натхняць словы славутага нямецкага тэолага італьянскага паходжання ксяндза Рамано Гвардзіні: «Калі надыходзіць цемра, то на пытанне: „Пане, дзе Ты быў?“ людзі пачуюць адказ: „Бліжэй, чым калі-небудзь яшчэ“».

Божа, ты заўсёды блізка. Адары нас ласкай быць пілігрымамі надзеі, нанава яе адкрываць, будаваць і абвяшчаць сучаснаму свету. Няхай яна стане якарам у моры сучасных выклікаў і компасам жыццёвай пілігрымкі ў вечнасць.

На шлях духоўнага адраджэння ў Юбілейныма годзе давяраю ўсіх вас апецы Марыі — Маці надзеі, якая насуперак надзеі паверыла з надзеяй (пар. Рым 4, 18), і ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

Тадэвуш Кандрусевіч
Арцыбіскуп эмэрыт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 1 студзеня 2025 г., ва ўрачыстасць Святой Багародзіцы Мары

Абноўлена 03.01.2025 09:58
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця