Пошук

17.10.2023 07:34   Паводле: КАІ / Catholic.by
Скрыншот відэа з платформы Х

«Еўропа меншае, Поўдзень набірае моц», — так апісаў арцыбіскуп Венскі кардынал Крыштаф Шонбарн цяперашнюю сітуацыю на чатырохтыднёвай Генеральнай асамблеі Сіноду Біскупаў у Ватыкане, якая распачалася 4 кастрычніка і працягнецца да 29 кастрычніка.

Як паведаміла Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва КАІ, у відэа, размешчаным на платформе Х, аўстрыйскі іерарх тлумачыць, што пасяджэнні сведчаць пра тое, як прадстаўлены паўсюдны Касцёл.

«Еўропа ўжо больш не цэнтр паўсюднага Касцёла, і гэта новы ўрок для нас, еўрапейцаў», — сцвердзіў кардынал Шонбарн.

Такім чынам, трэцяя частка ўдзельнікаў Сіноду з правам голасу паходзіць з Еўропы, а прадстаўнікі Паўночнай і Паўднёвай Амерык складаюць чвэрць удзельнікаў. У той жа час прадстаўнікі Афрыкі і Азіі складаюць па адной пятай, а 5 працэнтаў удзельнікаў з правам голасу паходзяць з Акіяніі.

Паводле кардынала Шонбарна, у параўнанні з 1985 годам, калі ён упершыню ўдзельнічаў у Сінодзе Біскупаў, шмат што змянілася.

«Значана павялічылася прысутнасць прадстаўнікоў паўднёвага паўшар’я, а менавіта Афрыкі, Азіі і Лацінскай Амерыкі. Гэта таксама ўплывае на змест і атмасферу Сіноду», — сказаў Венскі арцыбіскуп.

«Касцёл сапраўды паўсюдны, і гэта вельмі цікава», — падсумаваў кардынал Шонбарн.

У Сінодзе бяруць удзел больш за 400 біскупаў, святароў, свецкіх вернікаў, тэолагаў і законнікаў, дэлегаваных мясцовымі Касцёламі і прызначанах Папам у Рыме. 365 з іх маюць права голасу.

Упершыню на Сінодзе маюць большую магчымасць выказацца, а таксама права голасу асобы, якія не з’яўляюцца ні біскупамі, ані святарамі, у тым ліку жанчыны.

Кардынал Шонбарн удзельнічаў у 1985 годзе ў Другой надзвычайнай асамблеі Сіноду Біскупаў, якая праходзіла з 25 лістапада па 8 снежня, у якасці члена Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Тады ён таксама атрымаў місію падрыхтоўкі Катэхізіса Каталіцкага Касцёла.

У якасці сакратара камісіі, якая займалася падрыхтоўкай Катэхізіса, ён непасрэдна ўдзельнічаў у працэсе стварэння гэтага збору праўдаў веры, які ўпершыню быў выдадзены ў 1992 годзе.

Разам з арцыбіскупам Венскім Касцёл у Аўстрыі на Сінодзе Біскупаў прадстаўляе Старшыня каталіцкага епіскапату гэтай краіны арцыбіскуп Франц Лакнэр. Акрамя таго, у ліку запрошаных экспертаў і дарадцаў па тэалогіі, але без права голасу, прысутнічае 42-гадовая Клара-Антонія Чысар, выкладчыца пастырскай тэалогіі ў каталіцкім універсітэце ў Лінцы, а таксама ва універсітэце Бабэш-Бояі ў Румыніі.

Абноўлена 17.10.2023 10:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа