Пошук

24.04.2025 11:35   Пераклад: здзейснены Беларускай асацыяцыяй касцёльнага права / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

13 красавіка Дыкастэрыя па справах духавенства выдала Дэкрэт аб інтэнцыях і ахвяраваннях, звязаных з цэлебрацыяй Імшы. Уводзяцца больш дакладныя правілы для забеспячэння празрыстасці, справядлівасці і павагі да волі вернікаў.

Тэкст Дэкрэта для друку ТУТ>>>

«Паводле выпрабаванага звычаю Касцёла, кожнаму святару, які цэлебруе або канцэлебруе святую Імшу, дазваляецца прымаць ахвяраванні, каб ён прысвяціў Імшу адпаведна з акрэсленай інтэнцыяй» (ККП, кан. 945 §1).

«Эўхарыстыя, хоць і з’яўляецца паўнатой сакрамэнтальнага жыцця — гэта не ўзнагарода для дасканалых, але шчодры лек і ежа для слабых. Гэтыя перакананні маюць таксама пастырскія вынікі, якія мы павіны разгледзець з разважлівасцю і адвагай. Мы часта паводзім сябе як кантралёры ласкі, а не як пасрэднікі. Але Касцёл — не мытня, а бацькоўскі дом, дзе ёсць месца для кожнага з яго нялёгкім жыццём» [1].

Свядомыя гэтай ласкі, вернікі праз складанне ахвяравання жадаюць яшчэ мацней з’яднацца з эўхарыстычнай Ахвярай, далучаючы да яе сваю ўласную ахвяру і супрацоўнічаючы ў патрэбах Касцёла, асабліва спрыяючы ўтрыманню яго святых служыцеляў.

Такім чынам вернікі больш цесна яднаюцца з Хрыстом, які сам сябе ахвяруе, і, у пэўным сэнсе, яшчэ глыбей уключаюцца ў еднасць з Ім. Гэты звычай не толькі зацверджаны Касцёлам, але таксама ім і заахвочваецца [2].

Апостал Павел піша, што тыя, хто служыць пры алтары, маюць таксама права жыць з алтара (пар. 1 Кар 9, 13-14; 1 Цім 5, 18; Лк 10, 7). Правілы, што сфармаваліся ў першыя стагоддзі, сведчаць пра дары, якія ахвяраваліся добраахвотна падчас цэлебрацыі Эўхарыстыі. Частка гэтых дароў прызначалася для бедных, частка — для біскупскага стала і гасцей, якіх прымаў біскуп, частка — на забеспячэнне культу, а частка — для прэзбітэраў, якія цэлебравалі або асіставалі, паводле загадзя ўстаноўленнага прынцыпу размеркавання [3].

Тыя, хто складаў ахвяраванні, у такі спосаб асаблівым чынам удзельнічалі ў эўхарыстычнай Ахвяры. Дары, ахвяраваныя падчас Эўхарыстыі, а пазней таксама і па-за яе межамі, успрымаліся як узнагарода дабрадзею, як дар з нагоды служэння, якое здзейсніў святар, як міласціна, але ніколі як «цана продажу» за нешта святое; бо гэта ўжо было б актам сіманіі.

У гэты перыяд святая Імша ўжо цэлебравалася па просьбе вернікаў з пэўнай інтэнцыяй, нават калі гэта не суправаджалася ахвяраваннем. Пазней развіўся звычай ахвяраваць міласціну на цэлебрацыю Імшы і прыносіць дары святару або Касцёлу. Менавіта гэтая практыка дала пачатак сённяшняму звычаю ахвяравання на Імшу. Пачынаючы з канца Х стагоддзя, для таго, каб папрасіць аб цэлебрацыі Імшы з пэўнай інтэнцыяй, пачалі прыносіць дары падзякі. У той самы перыяд узнікаюць Імшальныя фундацыі, гэта значыць абавязак цэлебраваць Імшы з загадзя вызначанымі інтэнцыямі. Такім чынам, узнік звычай ахвяраваць дар з нагоды Імшы — звычай, які Касцёл не толькі адабрае, але і рэкамендуе ды заахвочвае.

Старажытны звычай і дысцыпліна Касцёла настойліва падкрэсліваюць, што кожнаму асобнаму ахвяраванню павінна адпавядаць асобная цэлебрацыя Імшы, якую святар прысвячае з акрэсленай інтэнцыяй. Каталіцкае вучэнне, якое выяўляецца таксама праз sensus fidelium, вучыць пра духоўную карысць і плён — у Божым плане збаўлення — для асобаў і намераў, у інтэнцыі якіх святар цэлебруе Імшы. У гэтым жа кантэксце падкрэсліваецца і значэнне шматразовага прысвячэння Імшы за тых самых асобаў або намеры.

Што ж датычыцца цэлебрацыі Імшы, за якую была прынята ахвяра ў вышэйпададзеным сэнсе, неаднаразова падкрэслівалася забарона прысвячэння адной Імшы з некалькімі інтэнцыямі, калі за кожную з іх былі прыняты асобныя ахвяраванні.

Гэтая практыка, як і невыкананне абавязку прысвячэння Імшы ў адпаведнасці з прынятым ахвяраваннем, былі прызнаныя парушэннем справядлівасці, як гэта было неаднаразова выразна сцверджана ў касцёльных дакументах [4].

Не ў меншай ступені недазволенай была б замена прысвячэння Імшы згодна з прынятай інтэнцыяй на «малітоўную просьбу» падчас цэлебрацыі Божага слова або простым упамінаннем у пэўныя моманты эўхарыстычнай цэлебрацыі.

Касцёльная дысцыпліна ў гэтай справе, нават абстрагуючыся ад разважанняў выключна тэалагічнага характару, выразна грунтуецца на двух прынцыпах: справядлівасці ў дачыненні да ахвярадаўцаў, а менавіта — неабходнасці выконваць дадзенае ім слова, і абавязку пазбягаць нават чыста знешняга выгляду «гандлю» святымі рэчамі (пар. кан. 947; 945 § 2 ККП).

У апошні час, аднак, ўзніклі пэўныя сітуацыі і пытанні, якія падказалі неабходнасць адаптаваць некаторыя аспекты дысцыпліны, ствараючы выключэнне з паўсюднага права — менавіта дзеля захавання ўсяго таго, што з’яўляецца істотным.

Сярод гэтых прычын можна назваць недахоп святароў, здольных задаволіць усе просьбы аб цэлебрацыі Імшаў; абавязак не «расчараваць пабожную волю ахвярадаўцаў, адбіваючы ў іх добры намер» [5], а таксама ўсведамленне таго, што практыка так званых «складковых» Імшаў, «калі яна становіцца празмерна пашыранай, павінна лічыцца злоўжываннем і можа паступова прывесці да таго, што вернікі перастануць складаць ахвяраванні на цэлебрацыю Імшаў з асобнымі інтэнцыямі, што можа прывесці да знікнення вельмі старажытнага звычаю, карыснага як для асобных душаў, так і для ўсяго Касцёла» [6]. Усё гэта з’яўляецца толькі часткай матываў для ўвядзення адпаведных зменаў.

Менавіта на гэтым фоне 22 лютага 1991 года тагачасная Кангрэгацыя па справах духавенства выдала дэкрэт Mos iugiter [7].

Дэкрэт, пацвярджаючы асноўныя дактрынальныя прынцыпы і фундаментальныя нормы дысцыпліны, ужо замацаваныя ў Кодэксе кананічнага права, прадугледжвае, што пры пэўных умовах — і толькі ў такіх выпадках — святару ўсё ж дазваляецца прысвячаць адну Імшу ў некалькіх інтэнцыях, у сувязі з якімі ён прыняў асобныя ахвяраванні.

Сфармуляваныя ўмовы былі скіраваныя, з аднаго боку, на забеспячэнне справядлівасці, а менавіта — выкананне слова, дадзенага ахвярадаўцам, а з другога боку — на ўстараненне небяспекі або нават самай толькі знешняй з’явы, «гандлю» святымі рэчамі.

Менавіта жаданне пазбегнуць такой небяспекі і зрабіла магчымым прыняцце падобных дысцыплінарных зменаў. У канкрэтнай перспектыве гэты дэкрэт устанаўлівае перадусім, што толькі ў тым выпадку, калі ахвярадаўцы былі належным чынам паінфармаваныя і выказалі сваю выразную згоду, дапускаецца прыняцце некалькі ахвяраванняў на цэлебрацыю адной Імшы. Пры гэтым такая цэлебрацыя не павінна адбывацца штодзённа, каб не сфармаваць агульную практыку і захаваць выключны характар такой магчымасці.

Прайшло ўжо больш за трыццаць чатыры гады з моманту ўступлення ў сілу дэкрэта Mos iugiter, і, улічваючы назапашаны з таго часу досвед, а таксама ў адказ на заўвагі, пытанні і прапановы, што паступілі з розных частак свету — ад біскупаў, а таксама ад духавенства, свецкіх вернікаў, асоб і супольнасцяў кансэкраванага жыцця, — гэты Дыкастэрый, глыбока прааналізаваўшы ўсе аспекты справы і пасля шырокай кансультацыі з іншымі Дыкастэрыямі, якіх яна датычыць sive ratione materiae sive alia ratione (як з прычыны прадмета кампетэнцыі, так і з іншых прычын), прыйшоў да высновы, што цяпер неабходна прыняць новыя нормы, якія будуць рэгуляваць дадзеную справу, дастасоўваючы яе адпаведным чынам.

Улічваючы неабходнасць абнаўлення нормаў і адначасова — неабходнасць зрабіць іх яшчэ больш выразнымі ў плане выключэння пэўных практык, што самавольна (незаконна) распаўсюдзіліся ў розных месцах, гэты Дыкастэрый пастанавіў абвясціць — і цяпер абвяшчае — наступныя нормы ў дадатак да дысцыпліны, што дзейнічае ў дадзенай сферы:

Артыкул 1

1. Застаючыся ў межах нормы кан. 945 Кодэкса кананічнага права, калі сінод правінцыі або сход біскупаў правінцыі, улічваючы такія ўмовы, як, напрыклад, колькасць святароў у параўнанні з колькасцю інтэнцый або сацыяльны і касцёльны кантэкст, у межах сваёй юрысдыкцыі ўстанаўляе гэта дэкрэтам, святары могуць прымаць некалькі ахвяраванняў ад розных асоб, аб’ядноўваючы іх і задавальняючы гэтыя інтэнцыі праз адну толькі Імшу, цэлебраваную з адзінай «складковай» інтэнцыяй, калі — і толькі калі — усе ахвярадаўцы былі паінфармаваныя і свабодна далі сваю згоду.

2. Жаданне ахвярадаўцаў ніколі не можа лічыцца само па сабе зразумелым; наадварот, пры адсутнасці выразнай згоды заўсёды мяркуецца, што такая згода не была дадзена.

3. У выпадку, апісаным у § 1, святару дазваляецца пакінуць сабе ахвяраванне толькі за адну інтэнцыю (пар. кан. 950-952 ККП).

4. Кожная хрысціянская супольнасць павінна старацца забяспечыць магчымасць цэлебрацыі штодзённых Імшаў з індывідуальнай інтэнцыяй; узнагароджанне за гэтыя Імшы ўстанаўліваецца сінодам правінцыі або сходам біскупаў правінцыі (пар. кан. 952 ККП).

Артыкул 2

З захаваннем нормы кан. 905 ККП, калі святар дазволеным чынам цэлебруе Эўхарыстыю некалькі разоў у адзін і той жа дзень — у выпадку неабходнасці і дзеля сапраўднага дабра вернікаў — ён можа цэлебраваць розныя Імшы таксама са «складковымі» інтэнцыямі. Пры гэтым застаецца ў сіле тое, што штодзённа яму дазваляецца пакінуць сабе толькі адно ахвяраванне за адну з прынятых інтэнцый (пар. кан. 950—952 ККП).

Артыкул 3

1. Неабходна перадусім улічваць прадпісанні кан. 848 ККП, у якім акрэслена, што за ўдзяленне сакрамэнтаў служыцель не павінен патрабаваць нічога, акрамя ахвяраванняў, вызначаных кампетэнтнай уладай, заўсёды пазбягаючы таго, каб найбольш патрабуючыя былі пазбаўлены дапамогі сакрамэнтаў з прычыны беднасці.

Трэба таксама трымацца таго, што настойліва рэкамендуецца ў кан. 945 § 2 ККП, а менавіта: «цэлебраваць святую Імшу згодна з інтэнцыямі вернікаў, асабліва патрабуючых, нават не атрымаўшы ахвяравання».

2. Для распараджэння гэтымі ахвяраваннямі трэба прымяняць, з улікам адпаведных падабенстваў (congrua congruis referendo), норму кан. 951 ККП.

3. Улічваючы канкрэтныя абставіны партыкулярнага Касцёла і яго духавенства, дыяцэзіяльны біскуп можа партыкулярным законам прызначыць гэтыя ахвяраванні на карысць парафій, якія знаходзяцца ў патрэбе, у сваёй дыяцэзіі або ў іншых, асабліва ў місійных краінах.

Артыкул 4

1. Абавязкам Ардынарыяў з’яўляецца навучаць падуладнае духавенства і народ адносна зместу і значэння гэтых нормаў, а таксама наглядаць за іх належным выкананнем, дбаючы пра тое, каб у спецыяльны рэестр дакладна заносіліся колькасць Імшаў, прынятых да цэлебрацыі, інтэнцыі, велічыня ахвяраванняў і пацвярджэнне цэлебрацыі; акрамя таго, яны павінны штогод асабіста або праз іншых асобаў правяраць гэтыя рэестры (пар. кан. 958 ККП).

2. Асаблівым чынам як Ардынарыі, так і іншыя пастыры Касцёла павінны дбаць пра тое, каб для ўсіх было цалкам зразумела, у чым заключаецца розніца паміж прысвячэннем святой Імшы згодна з пэўнай інтэнцыяй (нават «складковай») і простым упамінаннем падчас цэлебрацыі Літургіі слова або ў асобныя моманты эўхарыстычнай цэлебрацыі.

3. Неабходна асаблівым чынам давесці да ўсеагульнага ведама, што як настойлівае заахвочванне да гэтага, так і само па сабе прыняцце ахвяраванняў у сувязі з дзвюма апошнімі формамі (г.зн. упамінаннем падчас Літургіі слова ці ў асобныя моманты Эўхарыстыі) з’яўляецца важкім парушэннем права.

Там, дзе такая практыка безпадстаўна распаўсюдзілася, кампетэнтныя Ардынарыі не павінны выключаць магчымасць ужывання дысцыплінарных і/ці карных мераў каб выкараніць такую вартую асуджэння з’яву.

Артыкул 5

У святле таксама і звышнатуральных каштоўнасцяў, звязаных з даўняй і пахвальнай практыкай прыняцця ахвяравання, каб святар прысвяціў Імшу згодна з пэўнай інтэнцыяй (пар. кан. 948 ККП) і дзеля падтрымання вартага павагі звычаю перадаваць разам з адпаведнымі ахвяраваннямі ў місійныя краіны інтэнцыі Імшаў, якія перавышаюць мясцовыя магчымасці цэлебрацыі, пастыры павінны належным чынам заахвочваць вернікаў да захоўвання гэтай практыкі, а там, дзе яна аслабела — да яе аднаўлення і папулярызацыі, у тым ліку праз адпаведную катэхезу пра апошнія рэчы і пра communio sanctorum.

Артыкул 6

Калі сінод правінцыі або сход біскупаў правінцыі не выдадуць у гэтай справе адпаведных распараджэнняў, застаецца ў сіле тое, што прадугледжана Дэкрэтам Mos iugiter ад 22 лютага 1991 года.

Па заканчэнні дзесяці гадоў з моманту ўступлення ў сілу дадзеных нормаў, Дыкастэрый па справах духавенства правядзе вывучэнне практыкі, а таксама дзеючага прававога рэгулявання ў гэтай сферы — з мэтай праверкі іх прымянення і магчымай актуалізацыі.

Святы Айцец 13 красавіка 2025 года, у Пальмовую нядзелю, зацвердзіў гэты дэкрэт і загадаў яго абвяшчэнне, устанаўліваючы яго ўступленне ў сілу 20 красавіка 2025 года, у Нядзелю Уваскрасення Пана, з адменай таго, што падлягае адмене і пры поўнай нядзейснасці любых супярэчных нормаў.

Ладзаро Кард. Ю Хын Сік
Прэфэкт

Андрэс Габрыэль Феррада Морэйра
Тытулярны арцыбіскуп Тыбурнійскі
Сакратар

__________________________

[1] Апостальская адгартацыя Evangelii gaudium, 47, Мінск 2014.

[2] Пар. PaoloVI, Lettera apostolica in forma di Motu proprio Firma in traditione,13 giugno 1974, in AAS66 (1974), 308; Congregazione per il Clero, Decreto Mos iugiter, 22 febbraio 1991, in AAS 83 (1991), 443.

[3] Пар. adesempio, Constitutiones Apostolorum (± 380) II.28,5: «Si autem (diaconus) et lector est, accipiat et ipse una cum presbyteris»; VIII.31,2-3: «Eulogias, quae in mysticis oblationibus supersunt, diaconi ex voluntate episcopi aut presbyterorum distribuant clero...», in F.X.Funk, Didascalia et Constitutiones Apostolorum (Paderborn, 1905; ristampa anastatica 1964), vol.1, pp. 108-109 e 532-533; Canones Apostolorum (5e eeuw) 41, in C.Kirch, Enchiridionfontium historiae Ecclesiasticae antiquae (Barcelona, 1965[9]), n. 699.

[4] Пар. ad esempio, S.Uffizio, Decreto, 24 settembre 1665, n. 10, in DH 2030; Sacra Penitenzieria Apostolica, Istruzione Suprema Ecclesiae bona, 15 luglio 1984, in Enchiridion Vaticanum S1, nr. 901-912; Congregazione per il Clero, Decreto Mos iugiter, cit., 444, art. 1 §1.

[5] Congregazione per il Clero, Decreto Mos iugiter, cit.,446, art. 5 § 1.

[6] Тамсама, 445, art. 2 § 3.

[7] Пар. тамсама, 443-444.

Абноўлена 24.04.2025 13:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа