Пошук

11.04.2021 10:10   Пераклад і адаптацыя: Ігар Цярэшчанка / Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: gettyimages.com

Сёння мы завяршаем анлайн-рэкалекцыі «Праз цемру да святла», якія на працягу Вялікага посту публікаваліся на нашым партале па панядзелках для духоўных практыкаванняў на працягу тыдня.

Сёлетнія разважанні для анлайн-рэкалекцый на сайце Sacred Space («Прастора малітвы») падрыхтавала вядомая пісьменніца Маргарэт Сілф, якая піша аб ігнацыянскай духоўнасці.

Аб чым просіць любоў? або Постскрыптум да пройдзеных рэкалекцый

Вось, мы разам завяршаем духоўнае падарожжа, за час якога, магчыма, назбіралі шэраг пытанняў. Галоўнае пытанне, якое праходзіць скрозь усе астатнія, паўтараючы вялікую запаведзь і адгукаючыся ва ўсёй гісторыі чалавецтва, — гэта пытанне:

«Што такое Любоў?»

Ініга таксама вельмі выразна задае яго напрыканцы сваіх Духоўных практыкаванняў, заклікаючы нас паразважаць над глыбінёю гэтага пытання ў момант, калі мы рушым у далейшы шлях. Практыкаванне Ініга назваў Contemplatio ad Amorem (Сузіранне Любові) і прапануе ў ім спасцігнуць, як мы можам любіць Бога і адзін аднаго так, каб адлюстроўваць Божую любоў.

Ключавым прынцыпам мудрасці Ігнацыя і праўды Евангелля з’яўляецца тое, што любоў раскрываецца ва ўчынках больш, чым у словах.

Слова «любоў» сур’ёзна абясцэнілася ў сучасным грамадстве. Мы выкарыстоўваем яго свабодна, а часам і бяздумна, каб выказаць прыхільнасць, рамантычныя пачуцці альбо нават выбар пэўнай ежы ці моднага трэнду.

Рэальная сутнасць справы значна больш патрабавальная. М. Скот Пэк дае неацэнны ключ да разумення Боскай любові, калі сцвярджае, што «Любоў — гэта не эмоцыя. Любоў — гэта рашэнне», альбо, словамі Сэмюэла Джонсана: «Нам пад сілу дабрыня, нават калі няма эмацыйнай прывязанасці».

Гэтае разуменне кажа нам, што, як бы мы ні адчувалі сябе, мы можам у любой сітуацыі зрабіць выбар на карысць любові, дзейнічаць з зычлівасцю і спагадай. Гэтае рашэнне не залежыць ад нашага эмацыйнага стану ў момант выбару, і Езус дакладна кажа нам, што стаўленне з любоўю датычыцца нас саміх, нашых суседзяў, калег, сяброў і незнаёмых людзей, і, што асабліва важна, нават нашых ворагаў.

Выключэнняў няма, таму што ў Богу ўсё бярэ свой пачатак.

Любіць Бога, як кажа першая запаведзь, — значыць зрабіць выбар дзейнічаць з любоўю не толькі адно да аднаго, але і да нашай жывой планеты і жыцця, якое яна падтрымлівае.

Мы не можам сцвярджаць, што любім Бога, калі ставімся жорстка да нейкай часткі Божага стварэння. Езус таксама заклікае нас асабліва ўсведамляць патрабаванні любові ў адносінах да самых бедных сярод нас, маргіналізаваных, прыгнечаных, пазбаўленых голасу, бездапаможных і эксплуатаваных.

Відавочна, што любоў з’яўляецца адказам на кожнае пытанне, якое мы разглядалі падчас рэкалекцый. Любоў заклікае нас будаваць жыццё, цэнтрам якога ёсць Бог, а не ўласнае эга, засяроджанае на сабе. Менавіта Любоў запрашае нас выплыць на глыбокія воды і ісці за Езусам праз падзеі Яго зямнога служэння, наследуючы Яго ў сваім жыцці і каштоўнасцях.

Любоў знаходзіцца ў сэрцы выкліку распазнавання, якое падштурхоўвае нас рабіць выбар, адпаведны таму, што найлепшае ў нас. Любоў «змушае» нас адпусціць усё, што перашкаджае нашай душы рухацца далей, каб мы, ідучы з пустымі рукамі, маглі свабодна атрымаць усе ласкі, якія Бог няспынна прагне даваць.

Гэта Любоў заклікае і дае нам сілы, каб разам з Езусам здзейсніць на Вялікім тыдні падарожжа ў цемру і смерць, памятаючы, што ў нашым небяспечным свеце кожны тыдзень для кагосьці з’яўляецца Вялікім тыднем, асабліва для ўбогіх і церпячых.

І менавіта Любоў стаіць на беразе і паказвае нам, што скарб, якога мы прагнем, можа знаходзіцца там, дзе мы ніколі не думалі шукаць. Гэта любоў запрашае нас на супольнае снеданне, бо для чалавецтва і ўсяго стварэння світае новы пачатак.

