Нямала бацькоў перажываюць з-за таго, што іх дзеці, становячыся дарослымі, больш не хочуць хадзіць у касцёл. На пытанне, што рабіць у такой сітуацыі, адказвае польская дамінканка сястра Малгажата Лекан ОР.
Адна з чытачак каталіцкага парталу Deon.рl запыталася: «Што рабіць, каб дарослае дзіця пажадала вярнуцца ў Касцёл? Не проста маліцца аб гэтым, бо гэта відавочна».
«Бацькоў, якія задаюць сабе гэтае пытанне, напэўна, нашмат больш, і яно няпростае», — заўважыла напачатку сястра Малгажата.
Яна адзначыла, што дарослы — гэта чалавек, які сам адказвае за сваё жыццё; ён свабодны і мае права выбіраць так, як пажадае. Гэта, тым не менш, не здымае адказнасці з бацькоў, і малітва ў інтэнцыі сваіх дзяцей павінна быць іх прыярытэтам. Аднак гэта не адзіная рэч, якую павінны зрабіць для сваіх дзяцей бацькі.
«Я хацела б запрасіць цябе адказаць самой сабе на пытанне, якое можа аказацца больш цяжкім, чым тое, якое ты задала. А менавіта, чаму ты хочаш, каб тваё дзіця было ў Касцёле?
Ці таму, што гэта такая сямейная традыцыя? Ці таму, што тады можна пахваліцца перад суседкамі? Ці, можа, таму, што каштоўнасці, якія прапануе Евангелле і Касцёл, важныя? Ці, магчыма, таму, што для цябе важная святасць твайго дзіцяці?
Калі зразумееш гэта ў сабе, распазнаеш, пачуеш адказ на гэтае пытанне, — кажа дамініканка і дадае: Тады варта было б задумацца над тым, ці ты жывеш так, каб тваё дзіця магло ўбачыць прыгажосць у тваіх адносінах. Ці жаданне святасці для твайго дзіцяці адлюстроўваецца ў тым, як ты жывеш?» — прапануе адказаць сястра Малгажата.
«Калі ты будзеш сведкай Божай любові, Божай прысутнасці, каштоўнасці Евангелля, то зробіш усё, што можна зрабіць, каб тваё дарослае дзіця калісьці само магло задаць сабе пытанне: „Можа, гэта таксама патрэбна і мне?“», — сказала дамініканка.
На заканчэнне сястра Малгажата сцвердзіла, што, размаўляючы пра Касцёл, заўсёды трэба трымацца праўды.
«Прапануючы, запрашаючы, размаўляючы пра прысутнасць дарослага дзіцяці ў Касцёле, нельга не звярнуць увагі на тое, што Касцёл — гэта складаная рэчаіснасць: прыгожая і цяжкая адначасова.
Не варта прыхарошваць, „падсалоджваць“, пазбягаць складаных тэм, а трэба трымацца праўды як чалавек асабіста грэшны, але выбірае Хрыста з увагі на Яго, бо Ён прыгожы, бо Ён Бог, бо Ён святы, і таму варта быць у Касцёле», — зрабіла выснову сястра Малгажата Лекан.