25 кастрычніка будзе распаўсюджана Пасланне да народа Божага, ухваленае ўдзельнікамі Генеральнай асмблеі Сіноду Біскупаў на тэму сінадальнасці, яая цяпер праходзіць у Ватыкане.
Пра гэта са спасылкай на прэфекта Дыкастэрыі па камунікацыі Паоло Руфіні паведаміла Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News.
Новы тыдзень Сіноду распачаўся ў панядзелак, 23 кастрычніка, з Эўхарыстыі на алтары базылікі святога Пятра, цэлебрацыю якой узначаліў арцыбіскуп Янгона кардынал Чарльз Бо. Потым у прысутнасці Папы Францішка прайшла XVI генеральная кангрэгацыя Сіноду Біскупаў, у якой узялі ўдзел 350 чалавек. З прамовамі і духоўнымі разважаннямі выступілі айцец Цімаці Рэдкліф, сястра Марыя Ігнацыя Анджэліні і аўстралійскі тэолаг ксёндз Орманд Раш. Пасля гэтага было агучана і абмеркавана Пасланне да народа Божага.
На брыфінгу для журналістаў, які прайшоў 23 кастрычніка ў Ватыкане, старшыня Інфармацыйнай камісіі Сінода паведаміў, што Пасланне да народа Божага было сустрэта апладысментамі і будзе апублікавана ў сераду, 25 кастрычніка, пасля ўнясення «невялікіх прапаноў па рэдагаванні тэксту, асабліва ў тым, што датычыцца перакладаў на розныя мовы.
Акрамя таго, галасаванне па падагульняючым дакуменце (сінтэзе) Сіноду запланавана на 28 кастрычніка. У той жа дзень увечары яно будзе абнародавана, — паінфармаваў прэфект.
Прырода Сіноду не змянілася
На крытыку Сіноду Біскупаў, у якім у якасці дэлегатаў прымаюць удзел свецкія, адказаў арцыбіскуп Венскі кардынал Крыстаф Шонбарн. Ён падкрэсліў, што, на яго думку, гэта не праблема, паколькі сход застаецца Сінодам Біскупаў, у якім, аднак, удзельнічаюць не толькі біскупы.
Сінод Біскупаў служыць для ажыццяўлення калегіяльнай адказнасці. Яго прырода не змянілася: ён проста пашырыўся, і гэта станоўчы досвед.
З іншага боку, на Сінодах заўсёды прысутнічалі свецкія эксперты, удзел некаторых з іх меў вялікае значэнне. Цяпер гэтыя адносіны сталі значна больш цеснымі: Сінод Біскупаў з пашыраным удзелам, — удакладніў кардынал Шонбарн.
Змены ў Катэхізіс можа ўнесці толькі Папа
У адказ на пытанне пра тое, што некаторыя сексуальныя меншасці могуць адчуваць сябе пакрыўджанымі словамі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, які спасылаецца на маральны «беспарадак», кардынал Шонбарн нагадаў, што ён сам быў сакратаром рэдакцыі Катэхізісу. Па яго словах, Катэхізіс — гэта твор Касцёла, распаўсюджаны Папам. За гэты час у яго было ўнесена толькі адно змяненне, якое датычылася смяротнага пакарання. Ці будуць іншыя, гэта залежыць толькі ад рашэння Пантыфіка.
Іерарх рэкамендаваў заўсёды «чытаць тэксты ў цэлым». Гэтыя тэмы датычацца маральнай тэалогіі, і прынцып заключаецца ў тым, што «існуе аб’ектыўны парадак, і ёсць чалавечыя асобы», — дадаў аўстрыйскі кардынал.
«Людзі заўсёды маюць права на павагу, нават калі яны грашаць; мы ўсе грашым, я таксама. Мы маем права на павагу. Мы маем права быць прынятымі, як прымае Бог», — сказаў кардынал Шонбарн.
Нарэшце, іерарх патлумачыў, што існуе нязменнасць веры: нельга змяніць вучэнне аб Тройцы, Уцелаўленні або Эўхарыстыі. На гэтым паўсюль у свеце грунтуецца вера, і, нягледзячы на разнастайнасць культур, сутнасць веры не можа быць зменена, — сказаў кардынал Крыстаф Шонбарн.