17 лютага, у Папяльцовую сераду — першы дзень Вялікага посту, мы распачынаем анансаваныя велікапосныя анлайн-рэкалекцыі «Праз цемру да святла». Разважанні падзелены на сем частак і будуць з’яўляцца па панядзелках.
Сёлетнія разважанні для анлайн-рэкалекцый на сайце Sacred Space («Прастора малітвы») падрыхтавала вядомая пісьменніца Маргарэт Сілф, якая піша аб ігнацыянскай духоўнасці.
Уводзіны
Мы ўсе перажылі год, які цяжка параўнаць з якімсьці іншым годам на нашай памяці, але вось, у новым годзе, мы спадзяемся і марым пра новы пачатак, але таксама ўсё яшчэ захоўваем мноства страхаў і праблем мінулага года. Перыяд Вялікага Посту дае нам магчымасць у малітве задумацца над нашым нядаўнім досведам, над складанасцямі і магчымасцямі, якія ён нам адкрывае.
2020 год кінуў нам такі выклік (індывідуальны і калектыўны), які ніхто і ўявіць спачатку не мог. Ён паставіў перад намі дылему: ці мы хочам вярнуцца да стану рэчаў, «як было раней»; ці мы хочам увайсці ў новую рэчаіснасць лепшымі асобамі. Гэты год прымусіў нас задумацца пра тое, якімі людзьмі мы сапраўды хочам стаць і які свет мы спадзяемся перадаць будучым пакаленням.
У кожнага з нас ёсць свая асабістая роля ў вялікай гісторыі перамен.
«Перамяненне», як нам здаецца, не для нас, маленькіх людзей. Святыя і героі перамяняюцца, а не сціплыя пілігрымы на скалістай дарозе. Насамрэч усё наадварот. Перамяненне адбываецца па адным пілігрыме за раз, калі за адным балючым крокам ідзе іншы, не менш балючы, крок, а адбываецца ўсё гэта на скалістых дарогах жыцця. Евангелле дае нам адначасова і бачанне, і карту гэтага падарожжа.
Мы маглі б разглядаць досвед 2020 года як дастаткова цяжкую для альпінізму скалу, на якую нам давялося ўскараскацца, каб прайсці шлях з нівы нашага мінулага да нівы, на якой усе мы спадзяемся спачываць у будучыні. Калі мы адолеем гэтую скалу і станоўча адкажам на запрашэнне да перамянення, адкрыем, што гэты шлях вядзе нас, па-першае, праз новы пачатак, такі доўгачаканы ў наш час, а, па-другое, — праз абяцаную новую будучыню заўтрашняга дня. Урэшце, так мы адкрыем каталізатар для зменаў. У пачатку, як мы памятаем, Дух Божы ўзносіўся не над парадкам, а над хаосам, даючы пачатак новаму стварэнню.
Мы здзяйсняем гэтае падарожжа не толькі асабіста, але таксама ўсе разам — як адна чалавечая сям’я.
Тым не менш, я хачу прадставіць вам аднаго канкрэтнага пілігрыма, які будзе спадарожнічаць нам падчас гэтых велікапосных рэкалекцый. Магчыма, вы ўжо добра з ім знаёмыя, а, можа быць, ніколі пра яго не чулі. Не мае значэння, бо для яго гэта не надта важна.
Яго імя Ігнацый Лаёла, але падчас нашых духоўных практыкаванняў мы можам называць яго проста Ініга. Ініга ваяваў на палях бітваў за ўласнае перамяненне каля пяцісот гадоў таму, што натхніла яго на запіс сведчанняў свайго ўнутранага падарожжа з яго вялікімі дарамі і ласкамі, але таксама і з перыядамі адчаю і спакусаў. Тыя нататкі ляглі ў аснову яго «Духоўных практыкаванняў».
Пра што не заўсёды прынята згадваць, дык гэта пра тое, што Ініга быў свецкай асобай, калі фармуляваў сутнасць практыкаванняў, здзяйсняючы сваё лёсавызначальнае падарожжа, якое, у пэўнай ступені, змяніла свет.
Яго «Практыкаванні» сталі мапай для многіх мільёнаў духоўных шукальнікаў на працягу розных эпох. Што адметна, яны вельмі глыбока і індывідуальна рэзануюць з псіхалогіяй і духоўнасцю XXI стагоддзя.
Першае, што Ініга хацеў бы сказаць нам: «Не ідзі за мной. Ідзі за Тым, за кім я іду». Ігнаціянская духоўнасць цалкам арыентавана на Хрыста і Евангелле. Яна дае нам своеасаблівы духоўны інструментарый, які дапамагае нам здзяйсняць евангельскае падарожжа вельмі практычнымі і даступнымі спосабамі.
Мы будзем шырока выкарыстоўваць гэты набор прылад падчас нашых рэкалекцый. Ён адкрывае шлях разважанняў пра тое, дзе мы знаходзімся ў нашых адносінах з Богам, як мы можам пачаць яшчэ бліжэй ісці за Езусам, вучыцца ў Яго, імкнуцца да таго, каб наследаваць Яго каштоўнасці і мудрасць у сваім жыцці.
Падарожжа прывядзе нас, як і Яго ў тыя часы, у самыя цёмныя месцы Вялікага Тыдня, а потым за іх межы — да радасці новага Велікоднага світання на Пасху.
Урэшце нам давядзецца даць адказ на пытанне: «Аб чым Любоў цяпер просіць цябе, на гэтым месцы, у гэты час і ў гэтых абставінах, у якіх ты цяпер знаходзішся?».
Па меры таго, як вы будзеце дадаваць гэтыя пытанні ў малітву, Ініга будзе заклікаць вас да фарміравання штодзённага малітоўнага распарадку, які ў выніку будзе працаваць на Вас і ўключаць у сябе:
- Разважанні пра тое, чаго вы сёння просіце ў Бога: якога дару або ласкі вы асабліва шукаеце?
Езус аднойчы спытаўся ў сляпога чалавека: «Што хочаш, каб Я зрабіў табе?» (Лк 18, 41). Сляпы адказаў, што хоча зноў бачыць.
Падумайце пра тое, як бы вы адказалі на гэта пытанне. Магчыма, вы таксама шукаеце лепшага, больш чыстага, позірку на пэўныя аспекты вашага жыцця? - Кожны дзень (каля 10–15 хвілін) спыняйцеся на некаторы час, каб азірнуцца назад і ўбачыць, як прайшоў дзень.
Гэтую форму малітвы часта называюць «рахункам» або проста «праглядам дня». Ініга заклікаў сваіх сабратоў ніколі не пагарджаць ёю, нават калі ў іх не было часу на любую іншую форму малітвы.
Гэта не проста хуткае пракручванне падзей дня, але спроба адпачынку ў Боскай прысутнасці і прыгадвання таго, што больш за ўсё ўзрушыла вас, што было выклікам, і што цяпер турбуе, а што суцяшае. Дзе быў Бог у падзеях дня? За што вы больш за ўсё Яму ўдзячныя? Ці ёсць што-небудзь, што вы хацелі б зрабіць па-іншаму ці не рабіць увогуле?
Проста прынясіце гэта ўсё ў малітву, не асуджаючы сябе ці кагосьці яшчэ, і папрасіце святла Святога Духа, каб Ён паказаў вам усё, што Бог хацеў бы, каб вы ўбачылі.
Праводзячы час з тэкстам Святога Пісання, прапанаваным для кожнай часткі, выкарыстоўвайце любую форму малітвы, якая дапаможа вам: малітву слухання сэрца (lectio divina), спробу ўяўлення сябе прысутным у пэўнай сітуацыі (медытацыя з выкарыстаннем уяўлення) ці штосьці іншае, і адкрыйце сэрца для таго, што Бог хоча вам даць.
Падчас падарожжа вы таксама можаце знайсці карысным весці ўласныя запісы ў нататніку ці ў выглядзе дзённіка, адзначаючы, што асабліва запальвае сэрца і захоплівае ўвагу, якую ласку прынёс вам тыдзень, якія вы сустрэлі выклікі ці крыніцы натхнення. Гэта не павінна стаць літаратурным творам (насамрэч не павінна), але толькі запісам вашых уласных сумленных пачуццяў адносна таго, куды вядзе вас малітва. Некаторым людзям зручней рабіць гэта з дапамогай эскізаў і малюнкаў, а не словаў.
Гэта асноўны прынцып ігнацыянскай духоўнасці — выкарыстоўваць усё, што дапамагае наблізіцца да Бога, і адкінуць усё, што не дапамагае.
Няхай гэтыя тыдні Вялікага посту прывядуць нас усіх яшчэ бліжэй да Бога, адзін да аднаго і да ўсіх Божых стварэнняў, да глыбінных і святых крыніц нашай уласнай сутнасці.