Пошук

16.06.2020 16:18   Паводле: КАІ / Пераклад і адаптацыя: Мікола Гракаў / Catholic.by

16 чэрвеня новым Старшынёй Канферэнцыі біскупаў Аўстрыі стаў арцыбіскуп Франц Лакнер. Ён змяніў на гэтай пасадзе кардынала Крыстафа Шонбарна, які пасля 22 гадоў кіраўніцтва аўстрыйскім епіскапатам падаў у адстаўку ў сувязі з дасягненнем пенсійнага ўзросту.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, Мітрапаліт Зальцбуржскі арцыбіскуп Франц Лакнер на працягу апошніх пяці гадоў быў намеснікам Старшыні Канферэнцыі біскупаў Аўстрыі. Выбары новага кіраўніка епіскапату адбыліся ў марыйным санктуарыі ў Марыяцэлі, дзе цяпер праходзіць пленарнае пасяджэнне Канферэнцыі біскупаў Аўстрыі.

Новым намеснікам Старшыні стаў біскуп Манфрэд Шоер з Лінца — аўстрыйскай дыяцэзіі, якая падтрымлівае даўнія братнія сувязі з Касцёлам на Беларусі, дапамагаючы ў рэалізацыі шматлікіх праектаў па лініі Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas.

Іерархі будуць займаць пасады, на якія былі абраныя, на працягу бліжэйшых шасці гадоў.

Кардынал Крыстаф Шонбарн стаяў на чале аўстрыйскага епіскапату на працягу апошніх 22-х гадоў, з 30 чэрвеня 1998 года, калі як арцыбіскуп Венскі быў абраны на гэтую пасаду пасля біскупа Ёгана Вэбера з Граца.

Франц Лакнер нарадзіўся 14 ліпеня 1956 года і пры хросце атрымаў імя Антон. Ён паходзіць з вёскі Санкт-Анна-ам-Айген у федэральнай зямлі Штырыя. Выхоўваўся ў сялянскай сям’і і пасля заканчэння сярэдняй школы працаваў электрыкам. Пасля вайсковай службы, якую праходзіў у падраздзяленні ААН на Кіпры ў 1978–1979 гадах, вырашыў стаць святаром і распачаў вучобу ў ліцэі ў Хорне (Ніжняя Аўстрыя).

У 1984 годзе ўступіў у ордэн францішканаў, у якім прыняў манаскае імя Францішак і ў 1989 годзе як Франц Лакнер прынёс вечныя манаскія абяцанні, а ў 1991 годзе стаў святаром. Вывучаў тэалогію і абараніў доктарскую дысертацыю па філасофіі ў Папскім універсітэце Antonianium францішканскага ордэна ў Рыме, пасля чаго выкладаў метафізіку. У 1999 годзе быў прызначаны настаяцелем францішканскай правінцыі ў Вене і з гэтага часу выкладаў філасофію ў Філасофска-тэалагічным універсітэце ў Хайлігенкройцы ў Ніжняй Аўстрыі.

У кастрычніку 2002 года а. Франц Лакнер быў менаваны дапаможным біскупам дыяцэзіі Грац-Зэкау.

Біскупскае пасвячэнне прыняў 8 снежня 2002 года, а 10 лістапада 2013 года мітрапалітальны капітул Зальцбурга выбраў яго Зальцбуржскім арцыбіскупам.

Папа Францішак зацвердзіў выбар 18 лістапада. 12 студзеня 2014 года Франц Лакнер урачыста ўступіў на пасад, стаўшы 91-м Зальцбуржскім арцыбіскупам.

У аўстрыйскім епіскапаце арцыбіскуп Лакнер адказвае за камісію па справах універсітэтаў і тэалагічных факультэтаў, а таксама абароны сужэнства, сям’і і жыцця. Пяць гадоў таму ён быў абраны намеснікам Старшыні Канферэнцыі біскупаў Аўстрыі.

Абноўлена 16.06.2020 16:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця