Пошук

15.06.2020 14:43   Паводле: КАІ / Catholic.by
Канферэнцыя біскупаў Аўстрыі. Фота: Wikimedia.org

З 15 па 18 чэрвеня ўпершыню з лістапада мінулага года адбываецца пасяджэнне Канферэнцыі біскупаў Аўстрыі, галоўныя тэмы якога — крызіс, выкліканы каранавірусам, і выбары новага старшыні епіскапату.

Як паведамляе Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, абраць новага старшыню неабходна, паколькі кардынал Крыстаф Шонбарн, якому зімой споўнілася 75 гадоў, у лісце да біскупаў адмовіўся ад гэтай пасады.

Мітрапаліт Вены ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы, якая адкрые летняе пасяджэнне біскупаў. Сустрэча традыцыйна праходзіць у санктуарыі ў Марыяцэлі.

Выбары новага старшыні аўстрыйскага епіскапату павінны былі адбыцца на веснавым пасяджэнні, у сакавіку, але не прайшлі з-за выбуху пандэміі каранавірусу.

Тады біскупы папрасілі кардынала Шонбарна застацца на пасадзе старшыні, а адначасова была склікана спецыяльная камісія, у якую акрамя Мітрапаліта Вены ўвайшлі намеснік старшыні епікапату арцыбіскуп Зальцбуржскі Франц Лакнер, біскуп Лінцкай дыяцэзіі Манфрэд Шоер і біскуп дыяцэзіі Грац-Зэкау Вільгельм Краўтвашль. Кожны тыдзень камісія праводзіла відэаканферэнцыі і займалася найважнейшымі праблемамі, выкліканымі крызісам каранавірусу.

Усе ўдзельнікі пасяджэння епіскапату павінны захоўваць меры бяспекі, неабходныя ў час пандэміі. Сакратар епіскапату кс. Пэтэр Шыпка распавёў, што перад прыбыццём у Марыяцэль кожнаму быў зроблены тэст на каранавірус. Праграма пасяджэння дастасавана да сённяшняй сітуацыі. Напрыклад, не будзе навучальнага дня з запрошанымі гасцямі, а таксама традыцыйнай Імшы, якую на заканчэнне пасяджэння цэлебравалі ў санктуарыі звычайна ўсе біскупы з удзелам шматлікіх вернікаў.

Адна з галоўных тэм пасяджэння — крызіс, выкліканы каранавірусам.

Удзельнікі пасяджэння плануюць ацаніць касцёльнае жыццё ў апошнія месяцы, калі дзейнічалі шматлікія абмежаванні.

Акрамя наступстваў крызісу каранавірусу для ўсяго грамадства, будуць абмеркаваны яго наступствы для Касцёла.

У пасяджэнні ўпершыню ўдзельнічае новы біскуп дыяцэзіі Гурк-Клагенфурт Ёзэф Маркец. Таксама з іерархамі сустрэнецца Апостальскі нунцый у Аўстрыі арцыбіскуп Пэдро Лопес Кінтанa.

Важным пунктам сустрэчы стануць выбары новага старшыні епіскапату Аўстрыі. Яго абяруць з ліку дыяцэзіяльных біскупаў.

Кардынал Шонбарн з’яўляўся старшынёй Канферэнцыі біскупаў Аўстрыі на працягу 22 гадоў, з чэрвеня 1998 г.

На чарговы шасцігадовы тэрмін ён быў абраны ў лістападзе 2016 г.

Епіскапат Аўстрыі налічвае 15 членаў: дзевяць дыяцэзіяльных біскупаў, вайсковы ардынарый, чатыры дапаможныя біскупы і абат цыстэрцыянаў у Ветынген-Мерэраў.

Абноўлена 16.06.2020 16:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.