Пошук

20.03.2024 17:28   Паводле: Vatican News / Фота: Vatican News / Catholic.by

Каманда карабля-шпіталя «Папа Францішак» на Амазонцы ў Бразіліі аказвае медыцынскую і духоўную дапамогу каля 5200 чалавекам, якія жывуць у аддаленых і цяжкадаступных мясцінах.

Сваім сведчаннем незвычайнага служэння дзеліцца з Італьянскай рэдакцыяй парталу Vatican News сястра Марсія Лопэс Асіс з кангрэгацыі Апосталак Найсвяцейшага Сэрца Езуса.

Сястра Марсія нясе служэнне ў парафіі Маці Божай Здароўя ў Журуці-Пара ў мезарэгіёне Байшу-Амазонас, што належыць да дыяцэзіі Обідуc у Бразіліі.

Законніца сцвярджае, што яе «пакліканне было місійным ад самага пачатку», і на яе шляху добры Бог заўсёды здзіўляў яе кожным місійным вопытам, які Ён дазваляў ёй перажыць. «Гэта былі незвычайныя і яркія ўражанні, і я вельмі ўдзячная за іх. Тое самае і ў Журуці: гэта выдатны вопыт, які дазволіў мне нанава адкрыць для сябе сутнасць майго паклікання і харызму нашай заснавальніцы, якую я нашу ў сабе. Дом тут разумееца інакш, чым у іншых месцах, дзе мы ўяўляем яго як штосьці трывалае, дзе задавольваюцца ўсе нашы патрэбы і дзе мы абаронены ад знешніх небяспек. Дом тут можа быць у чоўне з вёсламі або ў гамаку, прымацаваным да мангавага дрэва, на вуліцы, пад адкрытым навесам ці ў самой сакрыстыі», — дзеліцца сястра Марсія.

Дзеці — найлепшыя настаўнікі

Сярод розных відаў дзейнасці, якую выконвае сястра Марсія, яна, між іншым, з’яўляецца кансультантам у Парафіяльнай місіянерскай радзе — душпастырстве, якое дае адказ на заклік Папы Францішка быць «Касцёлам, які выходзіць», місіянерскім Касцёлам. Мэта Рады — дасягнуць 78 супольнасцяў, якія складаюць парафіяльны сектар, асабліва найбольш аддаленыя, слабыя і патрабуючыя, што знаходзяцца на адлегласці больш як за 60 км.

Пераплыць раку Амазонку, тлумачыць сястра Марсія, «гэта нялёгкая задача. Калі мы прыехалі ў супольнасць святой Рыты, мяне сустрэлі дзеці, якія вельмі саромеліся і былі напалоханыя з’яўленнем незнаёмкі, але мы хутка пасябравалі. Адны баяцца, бо прымаюць мяне за медсястру ці стаматолага; іншыя называюць мяне настаўніцай, але амаль усе ў захапленні і не адыходзяць ад мяне, кажучы, што, калі вырастуць, таксама стануць законнікамі». У знак падзякі дзеці прапанавалі сястры навучыць яе веславаць.

«У дзецях я знайшла найлепшых настаўнікаў», — прызнаецца законніца.

Выклік прыроды

Там, дзе сястра Марсія выконвае сваю місію, адзін са шматлікіх выклікаў — гэта феномен terra caída, гэта значыць астравоў, якія знікаюць з-за моцнага пад’ёму вады. Гэта прыводзіць да таго, што некаторыя дамы аказваюцца затопленымі, і многім сем’ям даводзіцца з’язджаць, пакуль узровень вады зноў не спадзе. З-за такіх з’яваў навучанне вядзецца не па звычайным, а па «водным» календары. Каб адвезці дзяцей у школу, ёсць човен, які забірае іх з дому.

Сон у гамаку пад шум рачной вады і адсутнасць мабільнага тэлефона, між іншым, дапамаглі законніцы навучыцца спачуванню і засвоіць вялікі ўрок: «прымаць рэчы, як ёсць», а таксама дзякаваць за сведчанне сілы, надзеі і трываласці, якое даюць сем’і.

Карабель, які нясе надзею

Сястра Марсія ўваходзіць у групу з 35-і чалавек, якія плаваюць на караблі-шпіталі «Папа Францішак». У камандзе плывучага шпіталя дзесяць дактароў, два стаматолагі і святар, брат Альфонсо Ламбэрт. Гэта дом гасціннасці, абароны жыцця, евангелізацыі, прастаты і любові.

Дзень на караблі пачынаецца вельмі рана з цэлебрацыі Імшы. Потым спецыялісты абследуюць людзей у залежнасці ад праблем са здароўем.

«Я займаюся прыёмам сем’яў, евангелізацыяй дзяцей, суправаджэннем хворых пасля аперацыі або наведваю іх, калі яны не могуць перамяшчацца. Я заношу Камунію хворым», — кажа сястра Марсія.

Падчас плаванняў медыкі аказалі дапамогу каля 5200 чалавекам, частцы з якіх зрабілі простыя аперацыі: некаторыя пацыенты чакалі па восем гадоў. Падчас свайго тура яны наведалі рэгіён Арытапера і рэгіён карэннага насельніцтва Мамуру.

«Мы можам параўнаць карабель-шпіталь з Езусам: як да Яго прыносілі ўсіх хворых, каб Ён іх аздараўляў, так адбылося і з караблём-шпіталем», — кажа сястра Марсія. У тыя дні законніца перажыла вопыт Касцёла-самараніна, які даваў лек любові.

«Ёсць мэта, якая надае сэнс быць там, дзе я ёсць, і рабіць тое, што я раблю», — падсумоўвае сястра Марсія. Няхай ніхто не перашкаджае нам быць місіяй там, куды скіроўвае нас Провід, а любоў няхай будзе рухаючай сілай усяго».

Абноўлена 20.03.2024 17:29
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа