Сёння мы публікуем трэцюю частку велікапосных анлайн-рэкалекцый «Праз цемру да святла». Разважанні падзелены на сем частак і публікуюцца па панядзелках для духоўных практыкаванняў на працягу тыдня.
Сёлетнія разважанні для анлайн-рэкалекцый на сайце Sacred Space («Прастора малітвы») падрыхтавала вядомая пісьменніца Маргарэт Сілф, якая піша аб ігнацыянскай духоўнасці.
Частка 3. Адплыві на глыбіню
- Уваход у малітву
Прысвяціце крыху часу, каб стаць нерухомымі, каб падрыхтавацца да чарговага этапу нашых рэкалекцый.
Прыгадайце любыя клопаты, якія вы насілі ў сабе апошнім часам… Калі выдыхаеце, падзяліцеся імі з Богам…
Вы, магчыма, нават зможаце адпусціць некаторыя з іх, аддаючы іх Богу, прынамсі на пэўны момант… Калі выдыхаеце, перадайце іх Богу…
Кожны раз, калі ўдыхаеце, разам з паветрам удыхайце і Божую любоў да вас… Няай яна напоўніць вашае цела… Зрабіце тры глыбокія ўдыхі…
- Божае слова
Аднойчы, калі натоўп ціснуўся да Езуса, каб слухаць слова Божае, Ён стаяў каля возера Генэзарэт. І ўбачыў два чаўны, якія стаялі на беразе возера, а рыбакі выйшлі з іх і паласкалі сеткі. Увайшоўшы ў адзін з чаўноў, які належаў Сымону, папрасіў яго крыху адплысці ад берага. Пасля сеў і вучыў людзей з чоўна. Калі скончыў гаварыць, сказаў Сымону:
«Адплыві на глыбіню, а вы закіньце сеткі вашыя для ўлову». Сымон сказаў Яму ў адказ: «Настаўнік, мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі, але на Тваё слова закіну сеткі». Зрабіўшы так, яны злавілі вялікае мноства рыбы, аж пачыналі рвацца іхнія сеткі.
<…>
Тады сказаў Езус Сымону: «Не бойся, адгэтуль будзеш лавіць людзей». А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
Лк 5, 1–6; 10–11
- Разважанне
Наступны этап нашага велікапоснага падарожжа, а насамрэч падарожжа даўжынёй у жыццё, можа быць выказаны ўсяго толькі ў двух словах: «Ідзіце за мной». Наш адказ на гэты заклік займае ўсё жыццё і падлягае штодзённаму абнаўленню.
Ініга суправаджае нас на гэтым шляху падчас другога «тыдня» (або другой стадыі) духоўных практыкаванняў і запрашае ісці за Езусам, каб як мага бліжэй, глыбей і больш асабіста увайсці ў Евангелле. Сённяшняе чытанне прапануе нам магутны і пераканаўчы «старт» на гэтым этапе падарожжа.
Насамрэч «старт» адбываецца менавіта тады, калі Езус сустракаецца з рыбакамі на беразе возера.
Спачатку Ён бачыць пустыя чаўны, а потым знаходзіць рыбакоў, якія робяць невялікі перапынак, каб прамыць свае сеткі.
Ці задумваліся вы калі-небудзь пра тое, як і дзе Езус можа вас знайсці? Магчыма, ваша духоўны човен таксама прышвартаваўся на беразе возера, калі вы (цалкам правамерна) займаецеся паўсядзённымі справамі. Аднак адбываецца нешта, што можа кардынальна ўсё змяніць.
Езус уваходзіць наўпрост у пусты човен Сымона. Вылучыце сабе час на разважанне аб тым, як бы гэта магло адбыцца, калі б Езус увайшоў непасрэдна ў човен вашага жыцця.
Акурат тады, калі вы думаеце, што ў вас усё пад кантролем, прыходзіць гэты чароўны, загадкавы незнаёмы і заходзіць проста ў човен.
Потым Ён пачынае распавядаць, дзе вам трэба быць з вашым чоўнам: спачатку на невялікай адлегласці ад берага (бо Яму так будзе зручней звяртацца да прысутнага натоўпу), а пасля гэтага просіць «адплысці на глыбіню і паспрабаваць злавіць рыбу». Здаецца, Ён не ведае, што вы ўсю ноч спрабавалі і не змаглі здабыць улоў.
Як думаеце, якая была б вашая рэакцыя на словы Езуса? Сымон пратэстуе, але, тым не менш, робіць тое, што просіць Езус.
Для нас таксама гучыць запрашэнне выплысці на глыбіню.
Кожны з нас пакліканы працягнуць свой унутраны шлях, выйсці за тыя межы, якія мы, магчыма, усталявалі для сябе. Наследаванне Хрыста ніколі не дазволіць нам бяспечна заставацца ў зоне камфорту.
Наследаванне — гэта заўсёды актыўны дзеяслоў. Яно заключаецца ў тым, каб вучыцца, рухацца і расці.
Для чалавечай сям’і ў цэлым запрашэнне заключаецца ў тым, каб расці па-за межы нашых цяперашніх абмежаванняў і рызыкаваць, каб прыняць як боль, так і абяцанне росту і пераўтварэння. Мудра сказана, што вы ніколі не адкрыеце новыя землі, калі не пакінеце гавань.
Мы не адкрыем тое «лепшае», да чаго імкнемся, калі не будзем рызыкаваць выплысці на больш глыбокія воды.
У фінале ўрыўка гучыць абяцанне Езуса, што з гэтага часу апосталы стануць лаўцамі людзей.
У памятным мне казанні, якое я аднойчы пачула, святар сказаў: «Езус запрасіў іх стаць лаўцамі людзей, таму што яны ўжо былі лаўцамі рыбы». Іншымі словамі, Божае пакліканне запрашае нас выкарыстаць тыя навыкі, таленты і досвед, якія мы ўжо маем. Потым той святар спытаў нас: «Што б сказаў Езус асабіста вам?»
Якія персанальныя дары і здольнасці вы закліканы прыўнесці ў гэтую вялікую прыгоду пераўтварэння?
- Размова з Богам
Магчыма, гісторыя паклікання рыбакоў не захапіла ваша ўяўленне, бо ў вас няма ніякай цікавасці да рыбнай лоўлі. Калі так, паспрабуйце адказаць на пытанне: «Як Езус запрашае мяне ісці за Ім?»
Якія ў вас ёсць таленты, інтарэсы і досвед, у якіх Ён мае патрэбу для Яго місіі? Магчыма, вы адчуваеце, што падчас свайго духоўнага падарожжа затрымаліся на беразе або на плыткай вадзе? Можа быць, у вас зашмат сетак для мыцця і не хапае часу на плаванне? Ці можаце вы ўявіць, як Езус уваходзіць у ваш «човен» і просіць зноў адплысці? Як бы вы адказалі Яму?
На гэтым тыдні можаце прыўнесці ў малітву запрашэнне «адплысці на глыбіню».
Які яно знаходзіць у вас водгук? Што канкрэтна азначае для вас «глыбіня» ў кантэксце ўнутранага падарожжа?
Асабліва ў святле нашага леташняга досведу, ці не можа быць так, што ўся чалавечая сям’я заклікана адплываць на больш глыбокія воды, калі мы імкнемся стаць больш паўнавартаснымі і сапраўды чалавечнымі? Што гэта можа азначаць? Які «ўлоў» мы маглі б знайсці на глыбіні?
Запішыце ў дзённіку ўсё, што асабліва ўразіла вас на гэтым тыдні, а таксама тое, як вы, магчыма, адчувалі, што Бог заклікаў вас адплыць на глыбіню. Паспрабуйце адлюстраваць свой адказ альбо праз словы, альбо праз малюнкі.
Разважаючы над многімі гранямі паклікання Езуса, давайце памолімся на гэтым тыдні пра ласку распазнання Яго закліку для кожнага з нас, для ўсіх нас, а таксама пра мужнасць ісці за Ім, куды б Ён ні пайшоў.
Працяг 15 сакавіка