19 ліпеня на могілках пры касцёле Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) благаславілі адноўлены помнік на магіле сястры Юзэфы Ждановіч, кляўзуровай дамініканкі, якая адышла ў вечнасць 19 снежня 2007 года ва ўзросце 77-і гадоў.
Як адзначаецца на старонцы Гудагайскай парафіі ў сацыяльнай сетцы Вк, святой памяці сястра Юзэфа была родам з-пад Ашмянаў. У ордэн дамініканак яна ўступіла ўжо пасля ліквідацыі кляштара ў Вільні, калі сёстры разышліся ў розныя парафіі, каб перажыць час пераследу і дапамагаць святарам. У складаны перыяд месцам яе манаскай фармацыі, а пазней пастаяннага жыхарства і апостальства стала мястэчка Гудагай.
Разам з сястрой Сабінай яна жыла ў невялічкай хатцы побач з касцёлам: укрыта, не носячы габіту, у пакоры ўсё сваё жыццё аддала малітве і працы ў парафіі.
Калі ў 1990 годзе ў санктуарый вярнуліся кармэліты босыя, сястра Юзэфа клапацілася пра айцоў і братоў, як маці: служыла парадай, прымала кожнага з усмешкай і любоўю, гатавала есці, прала, даглядала агарод, але перадусім малілася: верна і вельмі шмат.
Пасля адновы супольнага жыцця ў Вільні па розных прычынах яна засталася адна ў Гудагаі, радуючыся блізкасці славутага ласкамі абраза Маці Божай. Калі пагоршыўся стан яе здароўя, ахвяравала Богу праз Марыю свае пакуты і хваробу ў інтэнцыі Кармэлю, з якім адчувала цесную сувязь.
Да канца сваіх дзён падтрымлівала святароў, семінарыстаў і вернікаў, якія лічылі яе святой: парафіяне за незвычайную дабрыню называлі яе проста сястра Юзя або Юзэфка.
Апошні перыяд свайго жыцця яна правяла ў супольнасці кармэлітак Дзіцятка Езуса ў Гудагаі, якія адвялі святой памяці сястры Юзэфе памяшканне і акружылі апекай.
Сабраныя памаліліся таксама ў інтэнцыі Грыгорыя Мацукевіча, Рамана Шчолкі і Міхаіла Падарэцкага, якія ўстанавілі помнік.