Набліжаецца новае світанне. Мы можам убачыць першыя яго пробліскі, калі ідзем параненыя і спалоханыя, але разам з тым благаслаўлёныя і поўныя надзеі, да Таго, хто запрашае нас на пасілак.

Што за свет ляжыць за гэтай берагавой лініяй? Ці чакае нас «вяртанне да ранейшага нармальнага жыцця»? Ці дзеці нашых дзяцей азірнуцца назад па падручніках гісторыі і скажуць: «2021 год быў пачаткам новага іншага»?

Вопыт крызісу і пандэміі, які мы падзялілі як сусветная сям’я, патэнцыйна прывёў нас усіх да новага этапу эвалюцыі: у кірунку такіх адносінаў, якія больш поўна адлюстроўваюць любоў Бога. Што мы даведаліся з жорсткіх урокаў 2020 года? Святы Павел нагадвае нам (у 1 Кар 13,13) пра тры важныя рэчы: «Трываюць вера, надзея і любоў».

Ці ёсць у нас вера? Не проста вызнаванне веры, але і давер? Ці мы верым і давяраем, што дзякуючы Божай ласцы мы можам прайсці праз цемру да святла?

Ці ёсць у нас надзея? Я думаю, што так, нават калі часам адчуваем, што яна трымае нас на тонкай нітачцы.

«Але найбольшая з іх — любоў». Новы пачатак прапануе нам новы шанц, чысты аркуш. Мы можам вырашыць вярнуцца да нашых старых і пераважна эгаістычных шляхоў альбо дазволіць любові змяніць тое, як мы жывем разам на планеце Зямля, і адрадзіцца пасля страт і разбурэнняў, каб стаць лепшым пакаленнем дзяцей Божых. Адважымся ж прасіць аб ласцы выбраць любоў і нястомна задаваць сабе пытанне: «Аб чым любоў просіць мяне цяпер»?

  • Размова з Богам

У далейшым паспрабуйце выкарыстаць гэтае пытанне да любой сітуацыі,

у якой вы апынуліся: «Якую наступную справу рабіць з любоўю?» Простых адказаў няма. Часам любоў будзе прасіць нас умяшацца, каб, па магчымасці, супрацьстаяць несправядлівасці; часам падкажа адступіць і пакінуць іншага чалавека вольным, каб ён сам адкрыў для сябе ўласны шлях. Часам любоў будзе пяшчотнай, каб суцяшаць церпячых, а часам скажа цвёрдае «не» маніпуляцыям над сабой ці іншымі.

Любоў можа прыйсці лёгка, калі мы падтрымліваем сваіх блізкіх, аднак можа стаць і самай складанай задачай, якую толькі можам сабе ўявіць, калі мы пастараемся быць побач з тым, хто зрабіў балюча нам ці нашым блізкім.

Божая любоў няспынна выліваецца на ўсё стварэнне.

Якім чынам нашая любоў да Бога выяўляецца ў адпаведнай любові да нашай планеты і ўсіх яе формаў жыцця? Як мы можам выказаць гэтую любоў практычнымі спосабамі?

Прагледзьце свае нататкі, зробленыя падчас рэкалекцый.

Якія ласкі, на ваш погляд, вам былі дадзены на працягу гэтага малітоўнага шляху? Што змянілася ў жыцці, сэрцы і веры за час, які мінуў ад Папяльцовай серады? Як вы будзеце падтрымліваць гэты рост і практычна рэалізоўваць тое, што атрымалі ў малітве?

Дэкан спытаўся ў двух новых выпускнікоў, якія стаялі на сцэне падчас ўрачыстай цырымоніі выпуску: «Што вы збіраецеся рабіць далей?» Адзін абвясціў пра намер зрабіць сусветны прарыў у медыцыне. Другі адказаў: «Я збіраюся павярнуць налева і ісці вельмі асцярожна па гэтых трох прыступках». Кожны з іх зразумеў палову праўды.

Мы — Божыя пілігрымы, пакліканыя і ўпаўнаважаныя марыць пра вялікія, сапраўды вялікія рэчы дзеля большага дабра ўсяго стварэння і ажыццявіць іх на планеце Зямля. Але мы робім іх рэальнымі, уважліва прыглядаючыся да наступных трох крокаў, якія перад намі, да наступных трох размоў, узаемадзеянняў ці рашэнняў, пытаючыся ўвесь час:

«Што Любоў просіць мяне зрабіць далей?»

Няхай Бог, які прывёў нас да Вялікдня 2021 года, благаславіць і кіруе ўсімі нашымі крокамі, пачынаючы з гэтага дня і аж пакуль Валадарства Божае не народзіцца напоўніцу на зямлі, як і на небе. Амэн.

Дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандра Улас выказвае шчырую падзяку ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі матэрыялаў сёлетніх велікапосных анлайн-рэкалекцый і жадае ім шчодрых ласкаў ад Уваскрослага Хрыста.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця